26 красавiка 2024, Пятніца, 6:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрты Белага дома кажуць пра новую фазу эпідэміі COVID-19 у ЗША

5
Экспэрты Белага дома кажуць пра новую фазу эпідэміі COVID-19 у ЗША

Спецыялісты заклікаюць жыхароў сельскай мясцовасці выконваць захады засцярогі.

ЗША ўступілі ў новую фазу эпідэміі каранавіруса, калі інфекцыя становіцца «надзвычай распаўсюджанай» як у сельскай мясцовасці, так і ў гарадах, заявілі ў нядзелю экспэрты Белага дома пра каранавірус, паведамляе «Голас Амерыкі».

Захворванне на каранавірус працягвае расці ў некаторых раёнах краіны, і прадстаўнікі органаў аховы здароўя працуюць з губернатарамі над адаптацыяй захадаў у адказ да ўмоў кожнага штата.

«Мы знаходзімся ў новай фазе, - заявіла лекарка Дэбора Біркс. - Сённяшняя сітуацыя адрозніваецца ад таго, што мы бачылі ў сакавіку і красавіку».

Паводле ейных слоў, вірус «надзвычай распаўсюджаны» як у сельскай мясцовасці, так і ў гарадах.

«Я звяртаюся да ўсіх жыхароў сельскай мясцовасці: вы не застрахаваныя і не абароненыя ад гэтага віруса», - заявіла Біркс, выступаючы ў праграме «Сітуацыя ў краіне» на канале CNN.

Каардынатарка рабочай групы аб каранавірусе ў Белым доме, Біркс заявіла, што людзі, якія жывуць у сем'ях з некалькіх пакаленняў, павінны насіць маскі нават дома, каб абараніць паджылых людзей ці людзей са спадарожнымі захворваннямі.

Памочнік міністра аховы здароўя і сацыяльных службаў Брэт Жыруа зноў падкрэсліў важнасць нашэння масак.

«Калі мы гэтага не зробім, не абмяжуем зборы людзей у зачыненых прасторах, вірус так і будзе распаўсюджвацца. Нас гэта вельмі непакоіць, і гэта вельмі сур'ёзны момант», - заявіў ён, выступаючы ў праграме «Сустрэча з прэсай» на канале NBC.

Са звестак Reuters, каранавірус, які з'явіўся ў Кітаі, заразіў 4,6 мільёна чалавек у ЗША. Ад гэтага захворвання памерла больш за 155 тысяч амерыканцаў.

Біркс паведаміла, што федэральныя ўлады рыхтуюць індывідуальныя справаздачы для кожнага штата, у якіх даследуюцца грамадскія тэндэнцыі і звесткі лякарняў.

«Усе захады ў адказ павінны падбірацца індывідуальна», - сказала яна.

За апошнія тры тыдні яна наведала 14 штатаў і, з ейных слоў, тое, што яна ўбачыла, выклікала ў яе хваляванне.

«Калі я ездзіла па краіне, то бачыла, што ўся Амерыка знаходзіцца ў руху, - сказала Біркс. - Калі вы надумалі паехаць у адпачынак у папулярнае месца, то, вяртаючыся, вам трэба абараніць тых, у каго ёсць спадарожныя захворванні, і меркаваць, што вы заражаныя».

Са слоў Жыруа, калі людзі будуць насіць маскі і пазбягаць збою людзей, гэта дасць той жа эфект, што і поўны карантын.

«Вось чаму мы едзем ва ўсе штаты, выступаем па мясцовым радыё, даём канкрэтныя інструкцыі кожнаму губернатару ў акругах, што ім трэба рабіць, калі ў гэтых акругах [пачне расці захворванне], бо тады яго трэба будзе здушыць», - сказаў ён.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках