26 лютага 2021, Пятніца, 7:06
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвакат Навальнага: У яго пачынаюцца праблемы са зрокам

4
Адвакат Навальнага: У яго пачынаюцца праблемы са зрокам
АЛЯКСЕЙ НАВАЛЬНЫ

У якіх умовах расейскага палітыка ўтрымліваюць у СІЗА і які тэрмін яму пагражае.

Па ўсёй Расеі на выходных запланаваныя акцыі ў падтрымку апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, якога затрымалі адразу пасля вяртання на радзіму з Нямеччыны 17 студзеня. Ужо на наступны дзень суд, які адбыўся ва УУС горада Хімак, арыштаваў яго да 15 лютага.

Расейская Федэральная служба выканання пакаранняў (ФСВП) дамагаецца замены ўмоўнага тэрміну для апазіцыянера на рэальны паводле справы касметычнай кампаніі «Іў Рашэ». Напярэдадні пратэстаў 23 студзеня DW паразмаўляла з адвакатам Навальнага Вольгай Міхайлавай аб стане і ўмовах утрымання палітыка.

- Вы былі ў аэрапорце Шарамеццева, калі Аляксей Навальны прыляцеў у Маскву. А калі вы бачылі яго апошнім разм?

- Апошнім разам я бачыла яго ўчора (21 студзеня. - Рэд.) у следчым ізалятары.

- У якім ён стане?

- Цалкам нармальны стан. Адзінае, ён скардзіцца, што знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме. Ён не ведае, што адбываецца навокал. Тэлевізар у яго ёсць, але, як я разумею, там абмежаваная колькасць каналаў, якія не транслююць, што адбываецца напраўду ў краіне. З нагоды бытавых умоў - пра гэта казалі шмат ужо - пакуль усё нармальна.

- Аляксей Навальны знаходзіцца ў адзіночнай камеры або дзеліць з кімсьці камеру?

- Ён знаходзіцца ў спецблоку СІЗА «Матроская цішыня», у камеры адзін. У яго карантын. На карантын яго пасадзілі дзесьці на два тыдні. У камеры цёпла, чыста. Умовы нібыта здавальняючыя.

- Навальны быў атручаны ў жніўні мінулага года. Ці патрэбная яму медыцынская дапамога і ці надаецца яна, калі патрэбна?

- Як я разумею, ён у прынцыпе прайшоў усе курсы фізіятэрапіі і гэтак далей. На гэты момант спецыялізаваная медыцынская дапамога яму не патрэбная. Адзінае, у яго пачынаюцца праблемы са зрокам. Таму мы будзем дамагацца, каб яго агледзеў акуліст. Але гэта пакуль планы на найбліжэйшую будучыню.

- Што да абвінавачанняў, выстаўленых вашаму падабароннаму, якія з іх вы ўважаеце за найбольш сур'ёзныя, што можа мець найбольш сур'ёзныя наступствы?

- Зразумела, што шмат чаго можа адбыцца, таму прадказваць я не буду. Найбліжэйшае судовае паседжанне прызначанае для замены ўмоўнага пакарання на рэальнае (паводле справы «Іў Рашэ». - Рэд.). Суд прызначыў яму тры з паловай гады ўмоўна. Адпаведна, гэта пакаранне можа стаць рэальным у найбліжэйшыя дні. Але будзе ўлічвацца, што паводле справы «Іў Рашэ» Аляксей амаль цягам года знаходзіўся пад хатнім арыштам. Адпаведна, рэальна яму пагражае пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў пазбаўлення волі.

- Ці працуе Аляксей Навальны, акрамя вас, з нейкімі замежнымі адвакатамі? Можа быць, з Нямеччыны?

- У гэтым выпадку замежныя адвакаты не могуць працаваць на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Цяпер у яго два адвакаты - я і Вадзім Кобзеў.

- Навальны падчас так званага выязнога пасяджэння суда ў Хімках заклікаў людзей выходзіць на вуліцы. Акцыі 23 студзеня не санкцыянаваныя. Ці была ў гэтай сувязі нейкая рэакцыя з боку ўладаў ці праваахоўных органаў?

- Мне пра гэта нічога не вядома.

- Аляксей Навальны ведае пра тое, што цяпер пачалі масава запалохваць і затрымліваць ягоных прыхільнікаў?

- Так, я яму пра гэта ўчора сказала. Таксама я яму сказала, што на той момант, калі я да яго прыходзіла, было 44 мільёны праглядаў у фільма, які яны выпусцілі (на момант публікацыі відэа аб «палацы Пуціна» паглядзелі больш за 55 млн раз. - Рэд.). Ён здзівіўся і вельмі ўзрадаваўся гэтаму факту.

- Вы сказалі, што ён знаходзіцца на карантыне. Гэта значыць, ніякіх допытаў або следчых дзеянняў з ім не праводзіцца?

- Не, цяпер з ім нічога не праводзіцца. Уласна, ён проста сядзіць у камеры. Яго нікуды не возяць. Да яго ніхто не прыходзіць, акрамя псіхолага і тых асоб, якія прыходзяць да людзей, якія знаходзяцца ў СІЗА на першым часе.

- Адпаведна, у СІЗА Аляксей Навальны не атрымлівае пакуль інфармацыі звонку?

- Ён не атрымаў ніводнага ліста. Як я разумею, у гэты следчы ізалятар (СІЗА №1 ФСВП «Матроская цішыня». - Рэд.) перасталі прымаць лісты або іх адпраўляць. Нават тыя, якія былі адпраўленыя ў самым пачатку ад сваякоў. Гэтыя лісты да яго не дайшлі, ён не атрымаў ніводнага ліста.

- Ці будзе ў жонкі Аляксея Навальнага або ягоных блізкіх магчымасць наведаць яго ў СІЗА пасля заканчэння карантыну?

- Не, акрамя адваката, больш ніхто яго не можа наведаць, бо падчас пандэміі ўсё забароненае. У далейшым, калі рэжым пандэміі будзе зняты, то тады гэта магчыма, у прынцыпе, калі сваякам дазволяць спатканне з ім. Цяпер гэта забароненае ва ўсіх следчых ізалятарах Масквы.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».