26 красавiка 2024, Пятніца, 16:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ёсць небяспека, што праз год скасуюць і малако, і грошы»

13
«Ёсць небяспека, што праз год скасуюць і малако, і грошы»

Што жадаюць змяніць у Працоўным кодэксе?

Нядаўна Мінпрацы анансавала змены ў Працоўны кодэкс. Сярод іх - прапанова дазволіць на заводах замест малака выдаваць грашовую кампенсацыю, чаргаваць працу ў офісе і дома, піша «Наша Ніва».

«Замацавалі тое, што ёсць на практыцы»

Адна са змен тычыцца дыстанцыйнай працы. У кодэксе прапішуць, што працаваць аддалена можна будзе як пастаянна, так і часова (не больш за шэсць месяцаў у годзе). Або чаргаваць працу ў офісе і дома.

Фактычна, у законе замацуюць тое, што і так ёсць на практыцы, гаворыць лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч.

«Некаторыя бухгалтары дня два працуюць у офісе, а тры - дыстанцыйна. Тое ж у праграмістаў. Жыццё ўжо паказала, што ад гэтага праца не становіцца горшай».

«Будзе матывацыя зрабіць вакцынацыю»

Работнікам хочуць даць вольныя дні для праходжання дыспансерызацыі. Яны будуць аплачвацца як звычайныя - захаваецца сярэдні заробак па месцы працы. Каб узяць такі дзень, трэба будзе напісаць заяву, а потым прынесці кіраўніцтву дакументы, якія пацвярджаюць, што вы сапраўды займаліся сваім здароўем.

Такое новаўвядзенне - на карысць работнікаў. Бо зараз, каб схадзіць на прафілактычны агляд ці прышчэпку, трэба браць адгул за свой кошт ці за кошт адпачынку.

«Плюс у тым, што будзе матывацыя ў чалавека зрабіць вакцынацыю, напрыклад. Калі зараз пасля прышчэпкі ў работнікаў тэмпература, то яму трэба браць бальнічны. Даюць яго толькі ў паліклініцы, але тамака вялікая нагрузка на тэрапеўтаў, чэргі. Да таго ж, калі выходзіш на бальнічны, табе першыя дні плацяць 80% заробку», - звяртае ўвагу Фядыніч .

«Але мне не зусім зразумела, чаму колькасць гэтых вольных ад працы дзён будзе залежаць ад узросту працаўніка. Чаму толькі ад узросту, а не ад стану здароўя?

Лічу, што тут недапрацаваная норма. Незразумела, хто і як будзе вырашаць, колькі дзён даць на дыспансерызацыю», - кажа Фядыніч.

«Свабодны дзень бяруць, каб адпусціць жонку па справах»

Яшчэ адна навіна будзе датычыцца бацькоў, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў або дзіцяці-інваліда да 18 гадоў. Замест дадатковага вольнага дня ў тыдзень яны могуць папрасіць скарочаны працоўны дзень і вызваляцца на гадзіну раней. Заробак пры гэтым захаваецца.

Генадзь Фядыніч уважае, што гэта не будзе запатрабавана.

«Мужчыны бяруць вольны дзень, каб, можа, адпусціць жонку - да лекара, па гаспадарчых пытаннях. Што гэтая гадзіна дае? Нічога. Не думаю, што гэтым будуць карыстацца».

Магчыма, скарочаны дзень больш выгадны для наймальніка, чым дадатковы выходны?

«Калі даводзіцца план, ты можаш адпрацаваць і чатыры дні настолькі прадуктыўна, каб пяты табе быў выходным і наймальніка ўсё задавальняла. Бо давайце сапраўды: калі ты не будзеш выконваць план і толькі браць выходныя паводле закона, якому наймальніку гэта спадабаецца?» - Разважае прафсаюзны лідар.

«30 рублёў або здароўе - што даражэй?»

Апошняе, што прапануюць, - даць работніку, занятаму на шкоднай вытворчасці, выбар: атрымаць малако або грашовую кампенсацыю.

Плюсы тут неадназначныя, лічыць Фядыніч. Бутэлька малака раз у дзень - гэта амаль 30 рублёў у месяц.

«Гэта не грошы для працаўніка. Калі чалавеку, які працуе ў шкодных умовах, належыць піць малако, ён павінен яго піць, і кожны дзень. А то бываюць выпадкі, што на прадпрыемства малако не завязуць.

Грашовая кампенсацыя, я лічу, гэта не клопат аб здароўі. Калі мы гаворым пра 30 рублёў або пра здароўе — што даражэйшае? Ці гэтае малако ніякім чынам сёння не ўплывае на стан чалавека?

Трэба раіцца з медыкамі. Калі яны кажуць, што можна даць грашыма, то існуе небяспека, што праз год скасуюць і гэтае малако, і грошы».

Якіх змен у заканадаўстве не стае?

Прафсаюзны лідар кажа: каб сапраўды палепшыць стан працаўнікоў, варта было б падумаць над іншымі зменамі ў законе. Напрыклад, перайсці ад кантрактнай сістэмы да бестэрміновых дамоў. Бо пры кантрактнай сістэме адны працаўнікі хвалююцца, ці не звольняць іх з прадпрыемства праз год, а іншыя не могуць звольніцца пры неабходнасці.

«Варта б таксама дакладна прапісаць, што аклад не можа быць ніжэйшы за мінімальны заробак. Не ўсе наймальнікі гэтага прытрымліваюцца, некаторыя ўключаюць у мінімальную суму і прэміі. Але ж прэмія адзін месяц можа быць, а іншы не».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках