26 красавiка 2024, Пятніца, 18:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганіце гопнікаў

21
Ганіце гопнікаў
ІРЫНА ХАЛІП

Іх усяго толькі тры адсоткі.

Днямі супрацоўнік амбасады Беларусі ў Літве ўспаў на жыхароў Вільні, якія прынеслі да будынка дыпмісіі партрэты загінулых і свечкі. Пацярпелыя выклікалі паліцыю. Паліцыянты, якія працуюць на тэрыторыі, куды ўваходзіць і беларускае пасольства, напэўна ўжо даўно не дзівяцца. Паліцыянты ведаюць, што ў гэтым доме пад кавалкам чырвона-зялёнай тканіны працуюць звычайныя гопнікі.

Гопнік звычайны - гэта акурат той адзіны від, які выжыў у беларускіх дзяржаўных структурах. Усе sapiens ці збеглі адтуль добраахвотна, або былі звольненыя ў сувязі з відавой несумяшчальнасцю, або паступова, у працэсе натуральнага адбору, страцілі першапачатковыя ўласцівасці і шчыльна асіміляваліся з гопнікамі, што дапамагло ім утрымацца ў тых структурах. Цяпер у Беларусі ўжо не адрозніш міністра культуры ад міністра ўнутраных спраў, амапаўца ад дыпламата, гэбэшніка ад рэктара. Улада сягоння мае абсалютна гамагенную кансістэнцыю.

Гэта і дрэнна, і добра. Дрэнна - бо з гопнікамі бессэнсоўныя спробы дамаўляцца, яны не падлягаюць перавыхаванню (хіба што пераадзяванню пры патрэбе), ненавідзяць людзей з крытычным мысленнем і валодаюць надзвычайнай прагавітасцю да чужой уласнасці - маёмасці, свабоды, жыцця. Калега, якую нядаўна саджалі на 15 дзён арышту паводле моднага артыкула 23.34, распавядала пасля выхаду на волю, як «сведка Громаў» у форме, які даваў супраць яе сведчанні, падчас перапынку, пакуль суддзя ў суседнім пакоі пісала пастанову, крычаў: «Села ў клетку, пачвара! Тут з цябе дурасць выб'юць! Адышла ад акна, я сказаў!»

Калега працуе на акцыях пратэсту шмат гадоў. А пасля акцый яна за гэтыя гады паспела аддзяжурыць ля ўсіх гарадскіх РУУС і ГАМ, заўсёды ведала ў твар і па імёнах ці ледзь не ўвесь асабовы склад менскай міліцыі. «Ты ведаеш, там ужо няма нават тых гоблінаў, якія працавалі 10-15 гадоў таму, - пазвальняліся. Цяпер там працуюць выключна вельмі маладыя хлопцы з адмоўным IQ з гаротных сем'яў», - распавядала яна. Уяўляеце, які там зараз «працоўны калектыў» і якія задачы перад ім стаяць, калі нават дасведчаныя гобліны не вытрымалі?

Але, з іншага боку, гэта добра, бо спрашчае нам задачу. Гопніцкая засохлая ўлада складаецца з асобін, чые дзеянні лёгка прадбачыць. Мы выдатна ведаем, чаго ад іх чакаць. Гопнікі баязлівыя і таму ўважаюць за лепшае забіраць у людзей партманэты і сцягі ў цемры. Не грэбуюць стужачкамі, мабільнікамі і дробяззю з кішэняў. Любяць па начах рабіць дробныя паскудствы накшталт вывядзення з ладу каналізацыі і электрычнасці ў «Новай Баравой». Але гопнікі баязлівыя і звычайна разбягаюцца нават ад гучных гукаў. А ўжо калі сутыкаюцца з перашкодай у выглядзе вялікай колькасці людзей, то і пагатоў: бягуць, адзін перад адным і паспяваючы выкрыкваць «гэта ён, гэта не я!», - толькі паспявай лавіць.

Так што пазбавіцца ад іх не так ужо і складана. Так, у іх пагоны, дубінкі, гранаты, пастановы пра арышты і ключы ад камер і кайданкоў. Але іх усё ж тры адсоткі. Так што ў нас, бяззбройных, такая каласальная колькасная перавага, што трэба толькі сабрацца - з усёй сваёй перавагай, у адным месцы і ў адзін час. Гэтага будзе дастаткова. Потым яшчэ стомімся выкалупваць іх, паразбягаюцца, па тараканавых шчылінах.

А пакуль яны ўдзень вядуць допыты, сведчаць у судах, выносяць прысуды. Вечарамі блукаюць па дварах, зразаюць стужачкі, зрываюць сцягі. Потым усёй кампаніяй збіраюцца за гаражамі, утульна садзяцца на кукішкі і п’юць «Массандру». Дарэчы, цяпер я разумею, чаму амбасадар Расеі Мезенцаў і двух гадоў не пратрымаўся на гэтай пасадзе. Усё праз яе, праз «Массандру». Пасля таго як тэлефонныя размовы гопнікаў патрапілі ў сеціва, яму напэўна патэлефанавала начальства з Масквы і сказала: «Табе, Мезенцаў, партвейн скрынямі выдавалі для чаго? Для прадстаўніцкіх мэтаў! Дык якой халеры ты яго кожнай брыдоце па падваротнях раздаеш?»

А яму і адказаць няма чаго.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках