24 красавiка 2024, Серада, 6:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапарламент пра арышт Навальнага: «Паўночную плынь-2» трэба спыніць

4
Еўрапарламент пра арышт Навальнага: «Паўночную плынь-2» трэба спыніць

Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб арышце расейскага палітыка.

Еўрапарламент рэзка асудзіў арышт апазіцыянера Аляксея Навальнага і заклікаў вызваліць яго «неадкладна і без усялякіх дадатковых умоў». Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прысвечанай арышту і затрыманню на 30 дзён расейскага палітыка пасля яго вяртання на радзіму. Дакумент прынялі на пленарным пасяджэнні ў Брусэлі ў чацвер, 21 студзеня. За яго прагаласаваў 581 еўрадэпутат, 50 - былі супраць, яшчэ 44 - устрымаліся, паведамляе карэспандэнт DW.

Еўрапарламент: Навальны - адзін з галоўных апанентаў Пуціна

Затрыманне Навальнага і яго прыхільнікаў у Еўрапарламенце назвалі «палітычна матываванымі рэпрэсіямі», што ўчыняюцца ўладамі РФ, між іншым з выкарыстаннем судовай сістэмы. Еўрадэпутаты ўважаюць, што арышт Навальнага, а таксама замах, учынены на яго ў жніўні з дапамогай баявога атрутнага рэчыва сямейства «Навічок», накіраваны на тое, каб перашкодзіць апазіцыянеру выкрываць карумпаваны рэжым у РФ.

Самага Навальнага ў рэзалюцыі называюць «вядучым расейскім палітыкам, юрыстам і антыкарупцыйным актывістам», які стаў «адным з самых эфектыўных лідараў расейскай апазіцыі». Дзякуючы сваім расследаванням карупцыі і палітычнай дзейнасці, Навальны стаў «адным з найбуйнейшых апанентаў» уладаў РФ і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, уважаюць у Еўрапарламенце. У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што расейскія ўлады нясуць поўную адказнасць за стан Навальнага, як «фізічны, так і псіхічны».

Да якіх санкцый за арышт Навальнага заклікаў Еўрапарламент

У адказ на затрыманне і арышт Навальнага Еўрапарламент заклікаў Раду ЕЗ «заняць актыўную пазіцыю падчас наступных пасяджэнняў і істотна ўзмацніць абмежавальныя захады Еўразвяза ў дачыненні да Расеі». У рэзалюцыі ўдакладняецца, што санкцыі варта ўвесці супраць «фізічных і юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да пастановы арыштаваць і пазбавіць свабоды Аляксея Навальнага». Акрамя таго, на думку еўрадэпутатаў, ЕЗ павінен прымяніць новы рэжым санкцый за парушэнні правоў чалавека да асоб, што адказныя за атакі на Навальнага.

Акрамя гэтага, рэзалюцыя просіць Раду ЕЗ увесці санкцыі ў дачыненні да «расейскіх алігархаў, звязаных з рэжымам, і сябраў блізкага атачэння прэзідэнта Пуціна, а таксама медыя-прапагандыстаў». На думку еўрадэпутатаў, забарона на ўезд і замарожванне актываў павінны распаўсюджвацца і на іх семейнікаў. Еўразвяз павінен перастаць быць гасціннай гаванню для расейскіх грошай незразумелага паходжання, упэўненыя еўрадэпутаты.

«Еўрапарламент заклікае ЕЗ і яго дзяржавы-сябры крытычна перагледзець супрацоўніцтва з Расеяй на разнастайных знешнепалітычных платформах і ў дачыненні да праектаў, такіх як «Паўночная плынь-2», завяршэнне якога ЕЗ павінен спыніць неадкладна», - падкрэсліваецца ў рэзалюцыі.

Такая фармулёўка ў дачыненні да «Паўночнай плыні-2» з'яўляецца больш жорсткай, чым у рэзалюцыі ў сувязі з атручваннем Навальнага, прынятай у верасні 2020 года. Тады Еўрапарламент толькі нагадаў пра сваю ранейшую пазіцыю, што праект варта спыніць. Падчас галасавання па папраўках 21 студзеня шэраг еўрадэпутатаў паспрабавалі прыбраць згадванне аб праекце трубаправода з рэзалюцыі. Зрэшты, такую прапанову падтрымалі толькі 136 парламентарыяў, тады як 449 іх калег прагаласавалі за захаванне прызыву.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках