26 красавiка 2024, Пятніца, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўднёвакарэйскія СМІ апублікавалі тэкст перадсмяротнай нататкі мэра Сеула

3
Паўднёвакарэйскія СМІ апублікавалі тэкст перадсмяротнай нататкі мэра Сеула
ПАК ВОН СУН
ФОТА: YONHAP NEWS

Цела загінулага палітыка знайшлі ў сталічным парку.

Загінулы 9 ліпеня мэр Сеула Пак Вунь Сун у сваёй перадсмяротнай цыдулцы папрасіў прабачэння у грамадзян і сям'і і наказаў крэмаваць ягонае цела. Тэкст нататкі падае агенцтва Yonhap, піша «РБК».

«Прабачце мне ўсе. Дзякую ўсім, хто быў побач у маім жыцці. Я прашу прабачэння ў маёй сям'і, якой я прынёс толькі боль. Калі ласка, крэмуйце маё цела і развейце прах над магілай маіх бацькоў», - абвяшчае пасланне.

Аб знікненні мэра Сеула 9 ліпеня паведаміла ягоная дачка. Яна заявіла паліцыянтам, што не можа звязацца з бацькам на працягу пяці гадзін, і расказала пра пакінутую ім нататку, падобную да тастаменту. У гарадскім урадзе паведамілі, што палітык не з'явіўся ў гэты дзень на працу праз дрэннае самаадчуванне і скасаваў усе запланаваныя справы. Праваахоўныя органы прааналізавалі запісы камер назірання і выявілі, што кіраўнік горада пакінуў сваю рэзідэнцыю ў цэнтральным Сеуле а 10:44 і праз 15 хвілін прыбыў у парк Пугаксан у цэнтры сталіцы Паўднёвай Карэі.

Паліцыя арганізавала пошукавую аперацыю з удзелам сотняў паліцыянтаў, сабак і дронаў. Яна доўжылася каля сямі гадзін, цела 64-гадовага мэра без прыкмет гвалтоўнай смерці ўдалося знайсці толькі апоўначы. Побач з целам знайшлі торбу, бутэльку з вадой, мабільнік, канцылярскія тавары, ягоную картку мэра.

Цела Пак Вунь Сун даставілі ў морг шпіталя сеўльскага нацыянальнага ўніверсітэта, яго прыхільнікі чакалі каля лякарні, некаторыя плакалі і крычалі: «Уставай, Пак Вунь Сун», «Мы любім цябе, Пак Вунь Сун» і «Прабач нам, Пак Вунь Сун».

Мэр Сеула знік неўзабаве пасля абвінавачванняў у сэксуальных дамаганнях з боку сакратаркі мэра, якія прагучалі напярэдадні. Паводле ейных слоў, яны пачаліся з моманту яе выхаду на працу ў мэрыю ў 2017 годзе. Пак Вунь Сун нібыта адпраўляў падначаленай свае інтымныя фатаграфіі, а таксама дамагаўся яе фізічна.

Чалец кіроўнай Дэмакратычнай партыі Пак Вунь Сун займаў пасаду мэра Сеула з 2011 года і лічыўся патэнцыйным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2022 года.

Да прыходу на пасаду мэра Пак Вунь Сун быў вядомым у Паўднёвай Карэі адвакатам, у гэтым статусе ён перамог у першай у гісторыі рэспублікі справе аб сэксуальных дамаганнях. Ён займаўся барацьбой за грамадзянскія правы, а таксама дамагаўся кампенсацый для жанчын, якіх у перыяд японскай акупацыі прымушалі працаваць у вайсковых бардэлях.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках