3 сакавiка 2021, Серада, 21:47
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Навальны заклікаў прыхільнікаў выходзіць на вуліцы

14
Аляксей Навальны заклікаў прыхільнікаў выходзіць на вуліцы
Аляксей Навальны
Фотa: navalny / Instagram

Ягоныя штабы па ўсёй Расеі рыхтуюць мітынгі.

Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны ў панядзелак, 18 студзеня, звярнуўся да расейцаў з заклікам выходзіць на вуліцы з пратэстамі. "Чаго баіцца гэтая жаба, якая сядзіць на трубе? Чаго баяцца гэтыя бункернай злодзеі больш за ўсё? Вы самі выдатна ведаеце. Выхаду людзей на вуліцы. Бо гэта тая рэч, той палітычны чыннік, які нельга ігнараваць. Ён самы галоўны, самы важны, гэта існасць палітыкі. Таму не бойцеся, выходзьце на вуліцы. Выходзьце не за мяне, выходзьце за сябе і за сваю будучыню", - заявіў ён у відэазвароце з аддзела паліцыі ў Хімках, у якім праходзіла пасяджэнне суда, які прысудзіў яго да 30 дзён арышту, перадае DW.

Суполка і штабы Навальнага заявілі пра падрыхтоўку мітынгаў 23 студзеня. "Штабы Навальнага па ўсёй краіне неадкладна пачынаюць падрыхтоўку да вялікіх мітынгаў па ўсёй краіне 23 студзеня, не чакаючы новага суда. Аляксей Навальны мае быць неадкладна вызвалены", - напісаў у Twitter кіраўнік сеткі рэгіянальных штабоў Навальнага Леанід Волкаў.

Суд у аддзеле паліцыі Хімак

Суд, які адбыўся ва УУС горада Хімак, арыштаваў Навальнага, затрыманага напярэдадні па вяртанні з Нямеччыны, на 30 дзён да 15 лютага. Вырак аб меры стрымання вынесены паводле хадайніцтва начальніка Хімкаўскай паліцыі. Да пасяджэння суда адвакатаў Навальнага да яго не дапусцілі, а аб правядзенні пасяджэння іх паінфармавалі за некалькі хвілін да яго пачатку.

Перад будынкам управы паліцыі сабраліся дзясяткі чалавек, якія скандавалі: "Вызваляй!", "Волю Аляксею Навальнаму!", "Мы не пойдзем". На адзіночныя пікеты выйшлі актывісты, сярод іншага, у Самары і Ніжнім Ноўгарадзе. У будынак УУС не прапускалі ні журналістаў, ні паплечнікаў Навальнага. Нягледзячы на тое, што пасяджэнне было абвешчанае адкрытым і публічным, на ім былі толькі тэлеканалы Life News і "Расія". Між тым прэсавы сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў скасаваў брыфінг для журналістаў у дзень арышту Навальнага.

Пра прычыны пераносу судовага пасяджэння ў аддзел паліцыі

"МбХ Медыя" са спасылкай на Хімкаўскі гарадскі суд піша, што пасяджэнне праходзіла ў аддзеле паліцыі праз выбух каранавіруса ў судзе. "У нас абмежаваны доступ грамадзян, такім чынам журналістаў у суд не пусцілі б. У сувязі з тым, што гэта гучная справа, была прынятая пастанова, каб журналісты былі ў паліцыі, бо ў нас каранавірус, шмат хто захварэў з супрацоўнікаў", - цытуе выданне заяву памочніка старшыні суда.

У сваю чаргу галоўная ўправа Маскоўскай вобласці МУС Расеі заявіла, што перанос пасяджэння суда ў аддзел паліцыі звязаны з адсутнасцю ў Навальнага актуальных вынікаў тэсту на каранавірус у дзень прылёту ў РФ. У сувязі з гэтым "кіраўніцтва 2-га аддзела паліцыі УМУС Расеі ў Хімках звярнулася ў Хімкаўскі гарадскі суд Маскоўскай вобласці з хадайніцтвам аб правядзенні выязнога пасяджэння на месцы фактычнага ўтрымання затрыманага", зазначаецца ў заяве. Доступ у аддзел паліцыі абмежаваны "ў мэтах гарантавання санітарна-эпідэмічнай бяспекі", адзначаецца далей.

Навальны заявіў пра беззаконне найвышэйшай ступені

Сам Аляксей Навальны перад пачаткам пасяджэння заявіў, што яго хвіліну таму прывялі з камеры на сустрэчу з адвакатам. "Я прыйшоў сюды, тут адбываецца пасяджэнне Хімкаўскага суда... Чаму пасяджэнне Хімкаўскага суда адбываецца ў паліцыі, я не разумею. Чаму нікога не паінфармавалі, чаму не далі ніякай позвы... Я шмат бачыў насмешак з правасуддзя, але... гэта найвышэйшая ступень беззаконня", - адзначыў ён у відэазвароце.

Кіраўнік юрыдычнага аддзела Фонду барацьбы з карупцыяй Вячаслаў Гімадзі між тым нагадаў пра артыкул 118 Канстытуцыі РФ, згодна з якім не дапускаецца стварэнне надзвычайных судоў. "Для Навальнага дэ-факта стварылі надзвычайны суд-трыбунал у АУС. Па-за судом, па-за працэдурай, непрадугледжаная мера (для ўмоўна асуджаных у КВК няма варты). Мабыць, улада хоча для сябе таксама не суд, а трыбунал", - напісаў ён у Twitter.

Затрыманне Навальнага ў аэрапорце

Навальнага затрымалі на пашпартным кантролі, калі апазіцыянер прыляцеў з Бэрліна ў Маскву. Падчас затрымання адвакатка Вольга Міхайлава прасіла, каб у аддзяленні паліцыі была і яна, але атрымала адмову. На працягу некалькіх гадзін пасля ягонага затрымання было невядома, дзе менавіта знаходзіцца апазіцыянер.

У Нямеччыне Аляксей Навальны правёў амаль пяць месяцаў пасля атручвання "Новичком". Як толькі апазіцыянер абвясціў аб сваім вяртанні ў Расею, стала вядома, што ў краіне ён абвешчаны ў вышук у справе "Іў Рашэ" і што яму хочуць замяніць умоўны тэрмін на рэальны. Суд у справе "Іў Рашэ" адбудзецца 29 студзеня. Навальны называе ўсе крымінальныя справы супраць яго сфабрыкаванымі. Кіраўніцтва ЕЗ, еўрапейскія ды амэрыканскія палітыкі заклікаюць РФ неадкладна вызваліць апазіцыянера.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».