У Беларусі стварылі катлету, максімальна набліжаную да рыбы
3- 23.10.2026, 21:17
Стварэннем катлеты займаліся навукоўцы з Акадэміі навук.
Беларускія навукоўцы распрацавалі мяса-раслінную катлету, якая па харчовай каштоўнасці максімальна набліжаная да рыбы, але не мае ўласцівых рыбе паху і кансістэнцыі. Навінку плануюць выкарыстоўваць у тым ліку ў школьным харчаванні.
Распрацоўкай займаюцца спецыялісты НПЦ НАН Беларусі па харчаванні. Паводле слоў вядучай навуковай супрацоўніцы цэнтра Ганны Журні, прадукт стваралі як нутрыентны аналаг рыбнай прадукцыі.
«Прадукт распрацаваны як нутрыентны аналаг рыбнай прадукцыі, які па харчовай каштоўнасці, змесце бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, па амінакіслотным і мінеральным складзе максімальна набліжаны да рыбы», — распавяла яна парталу «Здаровыя людзі».
Пры распрацоўцы навукоўцы не імкнуліся ўзнавіць склад нейкага аднаго віду рыбы. Яны вывучылі хімічны склад розных марскіх і рачных відаў і разлічылі сярэднія паказчыкі, на якія потым арыентаваліся пры стварэнні катлеты.
Адна з асноўных задач — узнавіць уласцівы рыбе тлустнакіслотны профіль і адначасова дасягнуць звыклага смаку, тэкстуры і водару мяснога прадукту.
Паводле даных распрацоўшчыкаў, даследаванні паказалі супастаўную з рыбай пераварлівасць прадукту. Папярэднія дэгустацыі з удзелам людзей рознага ўзросту таксама ўжо адбыліся.
Зараз распрацоўка знаходзіцца на фінальнай стадыі. Даследаванні ў лабараторыі Рэспубліканскага кантрольна-выпрабавальнага комплексу па якасці і бяспецы харчовых прадуктаў працягваюцца больш за два гады.
Навукоўцы разлічваюць, што ў найбліжэйшай будучыні такія катлеты змогуць з'явіцца ў асартыменце прадуктаў для школьнага харчавання. У далейшым разглядаецца і выпуск паўфабрыкату для больш шырокай аўдыторыі.