19 красавiка 2024, Пятніца, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША стварылі шматразовую маску з сілікону, якая эфектыўна затрымлівае вірусы

У ЗША стварылі шматразовую маску з сілікону, якая эфектыўна затрымлівае вірусы

Яе распрацавалі ў Масачусэцкім тэхналагічным інстытуце.

У Масачусэцкім тэхналагічным інстытуце (MIT) стварылі новы від маскі для твару, які, як сцвярджаюць распрацоўнікі, можа затрымліваць вірусы гэтак сама эфектыўна, як рэспіратары N95. Пры гэтым новыя маскі можна лёгка стэрылізаваць і выкарыстоўваць шмат разоў, піша сайт aspekty.net.

У ЗША праз распаўсюд эпідэміі каранавірусу захоўваецца высокая патрэба ў N95 – у першую чаргу для медыцынскіх работнікаў. Новая маска зробленая з сілікону, які можна лёгка вырабляць на заводах па ўсім свеце. Гэта той самы сілікон, які выкарыстоўваецца ў формах для запякання. Ён трывалы і ў вадкім выглядзе можа прымаць любую форму. Маска выкарыстоўвае тыя ж фільтры, што і N95, але патрабуе значна менш матэрыялаў для іх. Фільтры мяркуецца змяняць пасля кожнага выкарыстання, але саму маску можна стэрылізаваць і насіць зноў. Ні адзін з апрабаваных стваральнікамі спосабаў стэрылізацыі не прывёў да пашкоджання сілікону, паведамляе Forbes.

«Каб задаволіць попыт, нам давялося абмежаваць сябе варыянтамі, якія можна лёгка маштабаваць. Мы таксама хацелі, каб маску можна было як мага больш разоў выкарыстоўваць паўторна і стэрылізаваць яе некалькімі спосабамі», – прыводзіць MIT словы дацэнта Джавані Траверса. Цяпер каманда працуе ўжо над другой версіяй маскі – ужо з улікам водгукаў медыцынскіх работнікаў. Акрамя таго, інжынеры рэгіструюць кампанію, каб пачаць вытворчасць і атрымаць ухвалу Управы санітарнага нагляду за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў ЗША (FDA), а таксама Нацыянальнага інстытута аховы працы.

У ідэальным выпадку лекары і медсёстры павінны змяняць рэспіратары N95 пасля кожнага пацыента, але праз недахоп масак медперсанал носіць іх цягам больш доўгага часу, чым той, на якое яны прымеркаваныя. Некаторыя лякарні стэрылізуюць рэспіратары – гэтую працэдуру можна праводзіць з адной маскай да 20 разоў, але гэта патрабуе спецыяльнага абсталявання, якое ёсць не ўсюды.

Новую маску выпрабавалі на 20 медыцынскіх работніках, і высветлілася, што яна шчыльна прылягае і не прапускае пабочныя часцінкі. Фільтры лёгка ўстаўляліся і даставаліся з маскі. Большасць выпрабавальнікаў альбо сказалі, што не бачаць розніцы з традыцыйнай маскай N95 у зручнасці, альбо аддавалі перавагу новай масцы, сцвярджае MIT.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках