4 снежня 2021, Субота, 15:57
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым праславіўся вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт I Стары?

Чым праславіўся вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт I Стары?

З амаль 42 гадоў свайго кіравання больш за 15 ён ваяваў з Маскоўскім царствам.

20 кастрычніка 1506 года Жыгімонт (Сігізмунд) I Стары быў абраны вялікім князем літоўскім (абвяшчэнне адбылося 8 снежня), піша planetabelarus.by.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт I Стары нарадзіўся ў 1467 годзе. Ён быў пятым у свайго бацькі Казіміра IV Ягелончыка і маці Лізаветы Аўстрыйскай. Жыгімонт I Стары стаў кіраўніком толькі ў сорак гадоў, таму ў яго такая мянушка.

Да ўступлення на пасад вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонт I Стары насіў тытул князя Глогау і Опельн.

З амаль 42 гадоў свайго кіравання больш за пятнаццаць Жыгімонт I (Жыгімонт) быў вымушаны ваяваць з Маскоўскім царствам. І хоць паводле вынікаў гэтых войнаў ВКЛ страціла частку земляў (асабліва балючай была страта Смаленска), беларусы пад Оршай у 1514-м атрымалі перамогу, разграміўшы ўтрая большае за іх войска.

Захопленыя нашымі продкамі гарматы спаборніка пераплавілі ў 12-тонны звон, названы «Жыгімонтам»; ён і сёння вісіць на званіцы сабора Святых Станіслава і Вацлава ў Кракаве, упрыгожаны гербамі пераможцаў – «Пагоняй» і польскім белым арлом.

Пры Жыгімонту I канчаткова заняпаў Тэўтонскі ордэн, тым самым вызваліўшы доступ да Балтыйскага мора. На процілеглым, паўднёвым, рубяжы краіны для адбіцця нападаў крымскіх татараў на загад караля была створаная памежная варта з мясцовага насельніцтва – казакі.

На рахунку ў Жыгімонта было шмат добрых справаў. Да прыкладу, у 1529 годзе быў выдадзены першы Статут Вялікага Княства Літоўскага, які складаецца з 13 раздзелаў і 283 артыкулаў, напісаных на старабеларускай мове. Гарады атрымлівалі магдэбургскае права, была праведзеная фінансавая рэформа. У Вільні адкрылася першая на тэрыторыі ВКЛ і ўсёй Усходняй Еўропы друкарня, у якой у 1522 годзе Францыск Скарына выдаў «Малую падарожную кніжыцу», а ў 1525-м – «Апостал». У 1532 годзе, калі Францыск апынуўся ў турме за пазыкі свайго нябожчыка брата Івана, першадрукара адтуль вызваліў кароль.

Кароль быў сапраўдным знаўцам і прыхільнікам мастацтва: падчас ягонага кіравання была створаная «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», убачылі свет паэмы-легенды «Пруская вайна» Яна Вісліцкага і «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага.

У 1538 годзе ў ВКЛ прынялі закон «Аб захаванні лясоў і паляванні», а ў 1541-м на загад Жыгімонта I у Белавежскай пушчы быў створаны паляўнічы заказнік для аховы зуброў.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі памёр ва ўзросце 81 года 1 красавіка 1548 года ў Кракаве і пахаваны ў кафедральным саборы на Вавелі.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».