26 красавiка 2024, Пятніца, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ідэя з карткамі на прадукты вяртае ўлады ў СССР

28
Як ідэя з карткамі на прадукты вяртае ўлады ў СССР

Навошта ўлады жадаюць увесці бонусныя карткі на прадукты.

Намеснік прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін заявіў, што ўрад плануе скараціць пералік тавараў, кошты якіх падлягаюць дзяржаўнаму рэгуляванню, але адначасова ўвесці бонусныя карткі для маламаёмасных пластоў насельніцтва. Belsat.eu разбіраўся, што гэта значыць і ці можна казаць аб вяртанні ў Беларусь элементаў картачнай сістэмы савецкага ўзору.

Што было заяўлена

На гэтым тыдні віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін заявіў, што ўрад плануе скарэктаваць пастанову №100. Гэты дакумент, які быў прыняты ў лютым гэтага года, прадугледжвае дзяржаўнае рэгуляванне коштаў 62 тыпаў сацыяльна значных тавараў (у асноўным прадуктаў харчавання, але ў тым ліку ў спіс уваходзіла туалетная папера і запалкі) і 50 тыпаў лекаў. Пастанова забараняла падвышаць кошты гэтых тавараў больш за на 0,2% за месяц.

Субоцін падкрэсліў, што гэта быў вымушаны захад, але ён уплывае на фінансавае становішча прадпрыемстваў, таму наконт будучага дакумента ёсць розныя меркаванні. Віцэ-прэм'ер адзначыў, што пастанова нумар 100, хутчэй за ўсё, застанецца, але пералік сацыяльна значных тавараў скароцяць з 62 да 17.

Таксама ў перспектыве разглядаецца пераход да «адраснай дапамогі».

«У якім фармаце гэта будзе? Думаю, неўзабаве вы ўбачыце. З сеткамі размова на гэтую тэму ўжо адбылася. Магчыма, будуць нейкія бонусныя карткі для пенсіянераў, маламаёмасных, шматдзетных сем'яў», - паведаміў ён.

Субоцін не ўдакладніў, паводле якога прынцыпу такія карткі будуць працаваць і на які аб'ём дапамогі яны будуць разлічаныя.

Што гэта можа азначаць

Аналітык East Center/ISANS Андрэй Елісееў у сваім блогу параўнаў так званыя бонусныя карткі з прадуктовымі карткамі, якія дзейнічалі ў савецкія часы. Экспэрт мяркуе, што нейтральная па сэнсе назва «бонусныя карткі» выбраная проста «каб моцна не бударажыць грамадскасць».

Елісееў правёў паралелі з пастановай Савета Міністраў Беларусі нумар 423 ад 14 лістапада 1991 года, калі былі ўведзеныя ў абарачэнне адрасныя купоны на куплю тавараў. «Акурат практычна на 30-годдзе гістарычнай лістападаўскай пастановы і абвясцілі пра «бонусныя карты». Сапраўды, гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу», - піша ён.

Карткі і купоны. У чым розніца і як гэта працуе?

Першы досвед увядзення картак на прадукты гісторыкі адносяць да часоў Вялікай Французскай рэвалюцыі. У сучасным разуменні картачная сістэма ўпершыню атрымала масавае распаўсюджванне ў перыяд Першай сусветнай вайны, калі шэраг еўрапейскіх краін былі змушаныя такім чынам змагацца супраць дэфіцыту. Але перш за ўсё картачная сістэма асацыюецца з СССР і краінамі сацыялістычнага лагера, бо толькі там насельніцтва рэгулярна сутыкалася з дэфіцытам нават у абсалютна мірныя часы - у тым ліку ў 80-я і пачатку 90-х.

Пры гэтым трэба адрозніваць картачную сістэму і сістэму купонаў. Карткі - гэта не бясплатная дапамога, а дазвол на «атаварванне» ў межах пэўнай сумы. Гэта значыць, грошы ўсё адно трэба плаціць, але без карткі тавар не прададуць. Сэнс сістэмы палягае ў нармаванні аб'ёмаў продажу дэфіцытных тавараў, каб выключыць пагрозу іх поўнага знікнення з унутранага рынку.

Купоны, у сваю чаргу, можна разглядаць як пэўную замену грошай. Яны прадугледжаныя не для ўсяго насельніцтва, а толькі для бедных пластоў - гэта значыць, людзей, у якіх можа проста бракаваць грошай на тыя ці іншыя тавары першай неабходнасці. З дэфіцытам у краіне гэта наўпрост не звязанае.

Сістэма купонаў працуе ў тым ліку ў паспяховых, развітых дзяржавах. Напрыклад, у ЗША дзейнічае федэральная праграма SNAP (раней яе звалі «праграма прадуктовых квіткоў» – food stamps), якая прадугледжвае, што амерыканцы з прыбыткам, ніжэйшым за вызначаны ўзровень, могуць разлічваць на дзяржаўную дапамогу на куплю прадуктаў харчавання. Напрыклад, у 2016 годзе такую дапамогу ў ЗША атрымлівалі 43 200 000 чалавек.

Нешта падобнае ў 2017 годзе хацелі ўвесці ў Расеі - гаворка тады ішла аб дапамозе маламаёмасным з залічэннем на спецыяльныя карткі «эквівалента грашовых сродкаў», балаў і бонусаў. Меркавалася, што за іх можна будзе набыць некаторыя прадукты. Але гэтая ініцыятыва ў Расеі так і не была рэалізаваная.

Віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін не расказаў дэталяў таго, як павінны працаваць бонусныя карткі, але па сэнсе яго выказвання ідэя ўрада пакуль бліжэй да сістэмы купонаў, чым да картачнай сістэмы, якая дзейнічала ў СССР.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках