18 траўня 2024, Субота, 9:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-чыноўнік адміністрацыі Лукашэнкі: Увядзем лакдаўн самі

20
Экс-чыноўнік адміністрацыі Лукашэнкі: Увядзем лакдаўн самі

Кожны беларускі чыноўнік трымае «дулю ў кішэні».

Сярод працоўных, якія падтрымалі дзесяць патрабаванняў Беларускага аб'яднання, ёсць і былыя чыноўнікі. Напрыклад – былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў, адміністрацыі і кіравання справамі Лукашэнкі Анатоль Котаў.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org ён расказаў, чаму беларускія чыноўнікі трымаюць «дулю ў кішэні», ці ёсць «італьянскі страйк» сярод наменклатуры і чаму з 1 лістапада так важна застацца дома.

– Анатоль, вы адзін з падпісантаў ліста ў падтрымку патрабаванняў працоўных. Чаму вы надумалі выказаць салідарнасць?

– Па-першае, усе патрабаванні выглядаюць абсалютна лагічнымі. Пачынаючы ад забеспячэння абароны насельніцтва ад COVID, заканчваючы правядзеннем свабодных выбараў і аднаўлення правоў тых самых працоўных. Тут можна адзначыць, што гэта датычыцца ўсіх тых, хто хоць недзе працуе – працоўны на заводзе, настаўнік, медык, інтэлігенцыя.

Нічога нелагічнага і крымінальнага ў гэтых патрабаваннях няма і, уласна кажучы, вось ужо больш за год дэмакратычныя сілы, а таксама ўсе разважныя грамадзяне Беларусі, дамагаюцца выканання пэўнага набору базавых патрабаванняў, сярод якіх – спыненне гвалту, новыя выбары, вызваленне палітвязняў. Яны фігуруюць у любым з набораў патрабаванняў: будзь іх тры, пяць ці, як у Беларускага аб'яднання працоўных, – дзесяць.

– Вы запісалі зварот да сваіх былых калегаў, заклікалі іх быць актыўнымі. Наколькі сёння беларускія чыноўнікі лаяльныя да рэжыму?

– Складана назваць запалоханых і стомленых людзей лаяльнымі. Гэтая лаяльнасць захоўваецца і захаваецца толькі да моманту змены рэжыму. Потым выявіцца, што ніхто нікога і не падтрымліваў. Практычна кожны з чыноўнікаў трымае «дулю ў кішэні». Думаю, што цяпер адзін з самых папулярных фільмаў у іх – гэта «Вяселле ў Малінаўцы».

Людзі стаміліся ад выканання супярэчлівых патрабаванняў, стаміліся ад увесьчасных праслухоўванняў, кантролю і праверак. Натуральна, што ў такім рэжыме немагчыма не толькі нармальна працаваць, але і жыць. Гэта няспынны стрэс, гэта псіхалагічнае выгаранне і, натуральна, пераважная большасць – пад 90% – уздыхне з палёгкай, калі можна будзе вярнуцца да таго рэжыму функцыянавання, які быў там і раней. Калі можна было будаваць планы, адчуваць сябе ў адноснай бяспецы, думаць пра будучыню. Цяпер жа ўсе думаюць, як перажыць гэты пэўны дзень, каб цябе пажадана не арыштавалі.

З'явілася інфармацыя, што арыштавалі чыноўнікаў з Менскага трактарнага завода, якія дэманстравалі сваю суперлаяльнасць цягам года. Гэта азначае, што сёння кожны з чыноўнікаў знаходзіцца на волі роўна столькі, пакуль хунта ведае, як яго эксплуатаваць, а так – гэта выдаткоўны матэрыял. Калі ты становішся не патрэбны, то па цябе прыйдуць і прыдумаюць завошта.

– Многія адзначаюць, што чыноўніцкі апарат у Беларусі сёння ўжо працуе ў рэжыме «італьянскага страйку». Некаторыя распараджэнні Лукашэнкі спускаюцца на тармазах. Ці згодныя вы з гэтым?

– Можна назваць гэта «італьянскім страйкам», а можна назваць гэта рэжымам самазахавання. Таму што выканаць усе гэтыя патрабаванні адначасова – немагчыма. Такі рэжым працы існуе дастаткова даўно, але пасля падзей жніўня 2020 года гэта стала яшчэ больш відавочным, таму што ёсць частка разважных людзей, якая не хоча сапсаваць сабе будучыню і зусім запэцкацца, «зашкварыцца», выконваючы даручэнні ў адсочванні сваіх былых (ці не былых) калег, звальненні паводле палітычных матываў.

Праз некалькі месяцаў, праз паўгода, праз год, фраза «ну, вы ж самі ўсё разумееце», перастане працаваць.

– Адна з самых вострых тэмаў сёння – эпідэмія каранавірусу ў Беларусі. Як бы вы ахарактарызавалі дзеянні чыноўнікаў з Міністэрства аховы здароўя?

– Ахарактарызаваць іх пазітыўна даволі складана, а дакладней – немагчыма. Спецыфіка Міністэрства аховы здароўя такая, што для прасоўвання па кар'ернай лесвіцы там трэба быць медыкам. Людзі, якія разумеюць нейкія базавыя рэчы ў прадухіленні ці барацьбе з наступствамі эпідэміі, паказалі сябе ў якасці выканаўцаў, якія баяцца абараніць самыя элементарныя, самыя простыя метады барацьбы з пандэміяй. Хоць бы для таго, каб і сістэме, і сабе аблегчыць жыццё. Аднак яны паказалі, што забыліся, што яны першапачаткова лекары, але сталі бяздумнымі шрубкамі сістэмы, якая, на жаль, народ у Беларусі не абараняе.

– Што сёння могуць зрабіць чыноўнікі, ды і простыя беларусы, каб наблізіць перамогу дэмакратычных сілаў у краіне?

– Трэба зразумець, што можна не задавацца нейкімі высакапарнымі мэтамі пра перамогу дэмакратыі ў Беларусі, але можна паклапаціцца пра сябе.

Любое масавае мерапрыемства, любы выхад на працу, наведванне навучальнай установы – цяпер гэта ўсё спалучана з заражэннем COVID-19.

Можна не думаць пра высокія матэрыі, але нейкі інстынкт самазахавання сябе і сваёй сям'і павінен спрацаваць.

Як гэта назваць? Карантын? Страйк? Адпачынак? Адгул? Насамрэч – гэта другарадная гісторыя. Важна захаваць жыццё сабе і сваім блізкім, але для гэтага, скажам так, калі чыноўнікі ад медыцыны баяцца рэкамендаваць увядзенне лакдаўну, то кожны можа вызначыць для сябе гэтую задачу сам.

Пытанне ў тым, што важнейшае: 500–1000 няшчасных рублёў заробку або здароўе тваіх блізкіх.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках