29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі школы падключаюць да збору асабістых звестак пра настаўнікаў

7
У Беларусі школы падключаюць да збору асабістых звестак пра настаўнікаў
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА
TUT.BY

А як жа таямніца прыватнага жыцця?

Школы патрабуюць ад сваіх супрацоўнікаў даць ім асабістыя звесткі. Незразумелы дакумент даслала ў рэдакцыю чытачка «Салідарнасці» з Менска.

– На якіх падставах я павінна даваць згоду на раскрыццё ў дачыненні да мяне звестак, якія ўтрымліваюцца ў адзіным дзяржаўным банку звестак аб правапарушэннях, наяўнасці або адсутнасці ў мяне судзімасцяў? Хіба працадаўца мае права патрабаваць такія звесткі без якіх-небудзь прычынаў? – здзіўляецца настаўніца сталічнай школы.

– Думаю, што гэты ліст з той самай серыі збору звестак, які мы бачым у некаторых раёнах Менска, дзе супрацоўнікі міліцыі без матэрыялаў праверкі і якіх-небудзь падставаў спрабуюць збіраць асабістыя звесткі, апытваюць, шукаюць допісы. Гэта звёны аднаго ланцуга, – мяркуе кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.

У экспрэс-каментары «Салідарнасці» ён расказаў, чым можа быць абумоўленая такая цікаўнасць дзяржорганаў і што ў адказ на падобныя просьбы могуць рабіць грамадзяне.

– Памятаеце, нядаўна прайшла інфармацыя пра тое, што збіраецца нейкая база нібыта правапарушальнікаў, у якую будуць унесеныя ўсе, хто праходзіў паводле розных артыкулаў.

Мяркую, што менавіта зборам інфармацыі ў гэтую базу займаецца цяпер міліцыя ў Новай Баравой. Але інфармацыю аб правапарушэннях могуць запытваць толькі ў асаблівых выпадках і гэта спецыяльная працэдура. Вядома, прыдумаць прычыну для кожнага чалавека складана і адной міліцыі не пад сілу. Мабыць, ім у дапамогу запрашаюць іншыя дзяржорганы.

Як пасля будзе выкарыстоўвацца інфармацыя з гэтай базы, невядома. Можа, будуць потым прымусовыя затрыманні тых, хто ў яе занесены, ці гэта адаб'ецца на пагонах, ільготах і ўзнагародах...

У любым выпадку, падобныя дзеянні фактычна азначаюць ажыццяўленне кантролю за іншадумствам. Калі гаварыць на мове закону, то гэта парушэнне адразу некалькіх артыкулаў Канстытуцыі. Артыкула 28, паводле якога «кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў ягонае асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну ягонай карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на ягоныя гонар і годнасць».

Артыкула 33, паводле якога «кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне».

Артыкула 29, згодна з якім усім гарантуецца недатыкальнасць жылля, і ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў яго. Калі да вас усё ж такі незаконна, без санкцыі пракурора праніклі супрацоўнікі міліцыі, трэба запісаць іх звесткі і пасля абавязкова адправіць скаргу пракурору раёна.

Бо мы не разумеем, для чаго і міліцыя, і цяпер ужо школы збіраюць гэтыя звесткі, якія адносяцца да асабістых звестках, заўсёды можна спасылацца на артыкул 27, згодна з якім «ніхто не павінен прымушацца даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, чальцоў сваёй сям'і , блізкіх сваякоў», – нагадвае правазнаўца.

Воўчак не раіць педагогам адразу падаваць кіраўніцтву інфармацыю, якую яны не ўважаюць патрэбнай.

– Але і замоўчваць падобнае не варта. Настаўнік павінен вучыць, а не займацца зборам і падачай інфармацыі, якая можа адбіцца на ягонай рэпутацыі.

Гэта прамое парушэнне аховы таямніцы асабістага жыцця! Падобныя звесткі могуць вылучацца выключна на жаданне самога грамадзяніна.

Я раю настаўнікам абавязкова калектыўна звярнуцца ў прафзвяз і запатрабаваць абараніць ад незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё.

Таксама варта адправіць ліст у Міністэрства адукацыі, у якім запатрабаваць растлумачыць, з якой мэтай запытваюць гэтыя звесткі, на падставе якога дакумента, кім дадзенае распараджэнне і г.д.

Зварот варта адправіць і дэпутатам мясцовых саветаў і парламента. Хай таксама дапамагаюць разабрацца. Трэба пісаць, не баяцца, таму што Канстытуцыя і законы ўсё роўна ў нас ёсць, нават калі яны не выконваюцца, – рэкамендуе праваабаронца змагацца за свае правы.

Воўчак сцвярджае, што, чым бы ні апраўдвалі цяпер дзяржорганы збор гэтай інфармацыі, сістэма татальнага кантролю нежыццяздольная ў любым выпадку.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках