7 сакавiка 2021, Нядзеля, 2:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Трамп не можа знайсці юрыстаў для прадстаўлення сваіх інтарэсаў падчас імпічменту

4
Bloomberg: Трамп не можа знайсці юрыстаў для прадстаўлення сваіх інтарэсаў падчас імпічменту

Адвакаты часоў першага імпічменту на гэты раз адмовіліся бараніць палітыка.

Для дзейнага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа стаў праблематычным пошук юрыдычнай групы, якая будзе абараняць яго падчас працэсу другога імпічменту за «падбухторванне да паўстання» ў Капітоліі, піша Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Адвакаты, якія прадстаўлялі інтарэсы Трампа падчас першага імпічменту, напрыклад Джэй Секулаў і юрыст Белага дому Пэт Чыпалонэ, на гэты раз адмовіліся абараняць прэзідэнта, расказалі дасведчаныя ў гэтым пытанні людзі.

Паводле звестак крыніцаў, астатнія адвакаты, якія калісьці абаранялі Трампа, напрыклад Эрык Гершман, Пэт Філбін, Марк Касовіц і былы пракурор штата Флорыда Пэм Бондзі не зацікаўленыя ў далучэнні да каманды. Некаторыя юрысты, якія не хочуць удзельнічаць у працэсе імпічменту, прадстаўляючы Трампа гэтым разам, заявілі, што мяркуюць ягоныя дзеянні «недаравальнымі», піша Bloomberg. Таксама ад абароны Трампа адмовіўся і шэраг вядомых юрыдычных фірмаў.

Прафесар палітыкі з Прынстанскага ўніверсітэта Кейт Уіцінгтан кажа, што не надта здзіўлены адмовай кансерватыўных адвакатаў найвышэйшага ўзроўню ад абароны Трампа.

«Тыя, хто, магчыма, спачувалі, абараняючы прэзідэнта ў іншых кантэкстах, як ягоны першы імпічмент, не абавязкова будуць хацець абараняць ад таго, што ён зрабіў цяпер. Гэта нялёгка абараніць і можа запляміць рэпутацыю людзей у будучыні», – мяркуе прафесар.

Як піша Bloomberg, асабісты адвакат Трампа Рудзі Джуліяні наўрад ці далучыцца да каманды юрыстаў прэзідэнта, заявіў прадстаўнік адміністрацыі. Адвакаты ўважаюць яго «таксічнай сілай», а паводзіны Джуліяні на мітынгу перад штурмам Капітолія, верагодна, разгледзяць падчас працэсу імпічменту.

Акрамя гэтага, могуць узнікнуць праблемы з аплатай юрыдычных рахункаў Трампа. Белы дом малаверагодна будзе гэтым займацца, паколькі Трамп ужо не будзе прэзідэнтам.

У той самы час, паводле звестак крыніцаў выдання, сярод рэспубліканцаў на абарону Трампа падчас імпічменту могуць стаць кангрэсмэны Джым Джордан і Эліс Стэфанік. Таксама ёсць здагадка, што адвакат Джон Істман таксама можа абараняць Трампа.

13 студзеня Палата прадстаўнікоў прыняла рэзалюцыю пра імпічмент Трампа пасля штурму Кангрэса ягонымі прыхільнікамі, у выніку якога загінулі пяць чалавек. Цяпер пытанне імпічменту разгледзіць Сенат – найвышэйшая палата Кангрэсу.

Дональд Трамп – адзіны прэзідэнт ЗША, які другі раз зазнаў імпічмент. Упершыню працэдуру імпічменту абвясцілі пасля размовы Трампа з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім – ён прасіў аднавіць расследаванне ў дачыненні да кампаніі Burisma, з якой звязаны сын дэмакрата Джо Байдэна Хантэр.

Прэзідэнта ЗША абвінавацілі ў ціску на Зяленскага з мэтай атрымаць кампрамат на Байдэна, Палата прадстаўнікоў абвясціла яму імпічмент, але Сенат цалкам апраўдаў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».