24 красавiка 2024, Серада, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Атлантычная рада дала рэкамендацыі для Байдэна пра стратэгію дачыненняў з Беларуссю

57
Атлантычная рада дала рэкамендацыі для Байдэна пра стратэгію дачыненняў з Беларуссю
фото: angela weiss/afp

У новага прэзідэнта ЗША ёсць гістарычная магчымасць.

Паводле інфармацыі БелаПАН, пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Байдэн і Беларусь: стратэгія для новай адміністрацыі», апублікаваным на сайце Атлантычнай рады. Аўтарамі дакладу значацца Андрэс Аслунд (швэдска-амерыканскі журналіст і дыпламат), Мелінда Хэрынг (намесніца дырэктара Еўразійскага цэнтра Атлантычнай рады), Джон Хербст (былы амбасадар ЗША ва Узбекістане і Украіне) і Аляксандр Вершбоў (былы амбасадар ЗША ў Расеі, былы намеснік генеральнага сакратара NАТО).

«У 2020 годзе беларусы нечакана паставілі пад сумнеў легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі на жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбарах у краіне, - гаворыцца ў дакуменце. - Лукашэнка нахабна сфальсіфікаваў вынікі, заявіўшы, што набраў 80% галасоў, але ні ЗША, ні Еўразвяз не прызнаюць ягоную перамогу. Сфармаваўся шматмесячны пратэстны рух, які патрабуе новых выбараў пад наглядам міжнароднай супольнасці».

На думку аўтараў дакладу, апошнія гады «не было лепшага шанцу для кіраўніцтва ЗША спрыяць ўстойлівым пазітыўных зменам у Еўропе, чым крызіс у Беларусі», але забяспечыць дэмакратычныя перамены ў краіне няпроста, улічваючы ўнутраны супраціў і рашучасць Масквы прадухіліць новую «каляровую рэвалюцыю».

У дакладзе ўтрымліваецца шэраг рэкамендацый для Байдэна, каб «спрыяць росту дэмакратычнага руху ў Беларусі, узмацніць цяперашняга лідара апазіцыі і аслабіць падтрымку Лукашэнкі».

Байдэну рэкамендуюць сустрэцца з экс-кандыдаткай у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай цягам першых 100 дзён знаходжання на пасадзе прэзідэнта ЗША.

На думку экспэртаў, Байдэн павінен прызначыць высокапастаўленага чыноўніка для каардынацыі з ЕЗ, Вялікабрытаніяй і Канадай супольных дзеянняў у санкцыях у дачыненні да Беларусі, а таксама падпісаць указ пра санкцыі супраць сотняў беларускіх чыноўнікаў, якія парушаюць правы чалавека, каб гэта служыла стрымлівальным чыннікам далейшай эскалацыі рэпрэсій. Экспэрты Атлантычнай рады гатовыя падаць такі спіс для разгляду.

«Злучаныя Штаты павінны называць Лукашэнку былым прэзідэнтам Беларусі. Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр павінна заняць сваю пасаду у Менску і наведаць Вільню па меры неабходнасці, але не ўручаць Лукашэнку свае даверчыя граматы, - гаворыцца ў дакладзе. - ЗША павінны ўвесці санкцыі супраць кампаній, якія займаюцца прыватнымі фінансамі Лукашэнка. ЗША павінны пагражаць санкцыямі расейскім кампаніям і бізнэсоўцам у выпадку, калі яны захопяць беларускія кампаніі або падтрымаюць рэжым Лукашэнкі фінансава або палітычна. ЗША таксама павінны ўвесці санкцыі супраць расейскіх СМІ і журналістаў, якія ўдзельнічаюць у прапагандысцкіх кампаніях супраць беларускага пратэстнага руху».

У дакладзе гаворыцца, што кангрэс ЗША павінен даць «канкрэтныя ўказанні Дзярждэпартаменту, каб ён штогод выдаткоўваў не менш за 200 млн даляраў на падтрымку грамадзянскай супольнасці і сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі». Кангрэсу рэкамендавана падвоіць бюджэт беларускай службы «Радыё Свабода».

«Дзяржсакратар павінен прызначыць высокапастаўленага чыноўніка, які будзе кантраляваць ўсю дапамогу Беларусі і штоквартальна даваць справаздачу пра яе перад кангрэсам, - прапануюць экспэрты. - Злучаныя Штаты (разам з ЕЗ) павінны накіроўваць гуманітарную дапамогу апазіцыі па каналах, якія фактычна даходзяць да іх у Беларусі. Дзяржсакратар павінен садзейнічаць безумоўнаму вызваленню і амністыі ўсіх палітычных зняволеных, заклікаць да спынення гвалту, намагаць на інклюзіўным нацыянальным дыялогу для развязання палітычнага крызісу ў Беларусі і правядзенні ў надалей свабодных і справядлівых выбараў».

У дакладзе таксама адзначаецца, што ЗША павінны выкарыстоўваць свой уплыў у міжнародных арганізацыях, такіх як АБСЕ і ААН, для забеспячэння іх актыўнага ўдзелу ў развязанні беларускага крызісу шляхам пасярэдніцтва ў дыялогу, стварэння дадатковага ціску на рэжым, збору доказаў злачынстваў, каб нарэшце прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Экспэрты падрыхтавалі шэраг рэкамендацый для кіравання «рэакцыяй Расеі на падзеі ў Беларусі з мэтай прадухілення крамлёўскіх рэпрэсій». «Адміністрацыя Байдэна павінна ў прыватным парадку перасцерагчы [беларускую] апазіцыю ад усякіх сігналаў, якія сведчаць аб яе зацікаўленасці ва ўступленні ў ЕЗ або NATO, і публічна растлумачыць сваю пазіцыю ў Беларусі толькі як такую, што падтрымлівае права народа Беларусі выбіраць свайго ўласнага лідара і будучыню, - гаворыцца ў дакладзе. - Разам з ЕЗ адміністрацыя Байдэна павінна падтрымліваць рэгулярны дыпламатычны дыялог з Масквой, падкрэсліваючы, што прадаўжэнне пратэстнага руху тычыцца толькі ўнутранай палітыкі Беларусі, а не геапалітыкі. Першапачатковымі мэтамі з'яўляюцца неадкладнае спыненне рэпрэсій, вызваленне вязняў і пачатак сапраўднага, інклюзіўнага палітычнага дыялогу, які можа закласці аснову для новых выбараў пад міжнародным наглядам».

Акрамя таго, адміністрацыя Байдэна «павінна правесці выразную мяжу ў дачыненні да ўмоўных санкцый: Масква павінна дакладна разумець, што ёй пагражаюць дадатковыя санкцыі, калі яна накіруе ў Беларусь сілы бяспекі (адкрыта ці прыхавана, уключаючы вайсковую або кадравую падтрымку) для падтрымкі Лукашэнкі або разгону беларускіх пратэстоўцаў».

«Гэтыя тры рэкамендацыі ў кіраванні рэакцыяй Крамля - гэта пакет, які павінен выконвацца разам, - адзначаюць экспэрты. - Было б катастрофай прымірыцца з Крамлём, адгаворваючы Беларусь ад развароту ў ЕЗ, не ўсталёўваючы пры гэтым дакладных межаў супраць магчымага ўмяшання Масквы ў Беларусь».

Атлантычная рада - амерыканскі аналітычны цэнтр, заснаваны ў 1961 годзе пры NАТО для заахвочвання супрацоўніцтва паміж ЗША і Заходняй Еўропай.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках