Кошт нафты маркі Brent вырас да максімуму з лютага 2020 года
4- 8.01.2021, 20:27
- 13,398
8 студзеня кошт нафты эталоннага гатунку Brent перавысіў $55 за барэль.
Пра гэта сведчаць звесткі сайта investing.com
Гэта максімальны паказчык з 25 лютага 2020 года.
Сакавіцкі ф'ючэрс нафты маркі Brent на Лонданскай біржы сёння таргаваўся на ўзроўні $54,35-55,36 за барэль.
Катыроўкі ф'ючэрсаў нафты WTI таксама выраслі. На Нью-Ёркскай таварнай біржы ф'ючэрсы нафты WTI з пастаўкай у лютым 2021-га прадаюцца коштам $51,49 за барэль, яны падняліся на 1,30%, адзначае investing.com.
4 студзеня кошт нафты эталоннага гатунку Brent перавысіў $53 за барэль. Паводле інфармацыі Reuters, гэта самы высокі кошт нафты гэтай маркі з сакавіка 2020 года. Ён вырас у сувязі з чаканнем, што АПЕК і сумежныя вытворцы могуць абмежаваць вытворчасць на бягучых узроўнях у лютым праз пандэмію каранавіруса.
На думку аналітыка Хеліма Крофа, АПЕК + устрымаецца ад нарошчвання вытворчасці нафты ў лютым, бо захворванне COVID-19 працягвае расці, а вакцыны ўкараняюцца павольней, чым чакалася.
Пасля развалу нафтавага пагаднення паміж АПЕК + і Расеяй у сакавіку 2020 года кошты нафты абрынуліся на 30% - да $33 за барэль, што стала максімальным дзённым падзеннем з 1991 года, калі пачалася вайна ў Персідскім заліве. 30 сакавіка кошт Brent упаў ніжэй за $23 за барэль.
10 красавіка краіны АПЕК+ абвясцілі пра зніжэнне ўзроўню здабычы нафты, але ў сувязі з рэкордным падзеннем попыту на сыравіну праз пандэмію каранавіруса і выкліканага гэтым спынення прамысловасці кошт нафты працягнуў падаць. Так, 20 красавіка кошт на травеньскія ф'ючэрсы амерыканскай WTI ўпершыню ў гісторыі стаў адмоўным - катыроўкі падалі да мінус $40 за барэль.
На ўзровень да рэкорднага падзення катыроўкі нафты вярнуліся 30 красавіка, напярэдадні ўступлення ў дзеянне пагаднення АПЕК+ аб рэкордным скарачэнні нафтаздабычы. У сярэдзіне траўня ў АПЕК заяўлялі, што нафтавы крызіс ужо ззаду. У пачатку чэрвеня, калі краіны АПЕК+ дамовіліся пра далейшае скарачэнне нафтаздабычы, паўночнамарская нафта Brent падаражэла да $42,8 за барэль, амерыканская WTI - да $39,86.