26 лютага 2021, Пятніца, 3:55
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Герасіменя: Мы абараняем ужо не толькі сваю свабоду, а бяспеку нашых дзяцей

12
Аляксандра Герасіменя: Мы абараняем ужо не толькі сваю свабоду, а бяспеку нашых дзяцей
Аляксандра Герасіменя

Чэмпіёнка свету па плаванні заклікала да салідарнасці.

Беларуская плыўчыха, уладальніца двух срэбных і бронзавага медалёў Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы Аляксандра Герасіменя выставіла на дабрачынны аўкцыён спартыўны гарнітур з цырымоніі ўзнагароджання на Алімпіядзе ў Рыа. Пра гэта яна заявіла ў «Фэйсбуку».

- Наш народ масава пратэстуе супраць рэжыму дыктатуры. Мірныя пратэсты праходзяць па ўсёй краіне. Студэнты, жанчыны, бізнэсоўцы і рабочыя, спартсмены і IT спецыялісты, моладзь і старыя - усе выходзяць на вуліцы. Сёння мы абараняем ужо не толькі сваю свабоду і будучыню, гаворка ідзе пра жыццё і бяспеку нашых дзяцей.

Людзі ва ўсім свеце ўбачылі, што рэжым у Беларусі гатовы ўтапіць народ у крыві, абы захаваць сваю ўладу. Сотні людзей пацярпелі ад гвалту з боку праваахоўных органаў. За ўсе дні пратэсту былі затрыманыя больш за 12 000 чалавек. Людзей збівалі, катавалі, здзекаваліся і гвалтавалі.

Спартоўцаў і работнікаў спартыўнай галіны прымушаюць маўчаць. За выказванне грамадзянскай пазіцыі, асуджэнне гвалту і палітычных рэпрэсій людзей звальняюць, на іх ціснуць з боку кіраўніцтва. Спартоўцаў выключаюць са складу нацыянальнай каманды, пагражаюць забаронай на ўдзел у нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах, Алімпійскіх гульнях.

Але, стоячы поплеч, беларусы ўсвядомілі, наколькі разам яны моцныя. Больш за 650 беларускіх спартоўцаў падпісалі адкрыты зварот да ўладаў з патрабаваннем спыніць гвалт у краіне.

Цяпер, як ніколі раней, для нас важная міжнародная салідарнасць. Таму, я заклікаю вас казаць пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі.

Таксама я падала лот для аўкцыёну на дапамогу пацярпелым спартоўцам!

Гэта мой гарнітур з цырымоніі ўзнагароджання на Алімпіядзе ў Рыа-2016 і фотакартка з аўтографам.

https://www.ebay.com/itm/264878712170

Бронза ў Рыа была для мяне адной з самых важных перамог у кар'еры, той сезон даўся мне вельмі цяжка. Ніхто не верыў, што я змагу ўзяць медаль. Але гэта дапамагло мне яшчэ мацней матываваць сябе! Заваяваўшы медаль, я ў першую чаргу даказала сабе, што я ўсё змагу, калі моцна захачу!

У гэтым гарнітуры я стала бронзавай прызёркай Алімпійскіх гульняў 2016 у Рыа. Я веру, што ўсе тыя пачуцці і эмоцыі, якія я перанесла ў той дзень, дагэтуль захоўваюцца ў гэтым гарнітуры.

Усе сродкі ад продажу лота будуць пералічаныя ў Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці, які надае матэрыяльную і псіхалагічную падтрымку пацярпелым за сваю грамадзянскую пазіцыю спартоўцам.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».