26 красавiка 2024, Пятніца, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі пэндзлямі фарбуюць МАЗы»: як у Беларусі ідуць італьянскія забастоўкі

31
«Людзі пэндзлямі фарбуюць МАЗы»: як у Беларусі ідуць італьянскія забастоўкі

Завадчане знаходзяць унікальныя шляхі, каб пратэставаць на працоўных месцах.

Заканадаўства ў Беларусі такое, што класічны страйк не правядзеш. Але завадчане ўсё роўна знаходзяць унікальныя шляхі, каб пратэставаць на працоўных месцах, піша «Белсат».

«Людзей пачалі прымушаць працаваць з-пад палкі. Самых актыўных пазвальнялі. Пагражалі нават фізічнай расправай сем'ям тых, хто выступаў за страйк, ціснулі праз кіраўніцтва, прафзвязу... Хто на што здатны. Ніякай маралі не засталося. Але так рабіць немагчыма. І не абавязкова, каб усе прадпрыемства стала, каб стачка была эфектыўнай», - адзначыў заснавальнік «Беларускага фонду салідарнасці» Яраслаў Ліхачэўскі.

«На БМЗ у Жлобіне завадчан прымушалі працаваць. Але раптам абваліўся газаадвод, і з трох печаў толькі адна працуе. І газаадвод вельмі павольна рамантуюць.

Мая любімая гісторыя - Гарадзейскі цукровы камбінат. Супербеднае прадпрыемства, кіраўніцтва якога зарабляе вялікія грошы на цукры. Там людзей вельмі запалохалі, вельмі моцна пагражалі. Урэшце, яны адмовіліся ад страйку. З усяго прадпрыемства звольніліся тры чалавекі. Толькі тры. Але гэта былі людзі, якія адказвалі за пусканаладачныя працэсы. І абсталяванне стаяла, бо не было каму яго запускаць. Потым знайшлі кагосьці, запусцілі, а абсталяванне паламалася.

Звольнілі 10 чалавек з канвеера МАЗа, канвеер на доўгі час стаў. Потым зламаліся пульверызатары. Цяпер машыны пэндзлямі фарбуюць. І за тыдзень на заводзе вырабляюць столькі машын, колькі раней выраблялі за дзень», - распавёў Ліхачэўскі.

Салігорск ужо стаў легендарным горадам. Але акрамя знакамітага Юрыя Корзуна, які прыкаваў сябе кайданкамі пад зямлёй, там адбываецца шмат чаго яшчэ.

«Людзі вельмі актыўна пратэстуюць на прадпрыемстве, спускаюцца ў шахты, але не выконваюць планы. І ўжо сарваны буйныя кантракты, не могуць паставіць у поўным аб'ёме ўгнаенні», - распавядае Ліхачэўскі.

Са слоў Яраслава, такія дзеянні адбываюцца па ўсёй краіне:

«На Інтэграле згарэла абсталяванне, на МТЗ згарэла падстанцыя. Сваімі дзеяннямі ўлады спынілі эканоміку. І не саромеюцца ніякіх спосабаў ціску на працоўных».

А што пасля працы?

У тых, хто страціў працу, у кожнага свая гісторыя:

«У горшым выпадку людзей не проста звальняюць, але і распачынаюць крымінальныя справы. У такой сітуацыі мы дапамагаем пацярпелым з'ехаць за мяжу, пакуль гэта ўсё не скончыцца. Так завадчане едуць у Літву, Польшчу, Украіну, некалькі чалавек паехалі ў Латвію. Дзмітрый, які з КДБ збег, ён прыехаў да нас у Кіеў, і мы разам з ім запісвалі заклік да шахцёраў. Каб тыя, каго прымушаюць працаваць, не інструменты ў рукі бралі, а ручку і пісалі заявы кіраўніцтву і ў пракуратуру пра дрэнныя ўмовы працы».

Калі чалавеку нічога не пагражае, ён застаецца ў Беларусі. Яму выплачваюць дапамогу ў 1,5 тысячы еўра ад фонду - гэта павінна хапіць на першы час, пакуль чалавек шукае новае месца працы ці атрымлівае новую спецыяльнасць.

«Тыя, хто быў задзейнічаны ў страйкаме, яны застаюцца на сувязі з прадпрыемствам. Такія людзі маюць больш даверу сярод завадчан, лягчэй з імі размаўляюць, чым мы. Таму працаваць нам з заводамі праз былых супрацоўнікаў значна прасцей», - адзначыў Ліхачэўскі.

МАЗ у лічбах за жнівень

Страйкоўцы завода сабралі звесткі, колькі машын яны выпускалі да і пасля выбараў. Калі арганізаваць афіцыйны страйк на заводзе не ўдалося (між іншым, праз часовыя візіты АМАПу), людзі пачалі зрываць планы.

КОЛЬКАСЦЬ ВЫПУШЧАНЫХ МАШЫН У ДЗЕНЬ
ФОТА З САЙТА: BELSAT.EU

Колькасць выпушчаных машын у дзень

Максімальнае адставанне ад плана кожны месяц гэтага года да выбараў было не больш за 10%. За жнівень фактычна зрабілі 562 машыны пры запланаваных 732. План амаль у паўтара разы больш, чым было выпушчана. Калі прасачыць інтэнсіўнасць працы па гатовых машынах, то пасля 9 жніўня відаць, як на траціну спала вытворчасць. Работнікі завода ўважаюць, што пратрымацца МАЗу за кошт прыбытку не атрымаецца, яшчэ больш скарачаць заробкі ўжо няма куды:

«Можна было б інвеставаць у вытворчасць, аптымізаваць працоўны працэс, павялічыць продаж. Праўда, апошнія дваццаць шэсць гадоў гэта неяк не атрымлівалася», - кажа Ліхачэўскі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках