8 снежня 2021, Серада, 8:45
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Валерый Карбалевіч: Стасункі паміж Менскам і Крамлём сталі нашмат больш складанымі

4
Валерый Карбалевіч: Стасункі паміж Менскам і Крамлём сталі нашмат больш складанымі

Наспявае новы скандал.

Яшчэ ў пачатку верасня падчас прэс-канферэнцыі ў Маскве Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка заявілі, што дамовіліся аб падпісанні саюзных праграм. Нават дату назвалі - 4 лістапада, калі ў Расеі адзначаецца Дзень народнага адзінства.

Але чым бліжэй дзень Х, тым менш аптымістычных заяваў чуваць з абодвух бакоў. Ці будуць падпісаныя найбліжэйшым часам гэтыя праграмы? З гэтым пытаннем «Філін» звярнуўся да палітолага Валерыя Карбалевіча.

- Сапраўды, тут вельмі шмат нявызначанага. Было паведамленне, што міністры замежных спраў размаўлялі аб пасяджэнні вышэйшага дзяржсавета, але пра дату нічога не паведамлялася. Здаецца, што дата ўсё яшчэ да канца не вызначаная. І тым больш не вызначана, дзе ўсё гэта будзе адбывацца - у Менску ці Маскве.

Ёсць пытанні да парадку дня. Нядаўна «Коммерсантъ» паведамляў, што бакі пакуль не гатовыя падпісаць гэтыя 28 праграм. На карысць гэтай версіі сведчыць тое, што саюзныя праграмы так і не былі апублікаваныя, хоць было абяцанне зрабіць гэта.

Яшчэ адна дэталь - пасяджэнне супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі. Там на Лукашэнку і Пуціна загружаюць новыя абавязкі, а менавіта - зацвярджэнні вайсковай дактрыны. Расейскі міністр Шайгу чамусьці назваў гэтую дактрыну «новай», хоць ёй ужо тры гады.

Вельмі цікава наконт падаўжэння тэрмінаў размяшчэння двух расейскіх вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі. Шайгу заявіў, што бакі падпісалі дакументы аб іх, а вось БелТА пра гэтыя аб'екты нічога не паведамляе. На сайце Мінабароны Беларусі наогул напісана, што бакі толькі абмеркавалі, а не падпісалі дакументы. Тут таксама ёсць пэўныя недапасаванні.

Я б яшчэ згадаў, што Пуцін не прыехаў у Менск на саміты СНД і ЕАЭС, хоць раней Пяскоў паведамляў, што ў графіку прэзідэнта Расеі такі візіт быў. Усё гэта сведчыць аб напружанасці ў стасунках.

Адным з пунктаў напружанасці я б назваў сітуацыю з «Комсомольской правдой». Я б не сказаў, што гэта адзіны супярэчлівы момант, але ён таксама існуе і вельмі важны. Пра «Комсомолку» ўспамінаў і міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падчас наведвання Менска. Ён гаварыў пра гэтую сітуацыю з Макеем. Такая пазіцыя беларускага боку ў гэтым пытанні крыху здзівіла Маскву.

Мне здаецца, што стасункі паміж краінамі сталі нашмат больш складанымі, чым гэта было нават у верасні, калі Пуцін і Лукашэнка сустракаліся ў Маскве. Пасля гэтага ж сталі назапашвацца супярэчнасці.

Я б успомніў, што Лукашэнка не прыняў у сябе міністра Лаўрова, калі той знаходзіўся ў Менску, хоць, здавалася б, ён гатовы прыняць самага малазначнага расейскага губернатара. А тут цэлы міністр замежных спраў. Гэта было вельмі дзіўным.

Непадпісанне праграм было б скандалам. Бакі ўжо абвяшчалі, што пра ўсё дамовіліся, нават правялі прэс-канферэнцыю, а тут раптам нічога не падпісалі. Калі яны не дамовяцца да 4 лістапада, то могуць проста перанесці дату вышэйшага дзяржсавета. Могуць спаслацца на пандэмію, тым больш, што ў Расеі міні-локдаўн да 7 лістапада.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».