26 красавiка 2024, Пятніца, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Будуць масавыя пасадкі чыноўнікаў»

7
«Будуць масавыя пасадкі чыноўнікаў»

Да чаго прывядуць «контрсанкцыі»?

Пастанова аб контрсанкцыях аб шэрагу прадуктаў з ЕЗ, ЗША, Канады і яшчэ сямі краін выклікала шмат размоў і пытанняў. Ці застануцца імпартныя тавары з прынятага спісу на паліцах, што будзе з коштамі? Прадстаўнікі буйнога рытэйла, з якімі паразмаўляла «Наша Ніва», перакананыя: тавары з паліц не знікнуць, але кошты могуць падрасці.

«Я так разумею, што ў мадэлі гэтых санкцый кіраваліся прыкладам Расеі - забараняць толькі тое, што ў якой-небудзь форме вырабляеш сам, каб не апынуліся пустымі паліцы, - кажа прадстаўнік сеткі, якая вядомая сваім шырокім рыбным асартыментам. - Такая квінтэсенцыя даўняй ідэі чыноўнікаў аб поўным імпартазамяшчэнні.

Я чуў, што дыскусія вялася і пра забарону дзіцячага харчавання, але не забаранілі, бо яўна не ў стане самі напоўніць рынак.

Рыбу таксама не забаранілі - у нас пад 80 імпарцёраў, а ў саміх мора няма - і была б катастрофа праз адсутнасць рыбы на рынку, а таксама ў перапрацоўшчыкаў.

У адрозненне ад Расеі, якая можа дазволіць сабе забараніць увоз морапрадуктаў, маючы свае моры і вытворцаў».

«Зразумела, што санкцыі прыводзяць да павышэння коштаў і звужэння асартыменту - гэта заўсёды, - кажа іншы мэнэджар рытэйла. - А наступствы я бачу такія: знізіцца, напрыклад, доля харчовага турызму з Расеі (багацеі і сярэдні клас вельмі актыўна ездзілі да нас паесці таго, чаго няма ў іх).

Відавочна, будзе нейкая спроба перадзелу рынку. Яна можа, на маю думку, прывесці да масавых пасадак чыноўнікаў МАРГ у нейкай сярэдняй перспектыве. Бо прынцып квотаў - ён непразрысты, суб'ектыўны. Каму даваць? А каму не даваць? Следства, як кажуць, разбярэцца. Будуць назіраць, хто будзе атрымліваць квоты.

Агулам жа, прападуць або моцна вырастуць у кошце польскія яблыкі, мандарыны - гэта з адчувальнага. Думаю, адсутнасці сыроў ці італійскіх каўбас рынак не заўважыць - і так вельмі вузкае кола было аматараў, якія маглі дазволіць сабе якасныя імпартныя прадукты. Беларусы рэальна тут змогуць замяніць лінейкі прапаноў. Забарона паставак сырых малочных і мясных тавараў, я думаю, будзе не вельмі адчувальнай, бо Рассельгаснагляд кантралюе, каб беларусы нідзе не хадзілі налева.

Пагрозы рытэйлу, які зарабляе на аб'ёмах продажу, суразмоўцы не бачаць.

«Я пакуль не бачу прычын, чаму гандлёвыя сеткі нешта страцяць - рытэйлу ўсё адно, ён заменіць адны пазіцыі іншымі, - кажа наш суразмоўца. - Я бачу, што моцна пацерпяць рэстарацыі, якія займалі нішу прэміяльнай кухні, бо ім давядзецца замяняць якасныя прадукты мясцовымі. Вось для іх гэта праблема, у адрозненне ад рытэйла.

Але як заўсёды за ўсё заплаціць спажывец, бо я не думаю, што прадукты возьмуць і знікнуць. Я хутчэй стаўлю на тое, што паслязаўтра ў Сербіі «з'явіцца» вялікі сырны завод, і вялікі мясакамбінат, з налепкамі якога да нас спакойна будзе ісці санкцыйная прадукцыя.

Сербія, Турцыя, стануць для Беларусі тым, чым Беларусь стала для Расеі пасля ўвядзення іх санкцый».

«У мяне пакуль пытанне, і я не бачу зразумелага адказу, ці забяспечым мы грамадзянаў мандарынамі на Новы Год? А таматамі? - Прадаўжае ён. - Нават тое, што афрыканскае, пераважна набываецца ў Еўропе. А таматы і мандарыны - толькі гішпанскія, з мараканскім пакуль праблемы, - сказаў супрацоўнік, які спецыялізуецца на садавіне. - Бачу выйсце ў тым, што будзем завозіць праз іншыя краіны. Гэта самае відавочнае, бо ні хурма, ні мандарыны ў Беларусі не растуць. Але паднімуцца кошты за кошт адлегласці лагістычных ланцужкоў».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках