26 красавiка 2024, Пятніца, 14:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрус Кубілюс: У Беларусі нараджаецца сапраўдная нацыя

3
Андрус Кубілюс: У Беларусі нараджаецца сапраўдная нацыя

Быць нелегітымным кіраўніком - справа небяспечная.

Кіраўнік дэлегацыі «Еўранэст», былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс зрабіў заяву аб сітуацыі ў Беларусі.

Публікуем поўны тэкст заявы (пераклад - Charter97.org).

- 9 жніўня, у нядзелю, народ Беларусі галасуе ў надзеі на перамены. Аднак Аляксандр Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не дапусціць правядзення свабодных і справядлівых выбараў і абвесціць сябе пераможцам і прэзідэнтам, нягледзячы на пераканаўчыя ўскосныя сведчанні таго, што большасць беларусаў абярэ сімвал пратэсту - Святлану Ціханоўскую, а не яго.

Тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, нельга назваць выбарамі.

Выбары скрадзеныя ў народа Беларусі: асноўных апанентаў альбо садзяць у турмы, альбо пазбаўляюць рэгістрацыі, альбо выганяюць з краіны. У апазіцыі «сцягнулі» сяброўства ў мясцовых выбарчых камісіях, назіранне, нават мітынгі. Лукашэнка ўжо скраў датэрміновае галасаванне, раздзімаючы лік «выбарнікаў». Цяжка чакаць ад яго чаго-небудзь іншага, акрамя крадзяжу галасоў у дзень выбараў.

Ва ўсім гэтым няма нічога новага, Лукашэнка выкарыстоўвае гэтыя захады апошнія 26 гадоў. Аднак на гэты раз гэтыя захады выкарыстоўваюцца ў зусім іншым кантэксце. Раней Лукашэнка павялічваў лічбы «на ўсялякі выпадак», бо, магчыма, карыстаўся фактычнай лаяльнасцю значнай часткі грамадства. Аднак цяпер лаяльнасць да яго большасці людзей знікла. Ён ведае гэта, адсюль і ягоная нервовасць. Лукашэнка выдатна ведае, што сёння Беларусь зусім не такая, як некалькі гадоў таму, грамадства прачнулася і патрабуе пераменаў - гэта істотнае адрозненне ад папярэдніх «выбараў» у Беларусі.

Грамадзяне Беларусі сёння галасуюць за тое, каб вярнуць скрадзенае - права на дэмакратычныя, празрыстыя і законныя выбары. У доўгатэрміновай перспектыве не так важна, якія лічбы напіша Лукашэнка, важнейшая рэальная колькасць беларусаў, якія пойдуць на выбарчыя ўчасткі ў абарону свайго права. Так нараджаецца сапраўдная нацыя. І ніякая агрэсія гэтага не спыніць.

Святлана Ціханоўская стала сімвалам зараджэння гэтага народа. Яна не робіць выгляд, што хоча быць прэзідэнтам. Яна толькі бярэ на сябе задачу вярнуць беларусам скрадзенае - свабодныя і справядлівыя выбары і свабоду палітвязням.

Лукашэнка разумее, што пасля гэтых фіктыўных выбараў у яго паўстане сур'ёзная праблема - калі дагэтуль ён меў пэўную фактычную легітымнасць, бо частка грамадства дэманстравала яму лаяльнасць, то цяпер ён страціў гэтую лаяльнасць і пасля 9 жніўня стане цалкам нелегітымным прэзідэнтам незалежна ад таго, якую колькасць галасоў ён прысвойвае сабе.

Быць нелегітымным прэзідэнтам - непрыемная справа. І небяспечная. Нават калі спецслужбы і змаглі б кінуць у турмы тысячы дэманстрантаў, перад Лукашэнкам застаецца пытанне - што далей? Усякую ўладу ўтрымліваць доўгі час толькі пры дапамозе спецслужбаў нерэальна. Спадзявацца на падтрымку Крамля? Сумнеўна, бо Пуцін можа не захацець звязвацца з беларускім народам, які абуджаецца - прыклад пратэстаў у Беларусі можа неўзабаве распаўсюдзіцца на Расею (беларускія нацыянальныя чырвона-белыя сцягі ўжо лунаюць на мітынгах у Хабараўску).

Захад павінен быць гатовы да перспектывы нелегітымнага Лукашэнкі. Персанальныя санкцыі да тых, хто скраў выбары ў беларусаў, - крок неабходны. Павінны ісці пэўныя патрабаванні да нелегітымнага Лукашэнкі: вярні беларусам тое, што ты скраў - свабоду палітычным зняволеным, дазволь новыя свабодныя і справядлівыя выбары. Пакуль гэта не будзе зроблена - ніякай фінансавай падтрымкі ўладам Лукашэнкі і ягонаму асяродку, толькі наўпроставая падтрымка грамадскіх арганізацый, супольнасцяў і бізнэсу, без магчымасці для нелегітымных уладаў удзельнічаць у размеркаванні падтрымкі.

У постсавецкім паўшар'і наспяваюць перамены - ад Беларусі да Хабараўска. Зараджаюцца грамадзянскія нацыі - нават на Далёкім Усходзе. Састарэлыя аўтакраты губляюць легітымнасць. Набліжаецца тэрмін заканчэння іх рэжымаў. Гэта жудасна для Лукашэнкі і для Пуціна.

Лідарам заходніх дэмакратый, асабліва ЕЗ, давядзецца адказаць на адно пытанне: яны падтрымліваюць нелегітымных аўтарытарных кіраўнікоў або законныя грамадзянскія нацыі беларусаў і расейцаў? Ад іх адказу на гэтае пытанне будуць залежаць поспех і перамены на ўсёй шматпакутнай постсавецкай прасторы.

Я спадзяюся, што наш адказ будзе непахісным, несправядлівыя дзеянні не могуць стварыць закон, скрадзеныя выбары не могуць стварыць законнага прэзідэнта. Лозунг «За нашу і вашу свабоду» азначае, што для нас свабода беларускага народа гэткая ж важная, як і наша ўласная свабода.

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках