26 красавiка 2024, Пятніца, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына прапанавала пашырыць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі праз мігрантаў

11
Нямеччына прапанавала пашырыць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі праз мігрантаў

Новы пакет павінны прыняць у лістападзе.

Урад ФРГ прапанаваў ЕЗ пашырыць санкцыі супраць Менску, каб не дапусціць перавозкі нелегальных мігрантаў у Еўразвяз. Пра гэта, як паведамляе ТАСС, у пятніцу на брыфінгу заявіла прадстаўніца МЗС Нямеччыны Андрэа Засэ.

- Што тычыцца сітуацыі на польска-беларускай мяжы, мы знаходзімся ў цесным кантакце з інстытутамі ЕЗ і сябрамі Еўразвязу і мы стала вывучаем, як можам ужыць існыя ў нас сродкі, у тым ліку санкцыі, каб дамагчыся змены дзеянняў з боку Менска, - сказала яна.

Засэ таксама паведаміла, што «ўрад ФРГ прапанаваў пашырыць санкцыйны рэжым ЕЗ у дачыненні да Беларусі з мэтай мэтанакіраванага процідзеяння кантрабандзе людзей палітычнага выкарыстання мігрантаў», бо, з яе слоў, санкцыі «маюць сваё ўздзеянне».

Прадстаўніца МЗС Нямеччыны таксама распавяла, што ўлады Іраку прыпынілі наўпроставыя рэйсы ў Менск пасля папярэджання аб наступствах садзейнічання перавозцы нелегальных мігрантаў.

- Дзеянні Беларусі накіраваныя не толькі супраць асобных дзяржаў - Польшчы ці Літвы, - але супраць усяго ЕЗ. Мы, зразумела, гаворым з краінамі паходжання і транзіту мігрантаў, каб ясна даць зразумець, што дапамога ў кантрабандзе непрымальная і што ЕЗ не пакіне гэта без наступстваў, - заявіла Засэ.

Паводле звестак федэральнай паліцыі ФРГ, з пачатку жніўня праз Беларусь у Нямеччыну прыбылі больш за 4,3 тысячы нелегальных мігрантаў.

Пра новыя санкцыі

Новы пакет санкцый ЕЗ супраць Беларусі, як чакаецца, будзе зацверджаны цягам наступнага месяца.

- Мы працуем над чарговым пакетам санкцый супраць Беларусі, ён будзе зацверджаны цягам лістапада, - заявіў журналістам еўрапейскі дыпламат.

Ён адзначыў, што сітуацыя ў нашай краіне будзе разглядацца ў панядзелак на планавай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ у Люксембургу, у першую чаргу ў кантэксце супрацьстаяння Еўразвязу пранікненню мігрантаў у Літву і Польшчу праз тэрыторыю Беларусі.

Нагадаем, гэта будзе ўжо пяты пакет санкцый. Усяго пад чатыры пакеты санкцый за апошні год патрапілі 166 чалавек і 15 арганізацый.

Асобна Брусэль увёў сектаральныя санкцыі, якія закранулі калійную і тытунёвую галіны, нафтаперапрацоўку і банкаўскую сферу. Разам з санкцыямі ЗША і Вялікай Брытаніі, паводле ацэнак экспэртаў, яны сур'ёзна паўплываюць на частку эканомікі, якая фармуе ільвіную долю даходаў ад экспарту. Аднак уплыў сектаральных абмежаванняў будзе адкладзеным, бо яны пачнуць дзейнічаць пасля заканчэння дзейных кантрактаў заходніх кампаній з контрагентамі з Беларусі.

ЗША, Вялікая Брытанія і Канада апошні пакет увялі ў гадавіну выбараў прэзідэнта Беларусі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках