26 красавiка 2024, Пятніца, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Час дамоў мінуў, патрэбныя больш сур'ёзныя крокі для ціску на беларускі рэжым

4
Алесь Бяляцкі: Час дамоў мінуў, патрэбныя больш сур'ёзныя крокі для ціску на беларускі рэжым
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ
ФОТА: СЯРГЕЙ ГРЫЦ

Дыктатура разумее толькі мову ўльтыматумаў.

Гэтыя і іншыя пытанні Deutsche Welle задала Алесю Бяляцкаму - старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэату прэміі Right Livelihood Award, якую называюць таксама альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміяй.

Бяляцкі, як і многія іншыя праваабаронцы і спартсоўцы ў Беларусі, актыўна заклікаў IIHF пазбавіць Менск права на правядзенне сусветнага першынства ў хакеі.

- Старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў назваў тых, хто выступіў за пазбаўленне краіны права на правядзенне першынства, "здраднікамі", якія адабралі ў беларускага народа сапраўднае свята. Вы разглядаеце ягоныя аргументы як пераканаўчыя?

- Перанос чэмпіянату свету ў хакеі - гэта практычна беспрэцэдэнтны выпадак. Да гэтага такое было толькі ў 1969 годзе, калі ЧС перанеслі з Чэхаславакіі пасля ўварвання туды войскаў савецкай кааліцыі. Сітуацыя свята на касцях, або балю падчас чумы, які беларускія ўлады хацелі зладзіць падчас масавых рэпрэсій, глядзелася б вельмі недарэчна. Таму, улічваючы агульную сітуацыю, мы (праваабарончы цэнтр "Вясна". - рэд.) настойліва выступалі супраць правядзення чэмпіянату ў Беларусі.

Грамадска-палітычны крызіс у краіне працягваецца. Кожны дзень ідуць новыя затрыманні, арышты як паводле адміністрацыйных, так і паводле крымінальных спраў. Пачаліся суды над актывістамі, затрыманымі летам і восенню мінулага года. Кожны дзень праходзіць некалькі судоў. Усё гэта адбываецца для ўтрымання ўлады.

Вядома ж, мы выступаем за тое, каб спорт рабіўся чыстымі рукамі і быў далёкі ад палітыкі, але ў такіх краінах, як наша, спорт мае ідэалагічную афарбоўку, як і пры многіх аўтарытарных і таталітарных рэжымах. Мы памятаем, чым быў спорт у сталінскія часы і ў часы фашысцкай Нямеччыны. У Беларусі спорт не з'яўляецца незалежным. Гэта не свята для людзей, а ідэалагічны складнік улады.

Што да Дзмітрыя Баскава, то нядаўна стала вядома, што ён мог прымаць удзел у затрыманні актывіста Рамана Бандарэнкі.

Гэты малады чалавек быў забіты ў двары свайго дома незразумела кім - ці то АМАПам, ці то кампаніяй так званых "ябацек", у якой быў і Баскаў. Многіх абурылі да глыбінь душы паводзіны гэтай кампаніі, гэта было ўспрынята як грэбаванне чалавечым жыццём. Тое, што ва ўсім гэтым удзельнічаў Дзмітрый Баскаў, які з'яўляецца трэнерам у хакеі аднаго з сыноў Лукашэнкі, напярэдадні чэмпіянату свету падліло алею ў агонь.

- Ці не баіцеся вы, што пасля пазбаўлення Беларусі права на правядзенне ЧС Лукашэнка страціць апошні стымул да таго, каб імітаваць наяўнасць у краіне дэмакратыі?

- Мне здаецца, усё стымулы ўжо даўно страчаныя. Нядаўна былі апублікаваныя аўдыёзапісы размоў намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалая Карпянкова, у якіх ён кажа аб планах стварыць канцэнтрацыйныя лагеры для ўдзельнікаў мірных дэманстрацый. Выкананне гэтых планаў прыпынілі ў апошнюю хвіліну. Мы стаім на парозе з'яўлення паўфашысцкай ўлады, якая трымаецца на штыках і чыніць беззаконне, нягледзячы ні на што. Яшчэ ў траўні мінулага года ў нас у краіне было толькі трое палітвязняў. Сёння, паводле звестак беларускай праваабарончай супольнасці, іх 183, і колькасць пастаянна расце. Гэтую сітуацыю цяжка параўнаць з чым-небудзь у новай гісторыі Беларусі. Пасля сталінскіх часоў рэпрэсій такога маштабу у нас не было.

- У Нямеччыне многія думаюць, што на пастанову Міжнароднай федэрацыі хакея на лёдзе паўплываў сыход спонсараў чэмпіянату. Вы таксама мяркуеце, што фінансавыя меркаванні былі ў гэтым выпадку важнейшымі за маральныя прынцыпы?

- Мне здаецца, што фінансавае пытанне стала апошняй кропляй. Бо прычын для пераносу чэмпіянату было шмат. Былі дзясяткі зваротаў як ад праваабарончага цэнтра "Вясна", так і ад іншых асацыяцый і арганізацый, беларускіх спартоўцаў.

Лукашэнка не раз заклікалі сесці за стол перамоў з пратэстоўцамі і выпусціць палітвязняў. Гэтага зроблена не было, і правядзенне чэмпіянату ў такіх умовах стала б аплявухай беларускай грамадзянскай супольнасці. Мы - еўрапейская краіна і патрабуем, каб у дачыненні да нас не дзейнічалі падвойныя стандарты. Пры такім узроўні парушэнняў правоў чалавека ніхто не стаў бы праводзіць чэмпіянат у Швайцарыі, адкуль да Лукашэнкі ў госці прыехаў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея. А ў нас гэта лічыцца нармальным. Што гэта за падыход?

Тое, што многія кампаніі адмовіліся спансаваць ЧС у Беларусі, мы лічым выдатным. Правы чалавека і бізнэс - гэта важная тэма. Ні ў якім разе нельга дапускаць, каб бізнэс заплюшчваў вочы на сітуацыю з правамі чалавека ў тых краінах, дзе ён працуе, - ці ідзе гаворка пра дзіцячую або рабскую працу ці пра масавыя парушэнні правоў чалавека, як у Беларусі.

- Сярод кампаній, якія адмовіліся спансіраваць ЧС у хакеі ў Беларусі, - тры нямецкія. Ці можна сказаць, што Нямеччына адыгрывае асаблівую ролю ў падтрымцы дэмакратычнага руху ў Беларусі?

- Думаю, што ў гэтай сітуацыі Еўразвяз мог бы паводзіць сябе яшчэ больш актыўна.

Мы адчуваем маральную падтрымку і бачым, што былі зроблены першыя, нясмелыя крокі, якія тычацца палітычных і эканамічных санкцый, але мне здаецца, што з такімі людзьмі, як Лукашэнка, трэба размаўляць на той мове, якую яны разумеюць. А разумеюць яны мову ўльтыматумаў і грошай. Час дамоў мінуў, патрэбныя больш сур'ёзныя крокі для ціску на беларускі рэжым.

- Учора Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе паведаміла, што Беларусь атрымае кампенсацыю за пазбаўленне яе права на правядзенне чэмпіянату свету. Ці азначае гэта, што рэжым атрымае фінансавую падтрымку?

- Я думаю, што ў гэтым няма нічога страшнага. Гэта звычайны кантракт, які складаўся яшчэ да правядзення чэмпіянату. Думаю, пастанова не праводзіць ЧС у Беларусі і забраць у Лукашэнкі яго ўлюбёную цацку (а хакей - гэта сапраўды ўлюбёная цацка дыктатара) у дзясяткі разоў больш значная, чым гэтыя тэхнічныя пытанні.

- Як вы ацэньваеце сітуацыю нелаяльных ўлады спартоўцаў у Беларусі? У кастрычніку 2020 года яны паведамілі МАК, што зазнаюць на радзіме рэпрэсіі праз свае палітычныя перакананні.

- Спартоўцаў прымушаюць маўчаць, выкарыстоўваючы фінансавыя вагары і пазбаўляючы іх магчымасці ўдзельнічаць у турнірах, прасоўваючыся ў спартыўнай кар'еры. Мне гэта нагадвае яшчэ дасавецкія часы, калі спартоўцам у Беларусі забаранялі ўдзельнічаць у спаборніцтвах, калі яны паказвалі нацыянальнасць "беларус". Цяпер некаторыя беларускія спартоўцы праявілі прынцыповасць і паслядоўна выступілі за дэмакратычныя змены, яны праявілі годнасць, запатрабавалі змяніць стаўленне да іх - і гэта выдатна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках