У МУС Беларусі пачаліся сур'ёзныя праблемы з запрашэннем новых кадраў
70- 26.02.2021, 14:39
- 25,540
Установа Кубракова пайшла на дзіўныя захады.
Паводле інфармацыі, што паступіла ў BYPOL, сёння, 26.02.2021 а 14-й, на аэрадроме Ліпкі, што за 1 км ад в. Ліпкі на паўднёва-ўсходняй ускраіне Менска, пройдуць здымкі агітацыйнага відэароліка «ў мэтах падняцця іміджу і павышэння ўзроўню даверу да органаў унутраных справаў».
Для гэтага на аэрадром зганяюць 2000 дзейных супрацоўнікаў з розных падраздзяленняў (Акадэміі МУС, ГУУС Менгарвыканкама, раённых менскіх УУС). Паводле сцэнара, дзейныя супрацоўнікі ў форме будуць выконваць розныя фігуры на снезе (як у амаль забытыя сталінскія часы – «Рабі раз! Рабі два! Рабі тры!»).
Арганізаваны выезд на мерапрыемства прызначаны на 13-ю ад будынка ГУУС Менгарвыканкама (завулак Дабрамысленскі, 5).
Гэтая акцыя, на перакручанае ўяўленне міністра Кубракова і ягоных ідэолагаў, павінна кардынальна змяніць стаўленне беларусаў да падначаленай ім установы, пра якое красамоўна сведчыць у тым ліку той факт, што на сёння ў Акадэмію МУС, упершыню за ўсю гісторыю існавання гэтай навучальнай установы, пададзена ўсяго толькі 100 заяваў на паступленне пры абвешчаным наборы 800 курсантаў.