26 красавiка 2024, Пятніца, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы здымаюць банкаўскія ўклады

17
Беларусы здымаюць банкаўскія ўклады

Як гэта звязана са справай «Белгазпрамбанка»?

5 мільярдаў 32 мільёны рублёў – такая сума ляжыць на дэпазітах фізічных асобаў у банках Беларусі. У параўнанні з пачатку красавіка сума паменшылася на 71 мільён рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

З красавіка да траўня дэпазіты фізічных асобаў у рублях зменшыліся на 80 мільёнаў рублёў, гэта вынікае з статыстыкі Нацбанка. У чэрвені дэпазіты выраслі на 14 мільёнаў, а ў ліпені зноў знізіліся на 5 мільёнаў. Пры гэтым да сакавіка рублёвыя дэпазіты фізічных асобаў раслі цягам 17 месяцаў. Дэпазіты фізічных асобаў у замежнай валюце памяншаюцца яшчэ хутчэй: мінус 297 мільёнаў з красавіка да ліпеня.

Гэта значыць, беларусы пачалі здымаць свае банкаўскія ўклады.

Чаму беларусы здымаюць уклады

Зняцце ўкладаў старшы фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб звязвае перш за ўсё са скокам рубля ў сакавіку. Тады даляр пачаў каштаваць 2,65 рубля, але пасля апусціўся да 2,4 рубля.

«Гэтая тэндэнцыя з’явілася ў сакавіку, калі пачалася пандэмія, крызіс у свеце, з'явіліся панічныя настроі на валютным рынку. Тады ж пачалося чаканне крызісу ў эканоміцы, таму фундатары сталі забіраць свае ўклады», – кажа Вадзім Іосуб.

Але далей на ўклады паўплывала крымінальная справа супраць «Белгазпрамбанка», калі яго кіраўнікоў арыштавалі, а ў прыватны банк дзяржава прызначыла сваю адміністрацыю.

«Гэтая сітуацыя ўскладнілася сітуацыяй з “Белгазпрамбанкам”. Перш за ўсё ўклады пачалі забіраць з гэтага банка, але людзі паглядзелі на праблемы з карткамі, на праблемы з дэпазітарныя ячэйкамі, і ў іх пагоршылася стаўленне да гэтай сістэмы, таму гэта адбілася на ўсёй банкаўскай сістэме», – падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Сродкі кліентаў у «Белгазпрамбанку» толькі за другі квартал гэтага года скараціліся на 1 мільярд рублёў. Аператыўна атрымаць каментар пра адток укладаў у «Белгазпрамбанку» не атрымалася.

Чым пагражае зняцце ўкладаў

Зняцце ўкладаў грамадзянамі можа прывесці да крызісу банкаўскай сістэмы. Але паступовае зняцце, як адбываецца цяпер, да гэтага не прывядзе, мяркуе Вадзім Іосуб.

«Паступовае скарачэнне ўкладаў нічым не пагражае. Для банкаўскай сістэмы страшны набег укладчыкаў. Калі ў адзін момант 20% укладчыкаў надумаюць забраць свае грошы. Але ў банка ёсць грошы фізічных асобаў і грошы юрыдычных асобаў. Жаданне атрымаць 20% ад гэтай сумы – гэта крах любога банка. Пакуль скарачэнне не прыняло пагражальных маштабаў. Скарачэнне ўкладаў азначае меншую магчымасць банкаў крэдытаваць эканоміку. Калі адток укладаў будзе павольны – гэта не пагроза для банка і для эканомікі», – кажа Вадзім Іосуб.

У Нацбанку ж адток дэпазітаў у першым квартале гэтага года звязваюць з «ростам дэвальвацыйных і інфляцыйных чаканняў».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках