26 красавiка 2024, Пятніца, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія фотакарэспандэнты атрымалі па 11 сутак арышту

5
Беларускія фотакарэспандэнты атрымалі па 11 сутак арышту
Аляксандр Васюковіч. ФОТА: ВОЛЬГА Шукайла, TUT.BY

Яны рабілі рэпартажы, суд прызнаў іх дэманстрантамі.

Сёння мінаюць 72 гадзіны з моманту затрымання фотакарэспандэнтаў tut.by Уладзіміра Грыдзіна і «Новага часу» Аляксандра Васюковіча. Увесь гэты час іх утрымліваюць у ізалятары на Акрэсціна. АМАП забраў хлопцаў 13 верасня, пасля 9 гадзін вечара, проста ў кавярні, дзе яны адпраўлялі здымкі ў рэдакцыю (днём інтэрнэт у горадзе не працаваў). Спачатку журналістаў абвінавацілі ў тым, што яны мітынгавалі каля кавярні на вуліцы Раманаўская Слабада, але пасля прагляду відэа ў судзе, дзе стала відавочна, што ў кавярні яны працавалі, у міліцыі «дапрацавалі» пратаколы - цяпер аказалася, што Грыдзін і Васюковіч мітынгавалі каля станцыі метро «Пушкінская», за дзве гадзіны да затрымання, піша tut.by.

Спачатку ў судзе разглядалі справу Аляксандра Васюковіча, паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Зачыталі, што Васюковіч паводле пратакола ўзяў удзел у незаконнай акцыі ў раёне станцыі метро «Пушкінская» (вуліца Прытыцкага, 21). Паводле версіі міліцыянтаў, журналісту хапіла ўсяго пяць хвілін, каб парушыць закон.

Аляксандр віну не прызнае, кажа, што ў той вечар працаваў: рабіў фотарэпартаж з акцыі пратэсту. 13 верасня ў тым жа раёне працаваў яшчэ адзін фотакарэспандэнт tut.by - Вольга Шукайла. Яна распавяла ў судзе, што бачыла Васюковіча - ён быў пазначаны як журналіст, як таго і патрабуе закон «Аб масавых мерапрыемствах», на шыі ў яго было журналісцкае пасведчанне.

- Разам са мной здымаў акцыю, мы працавалі побач, - кажа сведка. - Я добра бачыла Васюковіча, ён нічога не выкрыкваў, ніякай сімволікі ў яго не было.

Вольга таксама патлумачыла, што журналісты падчас працы на акцыях пратэсту стараюцца не размаўляць з удзельнікамі, каб нават гэта не было пасля трактавана як «каардынацыя». У пачатку верасня, нагадаем, шасцярых журналістаў, затрыманых на працы, абвінавацілі ў тым, што яны «каардынавалі незаконнае шэсце», і далі тры дні арышту.

УЛАДЗІМІР ГРЫДЗІН ФОТА: ВОЛЬГА ШУКАЙЛА, TUT.BY

Тыя ж абвінавачванні фігуруюць і паводле справы Уладзіміра Грыдзіна, які таксама патлумачыў у судзе, што не мітынгаваў, а ў раёне станцыі метро «Пушкінская» рабіў фотарэпартаж, які пасля адправіў у рэдакцыю.

Пастанова суда - 11 дзён арышту і Грыдзіну, і Васюковічу.

Гэта не першы выпадак, калі журналістаў зарэгістраваных у Беларусі СМІ караюць за працу пад выглядам нібыта іх удзелу ў несанкцыянаваных мітынгах. У пачатку верасня шэсць карэспандэнтаў (БелаПАН, tut.by, «Комсомольская правда» в Беларуси») былі затрыманыя ў часе асвятлення студэнцкага шэсця, у выніку іх прызналі «каардынатарамі» пратэсту і далі па тры дні арышту.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках