14 жнiўня 2020, Пятніца, 11:02
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Як «цукровая справа» адбілася на экспарце ў Расею

11
Як «цукровая справа» адбілася на экспарце ў Расею

Сітуацыя сумная.

З памяншэннем на 23% даходу і рэзкім скарачэннем аб'ёмаў чыстага прыбытку закончыла 2019 год Беларуская цукровая кампанія (БСК) - адзін з найбуйнейшых беларускіх экспарцёраў на расейскі рынак, піша zautra.by.

Згодна з расейскай базай справаздачнасці БСК, аб'ём яе даходу летась скараціўся да 7,6 млрд расейскіх рублёў, хоць у 2018 годзе складаў 9,8 млрд расейскіх рублёў. Чысты прыбытак трэйдара, уладальнікамі якога з'яўляюцца чатыры цукровыя заводы Беларусі, паменшыўся амаль у 5,7 раза - з 52,2 млн расейскіх рублёў у 2018 годзе да 9,2 млн расейскіх рублёў у 2019 годзе.

Са звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, аб'ёмы адгрузкі цукру на расейскі рынак летась упаў у фізічнай вазе прыкладна на чвэрць (да 202,8 тысяч тон), паводле фінансаў - больш як на траціну (да 80,7 млн даляраў). Сярэдняя цана прадукту стала меншай на 8,1%.

Негатыўныя фінансавыя паказчыкі, на думку экспэртаў, маглі стаць падставай для цікавасці праваахоўных органаў і прычынай з'яўлення ў студзені 2020 года гучнай «цукровай справы».

Як высветлілі праваахоўныя органы, прычынай адмоўнай фінансавай дынамікі БСК сталі не толькі знешнія (узмацненне канкурэнцыі ў Расеі), але і ўнутраныя фактары. Сілавікі ўстанавілі, што значная частка адгружанай заводамі на адрас БСК прадукцыі сыходзіла «падкантрольным пасярэднікам». Яны ў сваю чаргу перапрадавалі цукар даражэй на беларускім рынку. Акрамя таго, павялічваліся выдаткі на вытворчасць за кошт продажу расейскім пасярэднікам упакоўкі завышаным коштам.

Штогадовыя сумы хабараў, у атрыманні і дачы якіх падазраюцца затрыманыя былыя дырэктары чатырох цукровых заводаў, экс-кіраўнік БСК і некаторыя бізнэсоўцы, КДБ ацаніў на «сотні тысяч даляраў». Паводле гэтай жа справы праходзіць і былы начальнік 2-й управы ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК МУС) Уладзімір Ціхіня.

Усе фігуранты знаходзяцца пад вартай - у СІЗА КДБ. На замену ім на працягу сакавіка-красавіка бягучага года падабраныя новыя кіраўнікі. Кіраўніком Гарадзейскага цукровага камбіната стаў былы першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Ігар Макар. Жабінкаўскі цукровы завод узначаліў Ігар Балтрамеюк, які раней працаваў антыкрызісным кіраўнікам Драгічынскага трактарарэмонтнага завода, а камбінат у Скідзелі - былы намеснік генеральнага дырэктара Гарадзенскага шклозавода Уладзімір Белавусаў. На чале аднаго з лідараў галіны - Слуцкага цукроварафінаднага камбіната - стаў экс-дырэктар сталічнага дражджавога камбіната Аляксандр Белы. Новым кіраўніком БСК зараз з'яўляецца былы першы намеснік, ураджэнец Нясвіжа Вадзім Салаў.

На думку экспэртаў, новым кіраўнікам цукровай галіны, з якіх толькі Салаў мае досвед працы ў ёй, давядзецца няпроста. Пра гэта кажуць вынікі з экспартам прадукту на галоўны замежны рынак збыту за першыя чатыры месяцы 2020 года. Паводле звестак Белстата, экспарт беларускага цукру ў Расею ў студзені-красавіку ў фізічных аб'ёмах скараціўся да аналагічнага перыяду 2019 году прыблізна на чвэрць (да каля 70,1 тысяч тон), у грошах - больш чым удвая (да 20,4 млн даляраў), а сам кошт прадукту ў даляравым эквіваленце стаў таннейшым амаль на 37%.