26 красавiка 2024, Пятніца, 6:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удзельнік вялікага мітынгу ў Берасці: Гэтага моманту я з нецярпеннем чакаў з 1994 года

6
Удзельнік вялікага мітынгу ў Берасці: Гэтага моманту я з нецярпеннем чакаў з 1994 года
ФОТА: СЯРГЕЙ НІКРАШЭВІЧ / B-G.BY

Мітынг Святланы Ціханоўскай прайшоў пры выдатнай атмасферы.

На перадвыбарчы мітынг кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай 2 жніўня да сцэны берэсцейскага парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў днём прыйшлі блізу 20 тысячаў чалавек, як моладзь, так і людзі старэйшага веку, піша «Брестская газета».

Улады, адводзячы для правядзення мітынгу лесапаркавы масіў, напэўна, хацелі, каб прысутныя адчулі сябе партызанамі. На месцы правядзення мітынгу былі ўжытыя захады бяспекі: міліцыя забяспечвала ахову грамадскага парадку і ажыццяўляла кантроль за дарожнай бяспекай на прылеглых адрэзках дарог.

Месца правядзення пікету было абгароджанае турнікетамі, праход ажыццяўляўся праз кантрольна-прапускныя пункты. Усярэдзіну не прапускалі нецвярозых. У ход акцыі праваахоўнікі не ўмешваліся. Вядоўцы папярэджвалі прысутных не паддавацца на правакацыі і не выкрыкваць лозунгі абразлівага зместу.

Людзей на мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай прывяло жаданне змяніць жыццё да лепшага, чаканне пераменаў пасля будучых выбараў, нязгода з тым, што цяпер адбываецца ў нашай краіне.

Леанід, які працуе ў прыватнай кампаніі на кіраўнічай пасады, падзяліўся сваім меркаваннем: «Хацелася б, каб у краіне адбыліся перамены, каб мы сталі свабоднымі, не баяліся выказваць свой пункт гледжання. Калі народ зразумее, што ніякага хаосу і разрухі не будзе, бо ўсе хочуць проста жыць у вольнай краіне, дзе людзі могуць рэалізаваць свае магчымасці».

Зою Георгіеўну, якой 66 гадоў, на яе прызнанне, на мітынг прывёў усеагульны ўздым і надзея на перамены.

«Я не магу сказаць, што ў Беларусі ўсё дрэнна, але што мне больш за ўсё не падабаецца, дык гэта кантрактная сістэма, тое, што ты ўсё жыццё не можаш слова сказаць. Табе плюнуць у душу, а ты глытні і жыві, цярпі далей. Вось гэта мяне сюды і прывяло. Калі раней пры звальненні павінны напісаць нейкі артыкул, то пасля таго, як зрабілі кантрактную сістэму, цябе бяруць на год, твой тэрмін выйшаў, ты не спадабаўся – цябе штурхялём звальняюць без тлумачэння прычынаў. Вось гэта вельмі хочацца змяніць. Вельмі хочацца, каб перамены былі. А тое адкрытае беззаконне, калі з перадвыбарчай кампаніі былі выключаныя ключавыя кандыдаты, уласна, і прывяло сюды ўсіх гэтых людзей», – мяркуе яна.

«Гэты год я з нецярпеннем чакаў з 1994 года. Я ў апазіцыі быў з самага пачатку. Працаваў у штабе Шушкевіча. Усе гэтыя гады я змагаўся, як мог, з рэжымам Лукашэнкі. Людзі ніяк не прачыналіся. Нават цяпер мае блізкія сябры з вышэйшай адукацыяй кажуць: а як мы без Лукашэнкі будзем? А я ім адказваю: а як жывуць краіны, дзе мяняюцца прэзідэнты, ну два максімум тэрміны? Жывуць выдатна. Польшча, Літва. Ва Украіне ўсё наладжваецца ў правільным кірунку. А ў нас, як у балоце, усе закісла. Знакаміты грэцкі філосаф Сакрат сказаў калісьці, што дзіўным здаецца, калі б пастух, пастаянна памяншаючы колькасць статку і ягоную якасць, уважаў сябе добрым пастухом. І тым больш дзіўна, калі пры тым, што скарачаецца насельніцтва і якасць ягонага жыцця, кіраўнік дзяржавы ўважае сябе добрым кіраўніком. Я шчаслівы, што мы нарэшце падняліся. Я веру, што гэта не спыніцца, і асабіста я, хоць ужо стары і слабы, а мне 67 гадоў, гатовы ісці ў першым шэрагу, калі трэба. Хай страляе Лукашэнка з кулямёта. Я пайду першы на кулямёт», – адкрыта выказаўся Аляксандр.

Сваім меркаваннем датычна падзей, якія адбываюцца, і выключэння з прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ключавых кандыдатаў у прэзідэнты падзялілася і прадстаўніца штаба Святланы Ціханоўскай Зінаіда Міхнюк: «Бачна, што ва ўладзе ўжо не такое становішча, як раней. Калі раней яны садзілі кандыдатаў пасля плошчы, то цяпер гэта зроблена да, значыць, становішча яшчэ горшае. Я пагадзілася быць даверанай асобай таму, што мяркую, што нельга ісці ў бой, не верачы ў перамогу. Я веру ў наш народ, я веру ў тое, што мы нічога не парушаем. Тут толькі адзін чалавек кажа ўвесь час пра майдан. Мы гаворым пра сумленныя, справядлівыя, адкрытыя выбары. І я веру, што камісіі палічаць правільна, я іх прашу палічыць правільна. Яны ж жывуць сярод нас. Яны галеюць разам з намі. У іх дзеці не маюць нармальнай працы і нармальнага заробку. Усё менш і менш працоўных месцаў, каб можна было ў гэтай краіне годна жыць. Незалежны прафзвяз, які я падстаўляю, не можа адмежавацца ад палітыкі. Годнае жыццё і дастойны заробак – гэта палітыка. Чалавек працы не павінен быць жабраком. І пенсійны ўзрост нельга павышаць, таму што даўжыня жыцця ў нас не такая, як у Еўропе».

У руках тых, хто сабраўся – бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты. Прасякнутыя і натхнёныя адчуваннем адзінства, людзі скандавалі: «Верым! Можам! Пераможам!», «Любім! Можам! Пераможам!» і «Жыве Беларусь!». Актывісты са сцэны заклікалі вызваліць палітычных зняволеных, галасаваць толькі 9 жніўня і не ісці на датэрміновае галасаванне, а прыходзячы на ўчасткі, мець пры сабе белы бранзалет і «прымаць пастанову сэрцам».

Прысутным расказалі пра анлайн-платформу «Голас», з дапамогай якой прапануецца абараняць галасы на цяперашніх выбарах. Моладзь заклікалі дапамагчы людзям старэйшага пакалення зарэгістравацца, каб і іх галасы былі палічаныя. Дзякуючы ініцыятыве «Хуткая ўзаемадапамога», бізнэс (а гэта больш за 200 кампаній), выяўляючы салідарнасць з народам, гатовы прапанаваць працаўладкаванне тым, хто праз сваю грамадзянскую пазіцыю страціў працу.

Беларусь, паводле словаў аднаго з выступоўцаў, «усюды перамагла каранавірус, акрамя выбарчых участкаў, але каранавірус не з'яўляецца падставай не дапусціць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. Заканадаўча ўлада не мае права забараніць нам назіраць, паколькі нас ахоўвае закон!»

Сабраных заклікалі, прагаласаваўшы на выбарах, сфатаграфаваць свой бюлетэнь з двух бакоў і адправіць ягоныя фатаграфіі на платформу «Голас», а чальцоў выбарчых камісій не слухаць і не выконваць загады, якія не адпавядаюць выбарчаму заканадаўству.

Прадстаўніцы аб'яднаных штабоў прыбылі на мітынг з некаторай затрымкай. Рэч у тым, што супрацоўнікі ДАІ некалькі разоў правяралі машыны картэжу Святланы Ціханоўскай па дарозе ў Берасце. Плюс у адной з машынаў хтосьці парэзаў кола. І калі нарэшце тры грацыі цяперашняй электаральнай кампаніі (як іх назвала Лідзія Ярмошына), Святлана Ціханоўская і яе паплечніцы з аб'яднанага штаба прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала выйшлі да прысутных пад гімн пратэставага руху «Разбуры турмы муры», то былі сустрэтыя гучнымі воплескамі і радаснымі воклічамі.

Звяртаючыся да берасцейцаў, кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская сказала: «У апошнія два гады менавіта вы былі прыкладам для ўсёй краіны. Вы – простыя грамадзяне сталі на абарону свайго горада, сваіх сем’яў ад пагрозы, якую нясе будаўніцтва акумулятарнага завода. На вас уся краіна глядзела з надзеяй. Дзякуй, Берасце, за гэта! Сяргей Ціханоўскі бачыў у вас смеласць. Ён казаў, што Берасце – гэта сіла. Мы церпім, мы маўчым, мы баімся. Не, не так. Мы трывалі, мы маўчалі, мы баяліся. Але мы больш не хочам!»

Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава таксама выказалі сваю павагу Берасцю, якое так настойліва змагаецца супраць акумулятарнага завода і дзе столькі еўрапейскага вольнага духу. Яны заклікалі не галасаваць датэрмінова, а прыйсці на ўчасткі 9 жніўня, лепш у другой палове дня, і прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую: «Цяпер мы ўсе, і кожны з нас, мы дакладна ведаем, што я магу ўсё змяніць... З Беларусі гадамі з'язджалі разумныя, таленавітыя людзі. Але цяпер яны не хочуць з'язджаць. Яны хочуць змагацца за свае правы... Мы разам зможам пакласці канец спектаклю, які называецца выбарамі. Хай выбары 9 жніўня будуць апошнімі фальшывымі выбарамі ў гісторыі Беларусі».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках