26 красавiка 2024, Пятніца, 15:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Укол «Спадарожнікам»

11
Укол «Спадарожнікам»
ФОТА: TACC

Як вакцына з Расеі прывяла да крызісу ўлады ў Аргенціне.

Назва расейскай вакцыны ад COVID-19 «Спадарожнік V» усё часцей фігуруе ў аргенцінскіх навінах – напрыклад, прэпарат апынуўся ў цэнтры скандалу з «VIP-вакцынацыяй», калі прышчэпку атрымлівалі набліжаныя да ўладаў краіны. Праз гэта ў адстаўку сышоў міністр аховы здароўя Аргенціны. Што адбывалася з вакцынай у краіне – у матэрыяле RTVI.

Першыя дозы «Спадарожніка V» адправілі ў Буэнас-Айрэс яшчэ пад каталіцкія Каляды 2020 года. Спачатку ў краіну прывезлі ўсяго 300 тысячаў дозаў, а адзін адсотак ад гэтага аб'ёму Міністэрства аховы здароўя, як высветлілася пазней, адразу ж адклаў для асабістых патрэбаў – калі прышчэпка раптам спатрэбіцца, скажам, пляменніку міністра.

Зрэшты, значна большую цікавасць выклікае тое, што пастаўкі вакцыны праводзілі ледзь не як таемную аперацыю. Як высветліла найстарэйшая газета Аргенціны La Nacion, некаторыя дакументы пра набыццё «Спадарожніка V» ахоўваліся так, быццам бы іх змест утрымлівае дзяржтаямніцу – доступ да іх быў толькі ў сямі чалавек, у тым ліку ўжо былога міністра аховы здароўя Хінэса Гансалеса Гарсіі і Карлы Вісоці, якая змяніла яго на пасадзе.

Іншай вельмі дзіўнай асаблівасцю ў набыцці «Спадарожніка V» La Nacion назвала тое, што вакцыну ўхвалілі ў рэкордныя – і незвычайныя для марудлівасць аргентынскай бюракратыі – тэрміны. Сярод дакументаў, якія прапанаваў расейскі бок для рэгістрацыі вакцыны ў Аргенціне, былі, напрыклад, прызначаныя для расейскага Міністэрства аховы здароўя. Міжнародным стандартам яны не адпавядалі.

Акрамя таго, зацвярджэнне вакцыны ў краіне адбылося яшчэ да таго, як у аўтарытэтных сусветных навуковых часопісах апублікавалі вынікі яе даследаванняў. Да моманту, калі ў Lancet з'явіўся артыкул пра эфектыўнасць і бяспеку «Спадарожніка V», заставалася крыху больш за месяц.

Нягледзячы на гэта, у Аргенціне пачалі актыўна праводзіць вакцынацыю з дапамогай расейскага прэпарату. «Спадарожнікам V» прышчапіўся і прэзідэнт Альберта Фернандэс. Як падлічыла ў сярэдзіне студзеня «Медыязона», у краіне прышчапілася больш чалавек, чым ва ўсіх рэгіёнах Расеі, выключаючы Маскву. Спадзеючыся на своечасовую другую пастаўку «Спадарожніка V», Буэнас-Айрэс абвясціў пра планы прышчапіць ад кавіду блізу 70% насельніцтва краіны да канца чэрвеня.

Гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца. У канцы студзеня ў Аргенціну вылецеў самалёт з другой партыяй вакцыны, але замест абяцаных 600 тысячаў дозаў да пункта прызначэння даляцелі толькі 220 тысячаў. Распрацоўнік прэпарату патлумачыў зрыў паставак недастатковымі магутнасцямі вытворчасці і запэўніў, што ў найбліжэйшы час паставіць вакцыны ў рэгіён у неабходным аб'ёме.

У выніку ўлады Аргенціны адкарэктавалі план вакцынацыі ад COVID-19 – цяпер да канца чэрвеня яны спадзяюцца прышчапіць менш за траціну ўсіх жыхароў краіны. У спробе нагнаць першапачаткова вызначаныя тэмпы вакцынацыі Аргенціна тэрмінова ўхваліла ўжыванне кітайскай вакцыны вытворчасці Sinopharm – першая партыя аб'ёмам мільён дозаў прыбудзе ў краіну ўжо 25 лютага.

Акрамя лагістычных праблемаў, пастаўкі «Спадарожніка V» прынеслі Аргенціне і палітычныя. Выдача дазволу на ўжыванне вакцыны яшчэ да з'яўлення вынікаў даследаванняў у аўтарытэтных выданнях выклікала крытыку з боку праціўнікаў прэзідэнта Альберта Фернандэса і віцэ-прэзідэнткі Крысціны Кіршнер. Апошняя вядомая, сярод іншага, тым, што супраць яе некалькі разоў вылучалі абвінавачванні ў карупцыі і растраце.

У той самы час палітычны скандал, звязаны з расейскай вакцынай, разгарэўся не з віны Кіршнер. 19 лютага журналіст Орас Вярбіцкі ў эфіры мясцовага радыё расказаў дзіўныя падрабязнасці таго, як яму зрабілі прышчэпку. Высветлілася, што гэта вельмі проста зрабіць нават ва ўмовах недахопу прэпарату – дастаткова пражыць жыццё так, каб называць міністра аховы здароўя Хінэса Гансалеса Гарсію сваім «старым сябрам».

Сярод тых, хто вакцынаваўся ад кавіду «праз знаёмства» апынуліся, сярод іншых, пляменнік Гансалеса Гарсіі, сябар прэзідэнта Альберта Фернандэса Эдуарда Вальдэс і сенатар Хорхе Таіяна. Амаль адразу ж прэзідэнт запатрабаваў ад «старога сябра» Вярбіцкі сысці ў адстаўку праз вакцынацыю «для сваіх». Гансалес Гарсія з прапановай Фернандэса пагадзіўся, але адказнасць за прышчэпкі для абраных узваліў на свайго асабістага сакратара – нібыта ён усё наблытаў, у выніку чаго вакцыну атрымалі не тыя, хто павінен быў.

Паводле звестак на 24 лютага, «Спадарожнік V» ухвалілі ў 35 краінах свету, уключаючы Аргенціну і Расею. Апошнім распрацаваны цэнтрам імя Гамалеі прэпарат дазволілі да ўжывання ўлады Егіпта.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках