26 красавiка 2024, Пятніца, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі дзіця знайшлі, яго калаціла»

4
«Калі дзіця знайшлі, яго калаціла»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

У Маладзечанскім раёне дзіця каталася на ровары і знікла.

У суботу ўначы ў пошукава-выратавальны атрад «Анёл» паступіла паведамленне, што ў садовым таварыстве ў Маладзечанскім раёне знік 11-гадовы Данііл. Калі дзіця знайшлі, ён прызнаўся: яму не дазволілі пагуляць з тэлефонам і ён наважыў паехаць на ровары дахаты ў Менск, піша tut.by.

За апошнія дні валанцёры «Анёла» тройчы атрымлівалі трывожныя паведамленні пра згубу дзяцей. Апошняе паступіла ўчора прыкладна а 23.20. 11-гадовы Данііл разам з бацькамі адпачываў на лецішчы. Прыкладна а 21.00 дзіця паехала катацца на ровары і знікла.

- На месца выехала блізу 20 валанцёраў з Менска і Маладзечна, разам з намі дзіця шукалі міліцыя і выратавальнікі, - уводзіць у курс справы Сяргей Коўган, камандзір пошукава-выратавальнага атрада «Анёл». - Бацькі адразу папярэдзілі: ніякіх канфліктаў з сынам у іх не было. Спецыялісты сталі даследаваць тэрыторыю побач з населеным пунктам. Мы разумелі: з дзіцем магло здарыцца што заўгодна. Але, на шчасце, усё абышлося.

Прыкладна за восем кіламетраў ад лецішча на прыпынку грамадскага транспарту валанцёры ўбачылі ровар Данііла. Ратавальнікі пошукавага атрада паехалі ўздоўж дарогі і на адным з прыпынкаў заўважылі чалавека, які спаў. Аказалася, гэта Данііл.

- А 2.13 ночы яго знайшлі. Ад лецішча ён адышоў на 15 кіламетраў, - спыняецца на дэталях Сяргей Коўган. - Калі яго спыталі, чаму ён пакінуў ровар на іншым прыпынку, ён патлумачыў: у цемры ездзіць на веласіпедзе нельга, таму ён яго паставіў і пайшоў уздоўж дарогі пешшу.

Ноч з суботы на нядзелю выдалася халоднай, таму Данііл замерз.

- Калі яго пасадзілі ў машыну, яго калаціла, - апісвае сітуацыю суразмоўца. - Хлопчыка адвезлі бацькам. Ён сябе добра адчуваў, звяртацца да лекараў не давялося. Пазней Данііл прызнаўся: ён пакрыўдзіўся, што яму не дазволілі пагуляць на тэлефоне, і сышоў з лецішча дадому ў Менск.

Да выпадку з хлопчыкам на лецішчы ў тым жа Маладзечанскім раёне знікла 6-гадовая дзяўчынка.

- Яна выйшла з двара за брамку - і прапала, - працягвае камандзір пошукава-выратавальнага атрада. - На шчасце, яе заўважылі суседзі і адвялі да бацькоў. Наша дапамога ім у выніку не спатрэбілася.

Яшчэ адно надзвычайнае здарэнне з дзіцем здарылася ў Стаўбцоўскім раёне. Са слоў Сяргея Коўгана, удзень 11-гадовы хлопчык пайшоў з мамай і татам у лес збіраць грыбы і ягады.

- Пачалася непагадзь, гром - і так здарылася, што дзіця і бацькі згубіліся, мама з татам выйшлі на дарогу, а сын не, - вяртаецца да той сітуацыі суразмоўца. - Нашы спецыялісты ўжо выехалі на месца, але па дарозе іх развярнулі. Хлапчук дайшоў да найбліжэйшай вёскі, і ў першым жа двары папрасіў патэлефанаваць родным. Адчуваў ён сябе добра, дапамога лекараў яму не спатрэбілася.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках