27 студзеня 2022, Чацвер, 19:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер-міністр Польшчы: Неабходныя новыя санкцыі супраць Лукашэнкі

1
Прэм'ер-міністр Польшчы: Неабходныя новыя санкцыі супраць Лукашэнкі
МАТЭВУШ МАРАВЕЦКІ

Яшчэ адзін пакет санкцый закране, сярод іншых, авіякампанію «Белавія».

На саміце Еўрапейскай рады 22 кастрычніка ў Брусэлі асноўнай тэмай з'яўлялася міграцыя. Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што мігранты выкарыстоўваюцца рэжымам Лукашэнкі для стварэння пагрозы бяспекі Польшчы і Еўрапейскага Звязу, паведамляе «Польскае радыё».

У ходзе дыскусіі за зачыненымі дзвярыма кіраўнік ураду Польшчы падкрэсліў, што крызіс на польскай і еўрапейскай мяжы з Беларуссю з'яўляецца інструменталізацыяй міграцыі, кіраванай рэжымам у Менску. Некалькі кіраўнікоў краінаў ЕЗ, у тым ліку прэм'ер-міністр РП, выказаліся за больш хуткую дапрацоўку яшчэ аднаго пакету санкцый, які закране, сярод іншых, беларускую авіякампанію «Белавія», якая дастаўляе мігрантаў з Блізкага Усходу ў Менск.

Таксама павінны быць праведзеныя перамовы з краінамі Блізкага Усходу і Афрыкі, адкуль ідзе хваля мігрантаў.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў кіраўнікоў краінаў ЕЗ ужыць захады для барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Літва разам з Польшчай і Латвіяй адчувае міграцыйны ціск з боку рэжыму Лукашэнкі. Адной з пастановаў, прапанаваных прэзідэнтам Літвы, з'яўляецца будаўніцтва фізічных загародаў на межах ЕЗ для барацьбы з наплывам нелегальных мігрантаў:

«Мы імкнемся абнавіць і пераасэнсаваць нашу міграцыйную палітыку. Цяперашняя палітыка была вызначаная некалькі гадоў таму пры зусім іншых абставінах, таму што тады гэта быў сапраўды гуманітарны крызіс, а не выкарыстанне міграцыі як зброі супраць суверэнных краінаў Еўразвязу. Мы таксама павінны падняць пытанне пра фізічны плот, фізічны бар'ер, які вельмі неабходны ў якасці кароткатэрміновай ідэі».

10 краінаў, уключаючы Польшчу, падтрымалі заклік прафінансаваць загароду на знешніх межах ЕЗ у адказ на дзеянні краінаў, якія выкарыстоўваюць мігрантаў інструментальна.

Кіраўнік польскага ўраду таксама згадаў пра апошні міграцыйны крызіс, які адбыўся некалькі гадоў таму і выклікаў рознагалоссі ў ЕЗ.

Тады ўстановы ЕЗ разам з краінамі Заходняй Еўропы настойвалі на прымусовым прыняцці мігрантаў краінамі ЕЗ паводле квотаў, аднак Польшча і шэраг суседніх з ёю краінаў выступалі супраць і падкрэслівалі, што самае галоўнае – гэта эфектыўная абарона межаў.

«Я рады, што на гэты раз, у адрозненне ад 2015 і 2016 гадоў, Еўрапейскі Звяз кажа ва ўнісон з Польшчай. Гэтая горкая гісторыя прызнала рацыю Польшчы», заявіў Матэвуш Маравецкі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».