26 красавiка 2024, Пятніца, 6:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выведка Літвы: Расея засылала ў Вільню двайніка «кухара Пуціна» для правядзення інфармацыйнай атакі

1
Выведка Літвы: Расея засылала ў Вільню двайніка «кухара Пуціна» для правядзення інфармацыйнай атакі

Літоўскія спецслужбы выкрылі лжэ-Прыгожына.

Расея спрабавала арганізаваць інфармацыйную атаку супраць Літвы, выкарыстоўваючы двайніка «кухара Пуціна» Яўгена Прыгожына, які знаходзіцца ў еўрапейскіх санкцыйных спісах. Пра гэта паведаміў у сваёй справаздачы Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы, паведамляе Delfi.

Паводле інфармацыі літоўскага выведкі, у пачатку 2020 года ў краіну прыбыла асоба, якая мае пашпарт на імя грамадзяніна Расеі Яўгена Прыгожына. У пашпарце расейца была пазначаная дата нараджэння алігарха – 1 чэрвеня 1961 года. Вонкава ён вельмі нагадваў «кухара Пуціна», аднак гэта быў не ён.

Як удакладніў дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс, гэтым расейцы хацелі праверыць, як будзе дзейнічаць літоўская выведка.

«Першае – пратэставаць наш уласны кантроль на мяжы, другое – паспрабаваць прывабіць увагу СМІ», – сказаў Яўнішкіс, выступаючы са справаздачай у парламенце краіны.

Паводле ягоных словаў, пры праверцы на мяжы было вызначана, што ў Літву прыбыў не сам Прыгожын.

«Некаторыя лічбы ў дакументах проста не супалі, і гэты чалавек трапіў у Літву аўтаматычна, не выклікаўшы падазронаў. Ён не быў ідэнтыфікаваны як асоба, якая знаходзіцца ў санкцыйным спісе», – сказаў кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы.

Паводле ягоных словаў, упершыню двайнік Прыгожына прыбыў у Вільню з Расеі рэгулярным рэйсам 13 лютага 2020 года. З аэрапорта ён скіраваўся да будынка Міністэрства транспарту і камунікацый, дзе сфатаграфаваўся, пасля чаго вярнуўся ў аэрапорт і вылецеў назад у Расею. 26 лютага 2020 года гэты чалавек прыбыў у Літву другі раз. Ён сфатаграфаваўся ля будынкаў парламента, Літоўскага нацыянальнага музея, Вялікакняжацкага палаца, а 27 лютага адбыў цягніком у Беларусь, хоць у яго быў адваротны авіяквіток.

Пасля гэтага расейскі партал «Суразмоўца» апублікаваў не адпаведны рэальнасці матэрыял пра тое, што блізкі да Пуціна алігарх прыбыў у Літву і абмеркаваў з высокапастаўленым прадстаўніком Міністэрства транспарту нейкія праекты. Іншы артыкул выдання расказаў пра паўторны візіт Прыгожына ў Вільню і ягонае наведванне Сейма, нягледзячы на санкцыі ЕЗ. Пра ўяўныя візіты алігарха ў Літву паведамілі і некаторыя іншыя расейскія выданні.

«На самай справе двайнік Прыгожына ў Вільні не сустракаўся ні з адным прадстаўніком літоўскай улады або бізнэсу, якія былі згаданыя ў публікацыях», – гаворыцца ў справаздачы.

На думку літоўскай выведкі, мэтай гэтай правакацыі маглі быць спробы знайсці праломы ў памежным кантролі Шэнгенскай прасторы, стварэнне недаверу ў літоўскага грамадства, дзяржаваў NATO і ЕЗ да літоўскай улады, а таксама спроба выставіць Вільню як ненадзейнага партнёра, што вядзе двайную гульню.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках