Украіна скасавала забарону на ўезд замежнікаў
4- 13.06.2020, 20:30
- 25,156
Людзі, якія прыбылі з краін з «шырокім распаўсюджваннем COVID-19», будуць змешчаныя пад медыцынскае назіранне.
Украіна скасавала часовую забарону на ўезд для замежных грамадзян, якая была уведзеная ў сакавіку праз пандэмію каранавіруса. Гэтую пастанову прыняў урад краіны напярэдадні, паведамляе ўкраінская Дзяржаўная памежная служба ў суботу, 13 чэрвеня, піша dw.com.
Цяпер замежнікі і асобы без грамадзянства змогуць прыязджаць ва Украіну пры наяўнасці законных падстаў, устаноўленых законам "Аб памежным кантролі", і пры ўмове выканання санітарна-эпідэміялагічных нормаў.
Акрамя таго, згодна з пастановай, замежнікі, якія прыязджаюць, павінны мець пры сабе дзейны страхавы поліс, які кампенсуе выдаткі на лячэнне ва Украіне. Пры гэтым тыя, хто прыехаў з краін з «шырокім распаўсюджваннем захворвання каранавіруснай інфекцыяй» павінны быць змешчаныя пад абсервацыю (медыцынскае назіранне). Выключэнне будзе зроблена для грамадзян гэтых краін, якія ў апошнія 14 дзён не знаходзіліся на радзіме, а таксама яшчэ для групы асоб.
Абсервацыю не трэба будзе праходзіць работнікам дыппрадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў, супрацоўнікам міжнародных місій, акрэдытаваных ва Украіне арганізацый і іх семейнікам, а таксама кіроўцам і чальцам экіпажа грузавых транспартных сродкаў, паветраных і марскіх, рачных суднаў.
Краіны з шырокім распаўсюджваннем COVID-19
За дзяржавы з «шырокім распаўсюджваннем COVID-19» уважаюцца тыя, дзе колькасць актыўных выпадкаў захворвання складае больш за 40 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, тлумачыцца ў заяве. Адпаведны спіс Дзяржаўнай памежнай службе Украіны кожныя 3 дні будзе выдаваць Міністэрства аховы здароўя краіны.
Ва Украіне зафіксавана 30,5 тысяч заражэння вірусам, 880 пацыентаў памерлі. У апошнія дні ва Украіне фіксуецца рост новых выпадкаў захворвання COVID-19. Так, за ўчора зафіксаваны новы антырэкорд - 753 інфікаваныя.