26 красавiка 2024, Пятніца, 10:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зіма надышла, а беларусы, якія жывуць у прыватных дамох, не могуць купіць дровы

25
Зіма надышла, а беларусы, якія жывуць у прыватных дамох, не могуць купіць дровы

У чым прычына?

Чытачы сігналізуюць "Вечернему Бобруйску": які месяц нельга купіць дровы. «Гарраёнпалівазбыт»: прычына - у імклівым росце попыту. І тое, што па паліва ўсе памкнуліся ў адзін час.

У рэдакцыю звярнуўся Іван Ткачоў, гаспадар прыватнага дома на вуліцы Парыжскай Камуны. «Я ўжо які месяц не магу купіць дровы, – паскардзіўся сп.Іван. - У мінулыя гады я выпісваў іх, і мне дні праз тры-чатыры ўжо прывозілі. Сёлета падаў заяўку 29 верасня і дагэтуль (размова ішла ў канцы лістапада –рэдакцыя) дровы не атрымаў. І такая праблема ў шмат каго, з кім я гутарыў. Што рабіць? Ужо зімна, а паліць няма чым».

Пытанне чытача журналісты адрасавалі кіраўніцтву філіі «Бабруйскі гарраёнпалівазбыт» Магілёўскага камунальнага абласнога ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Аблпаліва».

Апошнім часам сапраўды ўтварылася чарга ахвочых набыць дровы, пацвердзіла вядучая эканамістка Ірына Болбас. Хоць у папярэднія гады, паводле яе слоў, у Бабруйскім палівазбыце назіралася адваротная тэндэнцыя. Так, у 2020 годзе, у параўнанні з 2016-м, попыт на дровы ўпаў на 32%.

- Пры планаванні дзейнасці ў 2021 годзе мы выкарыстоўвалі звесткі мінулых гадоў, улічвалі гэтую тэндэнцыю, - тлумачыць спн.Ірына. - Аднак з сярэдзіны трэцяга квартала сталі назіраць імклівы рост попыту на дровы. За дзень можа звярнуцца да 40 чалавек! Прычыны такога росту нам невядомы.

Што да чытача, то, як удакладніла Ірына Болбас, з Іванам была ўкладзеная ўмова на пастаўку 4,9 кубамэтраў дроў з выкананнем паслугі распілоўвання.

Са слоў вядучай эканамісткі, кліента мелі абслужыць у перыяд з 29 лістапада да 1 снежня.

Ці ёсць праблемы з пастаўкай паліва?

Са слоў Ірыны Болбас, наадварот - сёлета, у параўнанні з мінулым годам, аб'ём паставак дроў у палівазбыт нават вырас на 27 адсоткаў. І брыкет пастаўляюць рэгулярна.

Бабруйскі палівазбыт супрацоўнічае з Бабруйскім, Быхаўскім, Клічаўскім і Глускім лясгасамі. Рэалізуе мяшаныя дровы, збольшага іглічныя пароды.

Існуюць нормы продажу цвёрдых тыпаў паліва на адну гаспадарку за год. Паліўнага брыкету гэта - 3 тоны, дроў - 4,9 кубамэтра. Пры рэалізацыі двух тыпаў паліва - 2 тоны брыкету і 2,6 кубамэтра дроў.

У сувязі з ростам попыту на дровы імкліва вырас і націск на работнікаў прадпрыемства (некаторыя з якіх да таго ж хварэюць), а таму часова прыпыненае выкананне такіх паслуг насельніцтву, як расколванне і дастаўка дроў, гаворыць вядучая эканамістка. Пакуль іх выконваюць толькі інвалідам 1-й і 2-й груп.

Увогуле, каб не сядзець узімку без дроў, работнікі палівазбыту, як заўсёды, раяць звяртацца па паліва як мага раней.

А што ў Магілёве? Чарга 120 чалавек

- Сапраўды, праблема такая ёсць, - прызнае падвышаны ажыятаж дырэктар прадпрыемства Уладзімір Путрын. - І яна мае дзве прычыны - суб'ектыўную і аб'ектыўную. Да суб'ектыўнай я б залічыў інфантыльнасць нашага насельніцтва. Аб дровах трэба заклапаціцца не тады, калі нахапіліся маразы, а загадзя - улетку. Між тым, ніводнай заяўкі ад грамадзян да нас з траўня да жніўня не паступіла. Затое позняй восенню заяўкі пасыпаліся адна за адной, і ўтварылася чарга 120 чалавек. У лістападзе яе здалелі скараціць да 90 чалавек. Але імгненна праблему не развязаць.

Да аб'ектыўных прычын ён залічыў пераход шмат якіх ЖКГ на мясцовыя тыпы паліва. Аб'ёмы нарыхтоўкі драўніны значна павялічыліся, і лясгасы не заўсёды гэтаму даюць рады. «І гэта тычыцца не толькі Магілёўскай вобласці», - падкрэслівае дырэктар палівазбыту.

Грамадзяне могуць набыць ужо паколатыя дровы і так званыя "цуркі", парэзаныя па два мэтры. Машына такіх дроў каштавацьме прыблізна 220 рублёў (цана моцна залежыць ад таго, куды везці).

За якую цану дровы ў прыватнікаў?

Вакол Магілёва поўна прыватных пільняў. Мусібыць, вам прапануюць так званыя "аполкі" або драўняныя адкіды - тое, што засталося пасля вырабу дошак, брусоў ды іншага. Гэта, вядома, не бярозавыя палены, але, па-першае, яны таннейшыя, па-другое, не трэба стаяць у чарзе і, па-трэцяе, аполкі лёгка рэзаць. Узяў звычайную "швэдку" - і праз гадзіну маеце купу дроў.

Цана ўсюды прыкладна аднолькавая: аўтамабіль аполкаў аб'ёмам 5 кубамэтраў (гэтага цалкам выстарчыць на зіму і яшчэ застанецца) каштавацьме 280 рублёў. Плюс кошт дастаўкі (у Магілёве - 20 рублёў).

Некалькі парад: папрасіце прывезці вам не надта тонкія «адкіды», прасачыце за тым, каб вам не прывезлі гнілыя або волкія дровы і - таргуйцеся. Можна вымеркаваць.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках