26 красавiка 2024, Пятніца, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сітуацыя на «Гродна Азоце» напальваецца

33
Сітуацыя на «Гродна Азоце» напальваецца
ФОТА: tut.by

Што адбываецца на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны?

Напярэдадні з'явілася інфармацыя аб тым, што больш за 70 супрацоўнікаў ААТ «Гродна Азот» напісалі заявы аб звальненні, аднак не перадалі іх кіраўніцтву.

- Заявы, вядома, ёсць. Я так разумею, што яны напісаныя, але нікуды не пададзены, - пацвердзіў «Салiдарнасцi» інфармацыю намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч.

Ён пацвердзіў, што работнікі цэха «Аміяк-3», а менавіта яны напісалі заявы, - унікальныя спецыялісты, якіх складана замяніць.

- Гэта вельмі высокакваліфікаваныя спецыялісты, якіх трэба рыхтаваць нe адзін год і іх ніхто не заменіць. Без гэтых людзей цэх працаваць не зможа, - адзначыў Сяргей Антусевіч.

Сярод прычын, якія маглі змусіць людзей да падобнага кроку, ён назваў салідарнасць з затрыманымі.

Так, напярэдадні вызваліўся пасля пяці дзён арышту супрацоўнік «Гродна Азот» Ігар Рубцэвіч. А на бліжэйшыя дні прызначаныя суды амаль над трыццаццю супрацоўнікамі, якія рухаліся калонай 25 жніўня і былі затрыманыя.

Таксама супрацоўнікі прадпрыемства неаднаразова затрымліваліся і ў іншыя дні, прычым некаторых затрымлівалі па некалькі разоў. Пры гэтым на ўсіх складалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і адпускалі да суда.

- Акрамя гэтага на заводзе з'явіўся ліст пракуратуры, у якім кіраўніцтва просяць ацаніць шкоду ад забастовак і пакараць вінаватых. Гэты ліст ідзе насуперак з дамоўленасцямі з адміністрацыяй, якая яшчэ ў жніўні абяцала, што ніхто не будзе пакараны. Больш за тое, гендырэктар Ігар Бабыр неаднаразова заяўляў, што вытворчасць працуе нармальна і працэс не перарываўся. Я думаю, гэта таксама справакавала рэакцыю ў адказ рабочых, - назваў Сяргей Антусевіч яшчэ адну прычыну, якая выклікала незадаволенасць у калектыве «Гродна Азот».

- Людзі бачаць усю сітуацыю. Зразумела, што ўлада іх ашуквала заўсёды, цяпер яна (улада - заўв.) паказала яшчэ раз свой твар, што ніякія дамоўленасці не працуюць, яны разумеюць толькі мову сілы. Гэта дастаткова сур'ёзны крок, такія салідарныя дзеянні, на якія ідуць супрацоўнікі, - каментуе Антусевіч.

Нагадаем, «Гродна Азот» адным з першых прадпрыемстваў у горадзе і краіне актыўна заявіла пра сваю пазіцыю адносна масавых затрыманняў і наступнага гвалту як у Горадні, так і ў іншых гарадах.

На працягу некалькіх дзён у жніўні сотні рабочых спрабавалі даведацца пазіцыю кіраўніцтва. 14 жніўня мітынгу каля заводакіраўніцтва далучыліся ўжо некалькі тысяч рабочых, з якімі правялі сустрэчу кіраўніцтва прадпрыемства, улады горада і прадстаўнікі органаў МУС.

Старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» Андрэю Ханевічу ўдалося пагаварыць з некалькімі работнікамі, якія напісалі заявы.

- Пакуль заявы ў іх сапраўды ляжаць. Але гэта як міна запаволенага дзеяння. Калі працягнецца ціск на людзей, на начальніка цэха Леаніда Суруса, які падтрымлівае пазіцыю калектыву, яны могуць ім даць ход.

Сваімі заявамі людзі страхуюцца ад магчымага ўздзеяння на іх, - пракаментаваў Ханевіч сітуацыю.

Між тым, нагадаем, што за апошні час на прадпрыемстве адбываліся адразу некалькі прыпынкаў розных участкаў вытворчасцi, звязаных з цэхамі «Карбамід-4» і «Аміяк-3».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках