26 красавiка 2024, Пятніца, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Над брамай манастыра на святы вывешваўся бел-чырвона-белы сцяг»

1
«Над брамай манастыра на святы вывешваўся бел-чырвона-белы сцяг»

Як Гародня стала сталіцай БНР.

27 траўня 1919 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам пераехала з Вільні ў Гародню, дзе заставалася да верасня 1919 года.

Журналісты tut.by правялі экскурсію па гістарычных мясцінах Гародні, звязаных з Радай БНР.

Над брамай манастыра на святы вывешваўся бел-чырвона-белы сцяг

Галоўным беларускім месцам у Гародні можна ўважаць Барысаглебскі праваслаўны манастыр, які знаходзіўся на месцы, дзе цяпер стаіць будынак драмтэатра.

У 1915 годзе сюды перавезлі дзіцячы прытулак з Краснастока, які пад сваю апеку ўзялі прадстаўнікі віленскага беларускага дабрачыннага таварыства «Золак». Потым тут адчынілі першую ў Гародні беларускую школу. Яе настаўнікамі сталі 18-гадовая Тэкля Станішэўская і 23-гадовы Аляксандр Грыкоўскі. На жаль, маладыя настаўнікі захварэлі на сухоты і памерлі адзін за адным у 1919 годзе.

Тут жа, у Барысаглебскім манастыры, у 1918 годзе адчынілася першая ў горадзе легальная беларуская арганізацыя – «Сувязь культурна-нацыяналістычнага Адраджэння Беларусі». Потым яна змяніла сваю назву і стала «Гарадзенскім Беларускім нацыянальным камітэтам». У манастырскіх сценах размяшчаліся канцылярыя Беларускай настаўніцкай рады, сакратарыят Беларускага пасольскага клуба, Беларуская школьна-сіроцкая рада, рэдакцыя газеты «Сялянская гутарка», беларуская друкарня і аддзяленне Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Над брамай манастыра на святы вывешваўся бел-чырвона-белы сцяг.

Першы беларускі мітынг – у адной з залаў афіцэрскага казіно

Цяперашняя Савецкая плошча – яшчэ адно месца ў беларускім маршруце па горадзе. У так званым «доме Мураўёвых» у 1918 годзе размяшчалася афіцэрскае казіно, у адной з залаў якога быў арганізаваны першы ў Гародні беларускі мітынг. У 1919 годзе на плошчы прайшло пахаванне настаўніка Аляксандра Грыкоўскага.

А далей мы ідзем па вуліцы Савецкай, якая раней называлася Дамініканскай. У доме № 23 знаходзіўся гатэль «Расея». Паводле іроніі лёсу менавіта тут размяшчаўся Беларускі нацыянальны камітэт, праходзілі беларускія вечарынкі, курсы мовы, працавалі рэдакцыя газеты «Беларусь», Цэнтральная беларуская рада Гарадзеншчыны, беларускі клуб «Наша хатка». І тут жа праходзілі паседжанні Урада БНР.

Беларускія дзеячы тут абедалі або збіраліся за гарбатай і так абмяркоўвалі надзённыя дзяржаўныя справы.

Дарэчы, менавіта ў Гародні ўвесну 1919 года святкавалі першую гадавіну абвяшчэння БНР. Падчас урачыстага вечару Антон Луцкевіч звярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да таго моманту, пакуль Беларусь не стане незалежнай.

Не многія ведаюць, што будынак універмага непасрэдна звязаны з гарадзенскай гісторыяй БНР. Дакладней – месца, дзе размешчаны гандлёвы цэнтр. Тут знаходзіўся гатэль «Еўропа» або «Еўрапейскі», дзе ў пачатку 1919 года спыніўся тагачасны прэм'ер-міністр і міністр замежных справаў Урада БНР Антон Луцкевіч. Назва гатэля як мага лепш адпавядала той мэце, якая прывяла яго ў Гародню: зрабіць беларускую дзяржаву еўрапейскай.

Побач у той час знаходзіўся яшчэ адзін гатэль – «Камерцыйны» або «Гандлёвы». Пазней, у савецкі перыяд, тут размяшчаўся рэстаран «Беласток». Тут спыняліся афіцэры з беларускай вайсковай камісіі.

Яшчэ адзін гарадзенскі гатэль – «Метраполь», які знаходзіўся на сённяшняй вуліцы Сацыялістычнай. Тут таксама спыняўся Антон Луцкевіч, перабраўшыся сюды з гатэля «Еўропа».

Іншы адрас – Леніна, 4. Тут калісьці размяшчалася Пушкінская вучэльня, а ў часы БНР – беларуская школа на чале з дырэктарам Янкам Антонавым.

З гэтым месцам звязаны і Лука Дзекуць-Малей – адзін з першых пратэстанцкіх святароў, які далучыўся да беларускага руху. Ён з'яўляўся чальцом камітэта нацыянальнага адраджэння Беларусі, клуба «Беларуская хатка», быў адным з ініцыятараў стварэння Грамады беларускай моладзі. І нават выступаў на сцэне мясцовага тэатра.

Самы вядомы гарадзенскі фотаздымак Урада БНР

Адзін з самых вядомых гарадзенскіх фотаздымкаў Урада БНР зроблены каля архірэйскага дома, які знаходзіцца па вуліцы Горкага, 2/2. Менавіта тут у пачатку 1919 года размяшчалася беларуская вайсковая камендатура і частка эскадрону першага беларускага гарадзенскага палка. На фатаграфіі – гарадзенскі полк падчас прыезду адной з замежных дэлегацый. На гаўбцы вывешаны беларускі, літоўскі і французскі сцягі.

У былым палацы кватаравалі беларускія афіцэры. У 1919 годзе пасля акупацыі немцамі Гародні ў горад стала вяртацца праваслаўнае духавенства. На адной фатаграфіі – беларускія вайскоўцы і праваслаўны біскуп Уладзімір, які вярнуўся з вымушанай эміграцыі ў Расеі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках