8 траўня 2024, Серада, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Набліжаецца фатальны для ўлады момант

31
Генадзь Фядыніч: Набліжаецца фатальны для ўлады момант
ФОТА: svaboda.org

«Накрыўку катла» на дзяржаўных прадпрыемствах можа сарваць у кожны момант.

У гэтыя дні беларусы ва ўсім свеце паказваюць сваю здольнасць арганізоўвацца і змагацца за перамены. Акцыі салідарнасці прайшлі ў Парыжы, Варшаве, Сан-Францыска, Чыкага, Брэмене, Бостане, Нью-Ёрку, Тбілісі, Кіеве і іншых гарадах планеты. У той жа час у самой Беларусі людзі кожны дзень выказваюць салідарнасць са сваімі героямі.

Пра новую сітуацыі ў нашай краіне сайт Charter97.org пагаварыў з лідарам незалежнага прафзвязу РЭП Генадзем Фядынічам.

- Што вас найбольш уразіла з таго, што адбываецца ў апошнія дні?

- Мяне больш за ўсё ўразіла незвычайная салідарнасць грамадзян Беларусі. Калі казаць пра Менск, то можна падаць прыклады дастаўкі вады ці натхняльныя сігналы аўтамабіляў з песняй Віктара Цоя «Перемен!». Самае галоўнае дасягненне і адкрыццё апошніх дзён - гэта нашы людзі, якіх ніхто не арганізоўваў і якія праявілі проста фантастычны патэнцыял да салідарнасці. Гэтыя людзі не пабаяліся выйсці на вуліцы - і яшчэ не раз, у патрэбныя моманты, не збаяцца выйсці і змагацца за свае правы.

Я ведаю не на словах, што такое міжнародная салідарнасць. У свой час яна выдатна падтрымала наш прафзвяз РЭП. Прыемна бачыць, што цяпер яна робіць цуды са свядомасцю беларусаў - і ў краіне, і за мяжой.

Тое, што беларусы і іх калегі ва ўсім свеце сталі на абарону тых, хто сёння незаконна арыштаваны і сядзіць у турме, а таксама ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі - гэта вельмі важна.

Такога яшчэ ніколі не было: гэтыя бясконцыя акцыі салідарнасці сталі адзінай жывой хваляй, якая падымаецца па ўсім свеце. Калі шчыра, то проста дух захоплівае. Але самае галоўнае ў салідарнасці - тое, каб яна была не аднаразовай, а ішла і нарастала. Тады, як той казаў, «мур рухне» і будзе поспех.

Цяпер мы знаходзімся вельмі блізка ад чагосьці незвычайнага, чаго яшчэ не было ў нашай гісторыі. Але каб яно адбылося, трэба прытрымлівацца простага і адначасова важнага прынцыпу: і беларусам у Беларусі, і беларусам за мяжой трэба працягваць выходзіць на акцыі салідарнасці. Старацца выходзіць з кожным разам усё больш масава і ўцягваць у гэта ўсіх сваіх знаёмых. Трэба нарошчваць хвалю - тады мы ўбачым яе вынік.

- Днямі адзін з працаўнікоў БелАЗа выказаўся пра настроі ў калектыве: «Саша, будзеш конікі выкідваць - выйдуць мужыкі з гаечнымі ключамі». Наколькі небяспечна цяпер для ўлады злаваць працоўных?

- Улада Лукашэнкі зрабіла ўсё, што магла, каб ператварыць рабочых у свайго самога грознага супраціўніка. Кантрактная сістэма, паляванне на «дармаедаў», пасткі пенсійнай «рэформы» - усё гэта стала «неацэнным падарункам» для працоўнага чалавека. Што ж, працоўныя віннымі не застануцца. Працоўная краіна будзе гэта памятаць, а пры першай жа магчымасці - узгадае і ў адказ.

Пытанне сёння ўжо нават не ў тым, што за $300-400 працоўнаму трэба жыліцца ўвесь час. Людзі разумеюць, што сёння наймальнік не можа і сам зарабіць, і даць ім тое, чаго яны хочуць. Сітуацыя на прадпрыемствах - гэта абсалютная параза для Лукашэнкі. Таму што практычна кожны наёмны працаўнік разумее: прыйшоў час мяняць усю сістэму. Людзі сёння ведаюць, што іх дабрабыт залежыць не ад наймальніка, а ад поўнай змены верхняга эшалона ўлады.

Усялякая ўлада (і рэжым Лукашэнкі тут не выключэнне) больш за ўсё баіцца арганізаванага выступу працоўных. І вось гэты страх матэрыялізуецца: у працоўным асяроддзі адбыліся якасныя змены. Калі не сёння, то ўжо заўтра на вуліцы могуць выйсці людзі, якім абсалютна няма чаго страчваць. І гэты «страшны сон» уладаў ужо пачынае спраўджвацца.

Раней улады супакойвалі сябе словамі: многія баяцца страціць працу, хтосьці закрэдытаваны, хтосьці ў пазыках, хтосьці за навучанне дзіцяці плаціць. Усё, баста: гэта цяпер сыходзіць на другі план.

Людзі нарэшце ўсвядомілі, што далей будзе толькі горш, што адзінае выратаванне для іх - змяніць сітуацыю тут і цяпер. Словы супакаення на людзей больш не дзейнічаюць, для ўлады няўмольна набліжаецца фатальны момант.

- Яны, напэўна, не будуць проста так сядзець і чакаць натоўпаў працоўных на вуліцах...

- А што яны могуць зрабіць? Так, улады замітусіліся. Сёння праводзяцца фэйкавыя «сустрэчы працоўных калектываў», на якіх выліваюцца плыні хлусні. У «поле» адправілі афіцыйную Федэрацыю прафсаюзаў, якая «залатым пагонам» сядзіць на адным з плечукоў Лукашэнкі. Позна спахапіліся! Рабочыя акурат ненавідзяць найперш гэтых «функцыянераў», якія нічога не робяць, але самы «танны» з якіх атрымлівае ў 3-4 разы больш за працоўнага чалавека.

Незадаволенасць уладай пануе ў працоўных калектывах. Калі я гэта кажу, не трэба адразу ўяўляць толькі класічных працоўных - у камбінезонах, з вялізнымі гаечнымі ключамі.

Гаворка ідзе пра ўсіх наёмных працаўнікоў у краіне: нават у праграмістаў спее бунт супраць гэтай улады. Яны выдатна разумеюць, хто, дзе і колькі зарабляе ў свеце за такую працу, як у іх.

А што сёння тая частка працоўнай моладзі, якая раней была апалітычнай, выйшла на першыя рубяжы і стала апазіцыяй - гэта і ёсць самае страшнае для ўлады Лукашэнкі.

- Ці могуць працоўныя буйных прадпрыемстваў і канцэрнаў - тых жа МТЗ, МАЗа, «Беларуськалія» - стаць лакаматывам пратэстаў у Беларусі? Што вам вядома пра настроі на буйных дзяржпрадпрыемствах?

- Усе сёння будзе трымацца на нефармальных лідарах, якія ёсць у кожным працоўным калектыве, у тым ліку і на тых прадпрыемствах, якія вы згадалі.

Нам, у прафзвяз РЭП, ідуць званкі, у тым ліку ад работнікаў МАЗа, МЗКЦ, у якіх яны шчыра кажуць, што ім усё надакучыла - і найперш гэтая ўлада на чале з тым, каго яны ўжо не хочуць больш бачыць.

Гэта - заканамерны адказ на тое, што Лукашэнка даўно ўжо не бачыць у працоўных - людзей, яму першапачаткова былі патрэбныя проста рабы на сваіх працоўных месцах. Апошнім часам на буйных дзяржаўных прадпрыемствах ўстанаівлася сапраўднае беззаконне: за працоўныя дачыненні ў іх «ніхто не адказвае», ніхто не хоча касаваць кантрактную сістэму. Працоўныя дзяржаўных канцэрнаў у кожную часіну могуць быць звольненыя, сёння ў іх няма ніякай абароны. А хто гэта зрабіў? Няўжо апазіцыйныя партыі? Не, гэта зрабіў Лукашэнка.

І «накрыўку катла» на дзяржпрадпрыемствах можа сарваць у кожны момант. Сіла працоўных калектываў у тым, што яны сапраўды могуць стаць лакаматывам глабальнага страйку. Вы толькі ўявіце, што будзе, калі гэтыя гіганты ў адзін момант спыняцца!

Але кожны пратэст, у тым ліку і страйк, трэба рыхтаваць. Вядома, ён можа пачацца спантанна, і гэта ўжо не раз бывала, але патрэбны вынік можа даць толькі падрыхтаваны выступ. Страйк, як і ўсялякая акцыя, патрабуе каардынацыі дзеянняў: сувязі паміж тымі прадпрыемствамі, дзе сёння спее незадаволенасць працоўных, выразныя веды іх меркавання, аб'ектыўнай ацэнкі гатоўнасці людзей. Палітычныя лідары павінна ясна сфармуляваць 1-2 патрабаванні - не болей.

Спадзяюся, у лідараў народных пратэстаў атрымаецца ўсё гэта зрабіць, і я думаю, што гэта стане яшчэ адным чыннікам для масавага выхаду людзей на вуліцу і выказвання сваёй незадаволенасці ў патрэбны момант.

- Якія патрабаванні цяпер найбольш адпавядаюць запытам простых людзей? Што трэба будзе змяніць у краіне найперш пасля змены ўлады?

- Пасля змены ўлады трэба будзе ўвесці вяршэнства закона, а не якіх-небудзь дэкрэтаў і указаў. Усё гэта павінна быць скасавана.

Кожны закон, які тычыцца працоўных, павінен быць спачатку абмеркаваны ў працоўных калектывах і прыняты толькі з улікам іх заўваг. Толькі так павінна быць.

Таксама я б даў людзям поўную магчымасць выходзіць з афіцыйных прафзвязаў і ствараць ўласныя прафзвязы для абароны сваёй працы. Больш за тое, я б скасаваў дэкрэт аб кантрактах і ўсе «пенсійныя рэформы» Лукашэнкі. Я б вярнуў у працоўны стаж і вучобу на дзённым ў ВНУ, і выхаванне дзяцей, і догляд людзей з інваліднасцю, і службу ў войску - так павінна быць.

Далей, трэба неадкладна скасаваць паскудны дэкрэт аб «дармаедстве». Таксама неабходна перагледзець мінімальны спажывецкі бюджэт і ўстанавіць мінімальны заробак, зыходзячы з тарыфу першага разраду на ўзроўні мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Я б скасаваў усе льготы для пенсій «дэпутацкаму» корпусу ўсялякага ўзроўню. Яны павінны атрымліваць пенсіі згодна з ранейшым месцам працы, хай бы і з улікам таго заробку, які атрымліваюць «дэпутаты», але на падставе агульнага стажу, а не чатырох гадоў націскання кнопак.

Але адно з галоўных патрабаванняў людзей, якое трэба рабіць адразу - гэта павелічэнне пенсій. Бо гэта проста ганьба - атрымліваць 370-400 рублёў. Пенсіянеры не жывуць, а выжываюць. Яны ўсё жыццё аддалі краіне, сваім прадпрыемствам, каб атрымліваць гэтыя шэлегі.

Неабходна падняць статус настаўнікаў, бо сёння, за ўладай Лукашэнкі, іх аніяк не паважаюць. Я б адразу ж спыніў гвалтоўнае размеркаванне з двума гадамі адпрацоўкі. Людзі павінны самі шукаць сабе працоўнае месца, а не ехаць кудысьці на загад. Гэта дазволіць ім больш адкрыта і больш сумленна працаваць на ўсіх прадпрыемствах, незалежна ад формы ўласнасці.

Самае галоўнае - трэба ператвараць нашы дзяржаўныя прадпрыемствы. Сыходзіць ад шалёнай дзелі 99,9% дзяржаве. Трэба даць магчымасці інвестарам з гарантыяй, што ніхто не асмеліцца забраць іх уласнасць і экспрапрыяваць укладзеныя імі грошы. У нас у краіне - выдатны працоўны клас. У нас працаздольныя людзі, якія гатовыя працаваць і зарабляць. Давайце цяпер зробім усё, каб адбыліся перамены, і ў іх з'явіліся гэтыя магчымасці.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках