26 красавiка 2024, Пятніца, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як цяпер працуюць візавыя цэнтры

8
Як цяпер працуюць візавыя цэнтры

Скончыўся «шэнген», што рабіць беларусам?

З новай вясной прыйшоў настрой на новыя падарожжы і ўражанні. Самыя стомленыя ад руціны беларусы ўжо з'ездзілі ў Егіпет і Эміраты, самыя цярплівыя чакаюць адкрыцця еўрапейскіх краін. Шмат у каго скончыўся тэрмін візы, межы цалкам не могуць адкрыцца ўжо амаль год. Але з надыходам вясны ў душы цепліцца надзея, што вось-вось можна будзе адправіцца на шопінг у польскія і літоўскія молы, узлезці на італійскія Альпы або зрабіць фота каля Эйфелевай вежы. Даведаліся ў візавых цэнтрах, ці можна аформіць турыстычную візу і прадчуваць аднаўленне «шэнген»-эпохі, піша «Онлайнер».

Візавы цэнтр Польшчы

Турыстычны «шэнген» у польскім візавым цэнтры недаступны ўжо амаль год - з 17 сакавіка 2020 года. Дагэтуль навін для аднаўлення прыёму дакументаў не чуваць.

- З мэтай турызму пакуль не было яшчэ ў сувязі з пандэміяй аднаўлення падачы дакументаў. Пакуль, на жаль, не было ніякай абноўленай інфармацыі з консульскага аддзела, - адказалі ў візавым цэнтры Польшчы.

Аднак цяпер атрымаць шэнгенскую візу ў гэтым візавым цэнтры могуць беларусы, якія збіраюцца на працу ў Польшчу і маюць запрашэнне ад тамтэйшага працадаўцы, уладальнікі карты паляка, студэнты польскіх ВНУ. Таксама даступныя гуманітарныя візы - з палітычных мэтаў. Польшча прымае і ІТ-спецыялістаў, гатовых падаць дакумент, што працуюць у сферы больш за год. Усё гэта тычыцца нацыянальнай візы.

Таксама працоўнымі застаюцца візы катэгорыі С - для кіроўцаў-міжнароднікаў, камандзіраваных, спартоўцаў, удзельнікаў культурных мерапрыемстваў. Апошнія тры робяцца праз прадстаўніцтва Вугоршчыны і Эстоніі.

- У берасцейскай консульскай акрузе (Берасце, Пінск і Баранавічы) адноўленая мэта паездкі паводле натарыяльнага запрашэння ад найбліжэйшага сваяка, - сказалі ў візавым цэнтры.

А што з літоўскім «шэнгенам»?

Сотым разам паглядзець на віленскую ратушу, гару Гедыміна або прагуляцца па мясцовым «Акропалісе» таксама пакуль не атрымаецца. Магчымасцяў падаць на літоўскі «шэнген» шмат, але самая запатрабаваная мэта - турыстычная - дагэтуль няспраўная.

- З мэтай «турызм» цяпер ніводзін візавы цэнтр не прымае дакументы ў Беларусі. Калі адновіцца прыём, на жаль, пакуль што інфармацыі ў нас няма, - распавялі ў літоўскім візавым цэнтры.

ВЦ Літвы ў Менску цяпер прымае дакументы на візу тыпу С для кіроўцаў-міжнароднікаў, найбліжэйшых сямейнікаў, грамадзян Літвы, прафесійных спартоўцаў, дзеячаў мастацтва, журналістаў і студэнтаў. На нацыянальную візу D дакументы прымаюцца па ўсіх мэтах: праца, навучанне, спрошчаная працэдура атрымання дазволу на жыхарства ў Літве.

Візавы цэнтр Вялікай Брытаніі

Большасць брытанскіх візавых цэнтраў працуюць паводле мясцовых абмежаванняў: ВЦ у Менску цяпер абслугоўвае кліентаў у звычайным рэжыме, абмежаванняў у мэтах візіту мы не знайшлі. Перад падачай заявы на візу лепш актуалізаваць інфармацыю аб правілах уезду.

«Пастанова паводле вашай заявы можа быць адкладзеная, калі вы падаеце заяву з краіны, у якой паездка ў Вялікую Брытанію прыпыненая. Вы атрымаеце візу, калі прыпыненне паездкі будзе скасаванае, калі ваша заяўка будзе задаволеная», - гаворыцца на сайце gov.uk.

На сёння ўезд у Вялікую Брытанію з Беларусі дазволены, але па прыездзе трэба прайсці два тэсты на каранавірус і адбыць 10-дзённы карантын. Па-ранейшаму наладжаныя авіязлучэнні паміж Менскам і Лонданам.

Хачу ў ЗША, што з візамі?

Цяпер амбасада ЗША ў Менску не можа аднавіць звычайныя паслугі па выдачы неіміграцыйных візаў - праз эпідэмічную сітуацыю. Калі ўсё вернецца ў ранейшае рэчышча, невядома. Як распавялі ў пасольстве, падаць заяву на турыстычную візу пакуль нельга. Як толькі з'явіцца такая магчымасць, пра гэта паведамяць на сайце амбасады.

Пакуль Еўропа і ЗША падаюцца міражом, не забываем аб бязвізавых краінах, якія - з тымі ці іншымі «антыковіднымі» ўмовамі - прымаюць беларусаў з шырокімі абдымкамі. Напрыклад, сёння свае межы для нас адкрыла Грузія. Для ўезду ў краіну патрэбен адмоўны тэст на каранавірус. У Грузіі з пачаткам вясны касуюцца амаль усе абмежаванні: пачнуць працаваць рэстарацыі і грамадскі транспарт.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках