26 красавiка 2024, Пятніца, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер Славакіі пасварыўся праз «Спадарожнік V» з прэзідэнткай і Украінай, а цяпер можа застацца без вакцыны

7
Прэм'ер Славакіі пасварыўся праз «Спадарожнік V» з прэзідэнткай і Украінай, а цяпер можа застацца без вакцыны
ІГАР МАТОВІЧ
ФОТА: EPA

Палітык справакаваў унутраны і міжнародны скандал.

Пастанова славацкага прэм'ера Ігара Матовіча набыць вакцыну «Спадарожнік V» спачатку выклікала скандал унутры краіны, а потым і ва Украіне. Палітык жартам заявіў, што абяцаў Расеі ў абмен на прэпарат Закарпацкую Украіну. Пакуль у Кіеве абураюцца выказваннем прэм'ера, вытворца расейскай вакцыны пагражае скасаваць пастаўку двух мільёнаў дозаў праз унутраныя палітычныя скандалы, піша «МБХ медыя».

«Вам пляваць на людзей»

Вечарам 3 сакавіка славацкі прэм'ер-міністр Ігар Матовіч стаў госцем папулярнага ў краіне Radio Express. Кіраўнік урада павінен быў даць тлумачэнні з нагоды набыцця двух мільёнаў дозаў расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спадарожнік V» без ухвалення прэзідэнткі Зузаны Чапутавай і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў.

Рэч у тым, што сітуацыя з каранавірусам у Славакіі адна з самых цяжкіх у Еўропе. У краіне з насельніцтвам блізу 5,5 мільёнаў чалавек штодня ад кавіду памірае сотня жыхароў. Матовіч пастанавіў набыць два мільёны дозаў расейскай вакцыны, чым абурыў прэзідэнтку Чапутаву. Яна заявіла, што прэпарат яшчэ не прайшоў неабходных дазвольных працэдураў у Еўразвязе.

Матовіча гэтая пазіцыя ўзвар'явала і ён выліўся гнеўным постам у Фэйсбуку, дзе раскрытыкаваў прэзідэнтку.

«Сотні людзей паміраюць кожны дзень, а некаторыя ўважаюць самай вялікай праблемай, што мы дазволілі сабе паставіць два мільёны дозаў вакцыны для нашых жыхароў з Расеі. Сур'ёзна? Вам пляваць на нашых грамадзянаў. Няўжо мы так глыбока зайшлі, што зусім не клапоцімся пра здароўе і жыццё людзей?» – напісаў ён.

У інтэрв'ю Матовіч якраз павінен быў адказаць на пытанні пра вакцыну, што ўсхвалявалі краіну, але замест прадухілення ўнутранага справакаваў яшчэ і міжнародны скандал. Рэч у тым, што ўлады Славакіі не раскрываюць, колькі будзе заплачана за вакцыну, ды і ўвогуле якія-небудзь падрабязнасці ўгоды. На ўдакладняльнае пытанне, што ён абяцаў Расеі ў абмен на прэпарат, Матовіч аджартаваўся: «Закарпацкую Украіну». Тлумачачы жарт, ён заявіў, што існуе меркаванне, што нібыта дамоўленасці з Расеяй аўтаматычна прадугледжваюць нешта дрэннае, але гэта не так «Як вы думаеце, што я ім абяцаў? Я ім нічога не абяцаў, яны нічога ад мяне не хацелі», – сказаў ён.

Закарпацкая вобласць з насельніцтвам 1,2 мільёна чалавек знаходзіцца на захадзе Украіны. З 1919 года тэрыторыя ўваходзіла ў склад Чэхаславакіі і насіла назву Падкарпацкая Русь. Падчас Другой сусветнай вайны была часова акупаваная Трэцім Рэйхам і ўваходзіла ў склад Вугоршчыны. 29 чэрвеня 1945 года ў Маскве было падпісанае пагадненне з уладамі Чэхаславакіі пра перадачу тэрыторыі СССР разам з 12 славацкімі вёскамі, якія раней не былі часткай Падкарпацкай Русі. Цяпер уся гэтая тэрыторыя ўваходзіць у склад Украіны.

У Чэхіі гэтую падзею часта называюць трагедыяй і актам агрэсіі з боку СССР. У Славакіі такіх заяваў адкрыта не рабілі.

Рэакцыя Украіны

Нечаканаму абвастрэнню пачуцця гумару славацкага прэм'ера ва Украіне не ўзрадаваліся. МЗС выпусціў заяву, у якой запатрабаваў выбачэнняў і нагадаў пра сітуацыю ў Крыме і на Данбасе.

«Незалежна ад кантэксту, падобныя выказванні кіраўніка ўрада, у якіх гаворыцца пра парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, катэгарычна недапушчальныя і негатыўна адбіваюцца на нашых стасунках. “Жарт” асабліва абразлівы для ўкраінскага народа, які пацярпеў праз расейскую агрэсію», – гаворыцца ў заяве. А кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба ў твітэры прапанаваў Матовічу замест Закарпацця абмяняць на вакцыну некалькі рэгіёнаў Славакіі.

Славацкаму калегу Кулеба Івану Корчаку давялося ўмяшацца ў сітуацыю: «Я папрасіў прабачэння перад Кулебам за недарэчныя выказванні прэм'ер-міністра на адрас Украіны. Некалькі дзён таму мы з ім добра пагутарылі ў Кіеве пра далейшае развіццё двухбаковых стасункаў».

Калі скандал з Украінай можна часткова меркаваць закончаным, то цяпер у Матовіча іншыя праблемы. Днём 4 сакавіка ён напісаў у сваім Фэйсбуку, што вытворца вакцыны «Спадарожнік V» разглядае магчымасць скасаваць кантракт на пастаўку двух мільёнаў дозаў вакцыны праз негатыўную рэакцыю ў Славакіі.

«Я іх цалкам разумею, таму што прэпарат для выратавання жыцця ў нас выкарыстоўваюць для палітычнай барацьбы. 40 іншых краінаў просяць іх пра пастаўку ў самыя кароткія тэрміны. Гэта самая вялікая памылка (адмова ад вакцыны. – «МБХ медыя»), якую мы можам зрабіць», – напісаў Матовіч.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках