27 красавiка 2024, Субота, 6:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні адбылася акцыя салідарнасці з палітвязнямі і пратэстоўцамі ў Беларусі

3
У Вільні адбылася акцыя салідарнасці з палітвязнямі і пратэстоўцамі ў Беларусі

У пікеце ўдзельнічалі літоўскія палітыкі.

Увечары 19 чэрвеня на плошчы В.Кудзіркі ў Вільні адбылася акцыя салідарнасці з усімі беларусам, якія цяпер несправядліва асуджаныя і адбываюць тэрмін у месцах зняволення. Удзельнікі акцыі выйшлі на плошчу, каб асудзіць дзеянні цяперашніх уладаў, паведамляе карэспандэнт Charter97.org у Вільні.

Удзельнікі акцыі прынеслі плакаты з выявамі мема трохпрацэнтнага Сашы і тапак, што расціскае прусака. Людзі трымалі ў руках фота і імёны палітычных зняволеных - Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Андрэя Новікава, Паўла Севярынца і іншых.

Арганізатар акцыі Павел Марыніч сказаў, што рэвалюцыя ў Беларусі ўжо пачалася. «Беларускі народ - гаспадар у сваёй краіне. Гэта наша права - выбіраць сабе лідара і бараніць сваё права выбару. Сёння мы бачым, як сыходзіць страх. Як, нягледзячы на прамыя пагрозы Лукашэнкі страляць у свой народ, людзі ўсё роўна выходзяць на вуліцы гарадоў, каб выказаць салідарнасць са сваімі лідарамі і сказаць «не» калгаснаму дыктатару», - адзначыў Марыніч.

«Беларусам, якія жывуць у Вільні, важна выказаць сваю салідарнасць і падтрымку ўсім палітычным зняволеным, а таксама людзям, якія цяпер мітынгуюць супраць іх зняволення. Мы спрабуем рабіць больш бачным на міжнароднай арэне тое, што адбываецца ў Беларусі. 19 чэрвеня - гэта дзень падачы ўсіх подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Тое, што людзі выходзяць на вуліцы ў Беларусі - вельмі добры знак. Людзі не баяцца, выходзяць, падтрымліваюць. Людзі выходзяць з палітычнага ценю - відавочна, што ў грамадстве ёсць зрухі», - сказала адна з арганізатараў акцыі Вікторыя Андруковіч.

На пікет прыйшлі таксама літоўскія палітыкі - дэпутаты Сойма Літвы Эмануэліс Зінгерыс і Аушрыне Армонайтэ, і дэпутат Еўрапарламента і спецдакладчык па Беларусі Пятрас Ауштравічус.

«Мы думаем, што беларусы - еўрапейцы, і яны сапраўды маюць права на «квіток у Еўропу». Лукашэнка павінен адказаць за забойствы і рэпрэсіі, якія ён учыніў супраць сваіх палітычных апанентаў. Лукашэнка - не гарант беларускай незалежнасці. Беларускія дэмакраты захоўваюць незалежнасць Беларусі. Тыя, хто паважае іншых людзей і іх думкі - тыя захоўваюць незалежнасць краіны. Мы ў Еўропе зробім усё, каб у Беларусі прайшлі незалежныя і адкрытыя выбары», - сказаў дэпутат Сойма Літвы Эмануэліс Зінгерыс.

Еўрадэпутат Пятрас Ауштравічус адзначыў, што дыялогу з дыктатарам быць не можа. «Лукашэнка не мае Канстытуцыйных і палітычных правоў казаць ад імя беларусаў. Толькі дэмакратыя можа стварыць сапраўды адкрытыя і свабодныя эканамічныя стасункі. Будзьце ўпэўненыя, што я пішу рапарт і я скажу шмат нязручнай праўды ў Еўрапарламенце», - сказаў Ауштравічус.

Дэпутатка Сойма Літвы Аушрыне Армонайтэ выказала надзею, што неўзабаве ўбачыць свабодную Беларусь і пажадала сілы беларусам.

На мітынгу выступіў прадстаўнік штаба Віктара Бабарыкі Іван Рак. «Вельмі балюча назіраць з еўрапейскай Вільні, што адбываецца за 200 км ад сталіцы Літвы - якое цемрашальства. Людзі Беларусі сёння даюць зразумець: годзе здзекавацца з волевыяўлення народа! Сёння краіна паказвае - Лукашэнка, мы не хочам цябе больш! Як кажа Віктар Бабарыка: прэзідэнт - гэта мэнаджар, якога нанялі падаткаплацельшчыкі. Мы больш не жадаем, каб ён кіраваў нашай краінай. Лукашэнка і ягоны ўрад выракаюць Беларусь на жабрацкае існаванне - шлях Беларусі да свабоды ляжыць праз зараблянне грошай сваёй працай, а не праз просьбы датацый Расеі», - заявіў Рак.

Напрыканцы акцыі ўдзельнікі ўзяліся за рукі, стварыўшы жывы ланцуг па аналогіі з сусветна вядомай акцыяй «Балтыйскі шлях», калі жыхары краін Балтыі сталі ў жывы ланцуг ад Вільні да Таліна за аднаўленне незалежнасці балтыйскіх краін.

Пасля акцыі літоўскія палітыкі падпісалі партрэты беларускіх палітычных зняволеных - у знак падтрымкі і салідарнасці.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках