26 красавiка 2024, Пятніца, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр былы брамнік берасцейскага «Дынама» Уладзімір Паўлючык

Памёр былы брамнік берасцейскага «Дынама» Уладзімір Паўлючык

Экс-брамнік «згарэў» за некалькі дзён у каранавірусным аддзяленні лякарні.

Журналіст Васіль Сарычаў паведаміў пра смерць брамніка берасцейскага «Дынама» другой паловы 80-х гадоў Уладзіміра Паўлючыка.

«Памёр Уладзімір Паўлючык, брамнік берасцейскага «Дынама» другой паловы 80-х. Ягоны напарнік па браме, Алег Сыраквашка, сышоў чатыры гады таму амаль дзень у дзень, таксама ў ліпені, - і вось Валодзя...

У яго былі выдатныя характарыстыкі - рост далёка за метр восемдзесят, даўжэзныя рукі, пачуццё пазіцыі. Самаадданасць. Адказнасць.

Аднаго не было адмерана - спартовага характару. Ён не быў перлам.

Юнаком яго выклікалі ў нацыянальную каманду рэспублікі, настаўнік Генадзь Абрамовіч дзівіўся інтуіцыі брамніка: усё ляціць у яго. Яшчэ б крыху злосці!

У дарослай камандзе месца першага брамніка было занятае, затое на месца другога Паўлючык падыходзіў ідэальна: спакойны, лагодны, надзейны. Гэта потым перашкаджала: ужо адслужыўшы войска і ўвайшоўшы ў пару сталасці, ён мог месяцамі сядзець у запасе і страхаваў, не біўся ўсімі спосабамі, выходзіў калі трэба, выратоўваў і зноў сядаў.

У гульнявой манеры быў не з кідкіх, мала падаў, але стаяў надзейна. Прапускаў, якія ўзяць было немагчыма, але ўсё што павінен быў - адбіваў. А ляцела часцей у яго, выбар пазіцыі заставаўся козырам - школа брамнікаў Ніканорава, Рудакова, Гонтара.

Яму пашчасціла гуляць у вясёлым «Дынама» часоў Румбуціса, але тады ж падсцерагла бяда. На трэніроўцы зламаў дзве галёначныя косткі, нага склалася напалову. А справа ішла да трыццаці, нібыта трэба заканчваць, але ён аднавіўся, без футбола не мог. І яшчэ пагуляў у «Дынама», а пасля гадоў пяць пыліў «на паніжэнні» - у польскім Ольштыне і «Брэстбытхіме».

Футбольнае мінулае дагоніць праз гады - абодва галёнкаступнёвыя суставы давялося намёртва змацаваць на шрубы. Навучыўся жыць з гэтым, прадаўжаў выкладаць фізкультуру ва ўніверсітэце. Быў добрым, душэўным выкладчыкам. Працаваў бы яшчэ і працаваў - калі б не бяда. Згарэў за некалькі дзён у каранавірусным аддзяленні лякарні», - напісаў Сарычаў у сваім Facebook.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках