26 красавiка 2024, Пятніца, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Каранавірус прадаўжае забіваць беларусаў

2
Каранавірус прадаўжае забіваць беларусаў

Ахвяр менш не становіцца.

Медыкі ў размове з «Белсатам» прызнаюць, што колькасць пацыентаў у шпіталях зменшылася. Але па-ранейшаму ў лякарнях медыкі фіксуюць мноства ахвяр каранавіруса. Шпіталізавана і нямала дзяцей.

Колькасць інфікаваных каранавірусам, адпаведна і колькасць хворых у лякарнях, паступова пачынаюць зніжацца. Лекары ў размове з «Белсатам» кажуць, што абумоўлена гэта пераважна тым, што вялікая колькасць людзей перахварэла. Незалежная платформа для сацыялагічных даследаванняў Беларусі на падставе «Народнага апытання» прыйшла да высновы, што ў нашай краіне перахварэў 51% грамадзян.

Менш інфікаваных і таму, што беларусы пачалі больш актыўна рабіць прышчэпкі.

Каранавірус цяпер небяспечны і для дзяцей

Адрозненнем чацвёртай хвалі каранавіруса стала тое, што цяпер у лякарнях даволі шмат дзяцей. Так, у рэанімацыі ў Баранавічах 10-гадовы хлопчык, за жыццё якога змагаюцца медыкі. Прычым, як гавораць спецыялісты, сімптомы ў школьніка такія ж, як і ў дарослых. У хлопчыка пайшлі ўскладненні ад каранавіруса на ўнутраныя органы.

«Дзеці хварэюць, бо штам «Дэльта» адбіваецца сярод іншага і на імуннай сістэме дзяцей. У дзяцей захворванне працякае пераважна з высокай тэмпературай і хвалепадобна», - на ўмовах ананімнасці каментуе «Белсату» сітуацыю лекар.

Ахвяр менш не становіцца

Але нягледзячы на асцярожны аптымізм, медыкі прадаўжаюць канстатаваць, што ў шпіталях шмат пацыентаў памірае. Колькасць ахвяр нашмат большая, чым даецца ў афіцыйнай статыстыцы Міністэрства аховы здароўя. Прычым відавочцамі смерцяў становяцца нават пацыенты ў лякарнях.

«Я захварэў на COVID-19, пайшоў у шпіталь. Пакуль стаяў у чарзе да лекара, жанчыне стала вельмі дрэнна. Лекары прапанавалі ёй прылегчы ў калідоры, пачакаць чаргі. Тая лягла на ложак. А праз некаторы час, калі медыкі прыйшлі да яе, выявілася, што жанчына памерла. Гэта проста жах», - распавёў жыхар Берасця.

Медыкі ў Telegram-канале «Белыя халаты» паведамляюць, што толькі 20 лістапада за дзень памерлі 5 пацыентаў з каранавірусам у Чэрвені, а ў 10-й гарадской клінічнай лякарні (ГКЛ) Менска - 6 пацыентаў.

«У 1-й ГКЛ з 1 лістапада да 21 лістапада (за тры тыдні) памерлі 99 пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. У 1-й ГКЛ пад ковід выдзелілі тры аддзяленні і адну рэанімацыю. Аддзяленні загружаныя: цяпер прыкладна па 55-57 чалавек - у рэанімацыі - яшчэ блізу 20-22 пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. З пачатку працы ў 1-й ГКЛ інфікаваныя каранавірусам падчас чацвёртай хвалі ў перапрафіляваных пад ковід аддзяленнях памерлі агулам 297 пацыентаў», - пішуць медыкі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках