«Ты затрымліваеш мяне, але робіш гэта без павагі»
8- 26.09.2020, 11:35
- 49,364
Інтэрв'ю са знакамітай «дзяўчынай з цыгарэтай».
Фота яе затрымання ўзбурыла ўвесь байнэт і стала новым мемам: «Ты затрымліваеш мяне, але робіш гэта без належнай павагі». Гераіня здымка, якую тут жа празвалі «хроснай маці», – 29-гадовая мянчанка Яна. Журналісты tut.by пагутарылі з дзяўчынай і запісалі яе маналог.
Я выходзіла на мірны пратэст
– Пасля падзей, якія адбыліся ў пачатку жніўня, стала складана заставацца апалітычнай і не заўважаць відавочных рэчаў. Заставацца абыякавай было проста нельга. У нейкі момант я адчула сябе закладніцай у сваёй уласнай краіне. Наша краіна і наш горад – наш агульны дом. І раптам у гэтым доме пачынаецца нічым не прыкрыты гвалт. Тады я надумала выйсці на мірны марш. Менавіта на мірны, хоць пайсці шляхам гвалту значна прасцей, а каб дамагчыся пераменаў мірным шляхам, трэба будзе прыкласці намаганні, праявіць крэатыў, вынаходлівасць.
«Не можаш прадухіліць – узначаль»
Так я падумала, калі зразумела, што мяне затрымліваюць і вядуць у аўтазак. З двух бакоў трымалі пад рукі, а трэці, мабыць, ззаду прыкрываў. «Малайцы, – кажу, – асабліва небяспечную затрымалі». Сілавікі мне не хамілі, не зневажалі. Праўда, я сказала, што пайду сама, цягнуць мяне не трэба, раптам я спатыкнуся, упаду і разаб'ю калена. «Нічога, – адказваюць, – калі вы ўпадзяце, мы вас панясём».
Месца зняволення падобнае на дзіўны піянерскі летнік. Нас адпусцілі не адразу: спачатку адвезлі ў Савецкі РАУС, а адтуль – у Жодзіна. Там мы пераначавалі, а бліжэй да вечару наступнага дня ўсіх дзяўчатаў вызвалілі. Некалькіх маіх сукамерніцаў, з іхніх словаў, схапілі на вуліцы проста так. Яны пайшлі на шопінг і пераходзілі з крамы ў краму. Маладзенькія зусім дзяўчаткі, максімум гадоў 20. Амаль усім далі штрафы 5 базавых. Мне таксама. Мяркуйце, лёгка абышлося. Змест усіх пратаколаў быў як пад капірку: «Крычала лозунгі». Ага, ішла адна і, набіраючы поўныя лёгкія дыму, нешта выкрыквала (смяецца). Люблю, ведаеце, прайсціся па вуліцы, папаліць і пакрычаць у адзіноце.
У судзе я не была знакамітасцю – той самай дзяўчынай з фота. Мяне не пазналі. А вось пакуль стаяла каля сцяны ў РАУС, да мяне некалькі разоў падыходзілі мясцовыя супрацоўнікі і параўноўвалі мой твар з нейкімі малюнкамі на фота. Але фота ў іх руках я разгледзець не магла, таму дакладна не ведаю, тое самае гэта было ці не.
Хросная маці
Мой самы любімы подпіс пад фота: «Ты затрымліваеш мяне, але робіш гэта без належнай павагі». Найлепшы з тых, што прыдумалі беларусы. І ўжо дакладна я – не «Маці цмокаў» (яшчэ адзін папулярны подпіс пад фота. – Заўвага рэд.). Я глядзела «Гульню пасадаў». Дэйнэрыс, вядома, малайчына, але не самы мой любімы персанаж. Яна – лідарка, сімвал. Мяне заўсёды больш займалі шэрыя кардыналы. Людзі ў цені, чыё маленькае слова пераўтваралася ў канкрэтныя дзеянні, якія змяняюць лёсы людзей. Я хутчэй хацела б быць Варысам або Мезенцам.
«Гервяты, ніколі не была ў Гервятах. Трэба зганяць!»
Вось якія планы я раней строіла, прачынаючыся ў суботу раніцай. Ляжыш і разважаеш: спачатку еду ў Гервяты, а на зваротным шляху можна яшчэ зазірнуць у тую царкву, на наведванне якой усё ніяк не хапала часу. Слова за слова, а даўжыня маршруту ўжо пад 800 км.
Дадому пасля такіх паездак вяртаешся разбітая, але шчаслівая. Падарожжы па Беларусі на матацыкле – велізарная частка майго жыцця. Страшна люблю забірацца ў самую глуш, прыязджаць у культавыя месцы: Гальшанскі, Крэўскі замак. Невымоўныя адчуванні, калі ты бадзяешся сярод гэтых разбураных муроў, разумееш, колькі ім гадоў, якія падзеі тут адбываліся, колькі легендаў пра гэта складзена.
Кола людзей, меркаванне якіх для мяне важнае, вельмі вузкае
І калі чалавек з гэтага кола раптам скажа: «Яна, вары боршч», – то я абавязкова задумаюся, чаму я вару іх так мала. Ці чаму я вару адны баршчы? І дзе ўрэшце грыбны суп? (Усміхаецца.) Буду шукаць развязанне гэтай праблемы.
Але калі хтосьці збоку проста пачынае праецыраваць свой няўдалы досвед і комплексы на навакольных, мераць усіх сваёй меркай, чапляць ярлыкі і раіць (зноў жа!) варыць баршчы – дык няхай сам ідзе і варыць іх. Дакладна гэтак сама з парадамі ў галіне ўладкавання асабістага шчасця: пытанні сэксуальнага жыцця дзяўчатаў, якія ходзяць на мітынгі, – асабістая справа гэтых самых дзяўчатаў. І не трэба да іх лезці.
Нельга заставацца безуважным да чалавека, які ў бядзе
Упэўненая, што абсалютна ўсе нашы дзеянні вымяраюцца законам бумеранга: «накасячыў» – табе «прыляціць», падклаў сябру свінню – рыхтуйся, адплата не за гарамі. Трэба жыць так, каб табе перад самім сабой не было сорамна.
Звалілася на мяне вядомасць, пазнавальнасць – палка з двума канцамі
Мой голас набыў маленькую, але вагу – гэта выдатная навіна. Але разам з тым на маіх грудзях як быццам з'явілася мішэнь. Я не магу сказаць, што чагосьці пэўнага баюся пасля гэтых нядзельных падзей. Але мяне ўвесь час не пакідае адчуванне, што я цяпер пад наглядам.
Побач са мной увесь час знаходзяцца блізкія людзі. Я папярэджваю іх пра свае планы, тэлефаную. Усё ж такі слава добрая трохі пры іншых абставінах. Спраўляцца з напругай вельмі дапамагае спорт. Я ўвесь час трэніруюся, але апошнім часам адмовілася ад сілавых практыкаванняў: чым больш цягліцаў, тым цяжэй бегаць. Так што пакуль у прыярытэце кардыя. І вельмі шмат пешай хады.
Ну, а яшчэ ў мяне ёсць галоўная абаронца – мая Аліса. Аліса – гэта котка. Яна мяне грэе і гучна вуркоча.