26 красавiка 2024, Пятніца, 6:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы дайшлі да «галодных бунтаў»

1
Як беларусы дайшлі да «галодных бунтаў»
ІГАР ЛОСІК

Толькі праз пратэст і патрабаванні можна хоць чагосьці дамагацца.

Удзельнік адной з першых рэзанансных галадовак у гісторыі незалежнай Беларусі Юры Хадыка, неяк адзначаў у інтэрв'ю, што ўвесну 1996-га яны з Вячаславам Сіўчыкам пайшлі на адчайны крок у тым ліку і ў надзеі на тое, што гэта будзе першы і апошні пратэстны досвед, піша «Салiдарнасць».

Той пратэст Сіўчыка і Хадыкі быў паспяховым - пад міжнародным ціскам улады вымушаныя былі пайсці на саступкі і вызваліць палітвязняў з СІЗА. Але на гэтым гісторыя галадовак у Беларусі не скончылася. Хутчэй, яна толькі пачалася.

Праз дзесяць гадоў да галадоўкі, як да апошняга кроку, звярталіся не толькі апазіцыйныя палітыкі і актывісты. Дзясяткі прадпрымальнікаў галадалі ў Віцебску ў 2004-м, пратэстуючы супраць новых правілаў гандлю.

У 2006-м некалькі сотняў пратэстантаў галадалі ў Менску праз пастанову гарадскіх уладаў адабраць у іх будынак царквы.

- Ужо мінулы год стаў для Беларусі рэкордным паводле колькасці галодных пратэстаў. Людзі галадалі калектыўна і ў адзіночку. У Менску і маленькіх гарадах. У турме і на волі. Галадалі і хатнія гаспадыні, і палітыкі. Можна не сумнявацца, што гэты год паб'е ўсе рэкорды, - пісала Святлана Калінкіна ў чэрвені 2006 года ў артыкуле «Галодныя бунты».

Менавіта такую назву яна дала адзінкавым і калектыўным, палітычным, эканамічным і бытавым галадоўкам, якія апанавалі краіну.

- Заціскаць нават для начальніка турмы, нават для дыктатара - гэта толькі палова працы. Але калі людзі пастаўлены ў такую сітуацыю, што адзіным выхадам для іх застаецца галодны пратэст, значыць, хтосьці сарваў разьбу, - пісала Калінкіна.

Гэтая дакладная характарыстыка, на жаль, захавала сваю актуальнасць аж да нашых дзён. Як і высновы Вячаслава Сіўчыка, зробленыя ім у 1996-м пасля выхаду з СІЗА. Што тлумачыць прычыны, якія штурхаюць вязняў турмаў на адчайны крок.

- Для мяне было адкрыццём, у якіх умовах у канцы дваццатага стагоддзя ўтрымліваюць людзей. Дагэтуль я думаў, што ў такім выглядзе могуць быць толькі грамадскія прыбіральні. Але ў гэтых умовах людзі, віна якіх яшчэ не даказана, мусяць сядзець месяцы і нават гады. Людзі, якія не асуджаны судом, мусяць спаць па чарзе, па тры чалавекі на месца, - распавёў палітык у інтэрв'ю газеце «Свабода».

Са слоў Сіўчыка, у краіне захавалася сістэма ГУЛАГа, а беларусы так і не здолелі пабудаваць прававую дзяржаву.

- Сёння кожны грамадзянін Беларусі можа быць незаконна асуджаны на шматгадовае зняволенне ў нялюдскіх умовах,- гэтыя словы ў нашы дні гучаць таксама надзённа.

І яшчэ адное прывітанне з 90-х. Апісваючы ўмовы ўтрымання ў СІЗА, Сіўчык і Хадыка распавядалі аб інфармацыйнай блакадзе, наладжанай ім адміністрацыяй - ні газет, ні лістоў.

У такіх умовах утрымліваюцца зняволеныя ў Жодзінскім СІЗА

Пра тое, што турэмныя парадкі мала змяніліся за апошнюю чвэрць стагоддзя, напісана нямала. Вось свежае сведчанне чалавека, вымушанага абвясціць галадоўку на знак пратэсту супраць нечалавечых умоў і стаўлення ахоўнікаў.

- Як чалавек, які прайшоў галадоўку, скажу, што робіцца гэта не таму, што так хочацца. А таму што гэта адзіны спосаб барацьбы там, - напісала журналістка Яўгенія Доўгая ў падтрымку Ігара Лосіка. - Таму што змяшчаюць цябе ў смярдзючую, абдзёртую і халодную камеру, а разам з ёй, у вакуум.

Тваё цела аўтаматычна становіцца адзіным інструментам барацьбы з тым абсурдам, які там адбываецца. У кожны момант можа ўвайсці дзядзька ў чорным з дубінай і зрабіць з табой абсалютна ўсё, што яму захочацца. Ён можа забраць бутэльку з цёплай вадой - адзінай крыніцай цяпла, ён забярэ ў цябе красоўкі, ён забярэ ўсе, што цябе хоць неяк ратуе.

Толькі праз пратэст і патрабаванні можна хоць чагосьці дамагацца. Нават у такіх месцах.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках