12 траўня 2026, aўторак, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ад маленькага графіці да шэсцяў на сотні чалавек: Як паўстаў горад-спадарожнік Менска

2
Ад маленькага графіці да шэсцяў на сотні чалавек: Як паўстаў горад-спадарожнік Менска
ФОТА: GAZETABY.COM

Гісторыя рэвалюцыі ў Заслаўі вачыма ягонага жыхара.

Выданне «Салідарнасць» апублікавала ад першай асобы аповед жыхара Заслаўя пра пратэсты ў горадзе:

– За дзесяць гадоў жыцця ў Заслаўі ў мяне склалася пра яго ўражанне, як пра горад, які нейкім цудам прымудраецца жыць па-за палітыкай. Раней я сустракаў нешта падобнае і ў іншых гарадах, і ўжо тым больш у вёсках, дзе часта чуў: «Ну, гэта там, у вас, у Менску». Нібы гаворка ішла калі не пра паралельную рэальнасць, дык пра замежжа.

Мітынгі, шэсці, пратэсты – за гэтым усім трэба было ехаць у Менск. Які, дарэчы, так блізка, што ягоныя ўскраіны можна ўбачыць з Заслаўя, толькі забярыся вышэй.

Палітычныя кампаніі тут праходзілі спакойна, пікеты кандыдатаў не выклікалі ажыятажу. Да разгону і масавых арыштаў у 2010-м у Заслаўі нібы нікому не было справы, размовы пра гэта заціхалі пры пасадцы ў электрычку на Менск-Пасажырскі.

І ўсё ж было б няправільна сказаць, што падзеі лета 2020-га ў Заслаўі сталі громам сярод яснага неба. У апошнія гады людзі ўсё часцей сталі выказваць сваё стаўленне да ўладаў: «крамольныя» размовы можна было пачуць у чэргах у крамах, пад дзвярыма кабінетаў у паліклініцы, у фае школы.

Людзі высмейвалі словы Лукашэнкі: ён то не трымаецца за ўладу, то ўжо пагражае гібеллю краіне ў выпадку свайго сыходу. Даставалася і дэпутатам-прызначэнцам, у тым ліку і выхадцам з службы пратаколу.

ФОТА: GAZETABY.COM

Увосень 2019-га я ці не ўпершыню ўбачыў палітычнае графіці ў Заслаўі. У пераходзе пад аб'язной дарогай нехта напісаў «Лукашэнка, сыходзь!». Тады я яшчэ падумаў, што аўтар відавочна спазніўся, бо менавіта такі лозунг гучаў падчас антыдармаедскіх пратэстаў у 2017-м. Але, як высветлілася, гэта быў анонс падзей наступных.

Першай ластаўкай стаў збор подпісаў. Тут не было велізарных чэргаў, як у Менску ці абласных цэнтрах. Але і ад ранейшай апатыі не засталося і следу. Палаткі зборнікаў подпісаў сталі месцам прыцягнення: людзі падыходзілі распісацца і заставаліся пагутарыць. Пра каранавірус, маленькія заробкі і адсутнасць працы.

Ніколі раней, а гэта была ўжо трэцяя прэзідэнцкая кампанія за час пражывання ў Заслаўі, я не бачыў такіх сцэнаў: згледзеўшы зборнікаў подпісаў на супрацьлеглым баку вуліцы, людзі ішлі лішнюю сотню метраў да пераходу, каб вярнуцца на тым баку да палаткі і распісацца ў бланку.

Яшчэ адным званочкам стала рэакцыя людзей на адмову ў рэгістрацыі Віктара Бабарыкі. А таксама пасля гэтага на брутальны разгон стыхійнага пратэсту на менскіх вуліцах. У той вечар я сустрэў каля заслаўскага дома культуры знаёмую дзяржслужбоўцу. Пад нагамі ў нас стракацелі напісаныя дзіцячымі крэйдамі «3%» і «Я / Мы 97».

– Што ж гэта будзе? Ён жа прыбраў усіх адэкватных спаборнікаў. За каго цяпер галасаваць? – пыталася ў мяне знаёмая.

На наступную раніцу я сустрэў ля пад'езда маладую пару. Дзяўчына ў слязах чытала навіны з Менска:

– За што іх так збілі?! Яны ж нічога не рабілі...

Апошнія перад выбарамі дні запомніліся гутаркамі на вуліцах пра тое, ці адключаць 9 жніўня інтэрнэт і як далёка зойдуць сілавікі. На вуліцах з аўто ўсё часцей гучалі «Муры» і цоеўская «Пераменаў».

ФОТА: GAZETABY.COM

Дзень выбараў. У горадзе – нібы на вяселлі: белыя адзенні, белыя бранзалеты. І паветраныя шарыкі. І нібы ў такт агульнаму настрою – вялізныя, манументальныя аблокі.

Для мяне гэта былі першыя прэзідэнцкія выбары, на якіх я змог прагаласаваць. У 1994-м быў малы для гэтага, а ва ўсе наступныя кампаніі ў мяне неяк не зраслося з галасаваннем.

– З якім настроем да нас прыйшлі? – спыталі мяне ў камісіі, выдаючы бюлетэнь.

Я паціснуў плячыма, паставіў птушачку, зрабіў фота, склаў ліст гармонікам і кінуў у скрыню.

На вуліцы ля школы пачуў у натоўпе: нібыта нядзельная яўка ўжо да абеду прымусіла занепакоіцца камісію, маўляў, бюлетэняў можа да вечару і не хапіць.

ФОТА: GAZETABY.COM

А ўвечары ля выбарчых участкаў сталі з'яўляцца кампаніі людзей. Каля дома культуры сабраліся дзясяткі заслаўчанаў, частка з іх прыйшла ад суседняй школы.

– Там, у камісіі сядзяць людзі, якіх мы ведаем. Якія ведаюць нас. З аднымі разам выраслі, некага з нас вучыла настаўніца, якая сёння лічыць галасы, – стыхійныя выступы гучалі дзесьці да дзясятай ночы.

Да таго часу з Менска пачалі паступаць абрыўкі інфармацыі. Пра святлошумавыя гранаты і слезацечны газ, пра сутычкі каля стэлы.

Два дні кашмару пасля гэтага змяніліся нядоўгім, але надоўга помным перыядам адноснай вольніцы.

Кранальныя жаночыя акцыі супраць гвалту, першыя ланцугі салідарнасці і шэсці.

15 августа десятки горожан прошли по улицам города к церкви, чтобы почтить память убитого силовиками у «Пушкинской» Александра Тарайковского.

Той дзень запомніўся пранікнёнай прамовай праваслаўнага святара:

– Для любога хрысціяніна цалкам нармальна, што ён кожны дзень звяртаецца да Бога з просьбай пра мір. Пра мір на сваёй зямлі, Пра мір у сваёй сям'і. Пра мір паміж людзьмі. Але за апошні тыдзень, браты і сёстры, мы ўбачылі, што ніякага міру ў нашай краіне не існуе.

Тыя, у каго ў руках улада і зброя, кінулі нас у бездань вайны. Хто бываў у гэтыя дні ў Менску... Я там працую яшчэ. Я на свае вочы бачыў, як у людзей стралялі на Кальварыйскай. (...)

Уладоўцы, адкінуўшы ўсякую праўду, плюнулі на свой народ і ў нямоглай злосці сталі яго душыць. Страляючы ў людзей, без разбору.

ФОТА: GAZETABY.COM

А на наступны дзень у Заслаўі прайшоў свой нядзельны марш, які сабраў сотні дэманстрантаў пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Калона расцягнулася на кіламетр – такога тут, магчыма, і не бачылі раней.

На нейкі час гулянні ля ДК, аўтамабілі з бел-чырвона-белымі сцягамі з вокнаў, тыя ж сцягі ў вокнах кватэраў – усё гэта стала штодзённасцю.

20 жніўня сотні гараджанаў прыйшлі на ініцыяваную імі сустрэчу з уладамі. Размовы не атрымалася: чыноўнікі не захацелі сыходзіць з актавай залы дома культуры, заслаўчане адмовіліся ісці ў памяшканне, куды не ўлезла б і палова прысутных.

У выніку на сустрэчу рушыла невялікая дэлегацыя, але ні на адно сваё пытанне людзі не пачулі адказаў у сутнасці. Ні пра фальсіфікацыі выбараў, ні пра гвалт з боку сілавікоў.

Той сход стаў апошняй масавай акцыяй у горадзе.

ФОТА: GAZETABY.COM

Восень запомнілася гуляннямі пад парасонамі, ланцугом памяці пра Рамана Бандарэнку, партызанскімі флэшмобамі і графіці.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках