26 красавiка 2024, Пятніца, 6:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: У NATO ёсць прычыны даць Украіне план дзеянняў для ўступлення

Bloomberg: У NATO ёсць прычыны даць Украіне план дзеянняў для ўступлення

Сітуацыя на ўкраінскай мяжы тычыцца не толькі Усходняй Еўропы.

Расея сцягнула да мяжы Украіны прыкладна 20 тысяч сваіх жаўнераў. Што Уладзімір Пуцін спрабуе зрабіць? Ён толькі шантажуе Вашынгтон або спрабуе такім чынам супрацьстаяць новым санкцыям, якія вось-вось будуць уведзеныя за зняволенне Аляксея Навальнага і арганізацыю маштабнай кібератакі SolarWinds?

Ці ўсё ж Масква сапраўды рыхтуецца да ўварвання ў суверэнную краіну, каб адарваць яшчэ адзін кавалак ці два ад яе тэрыторыі? Як Адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна стрымаць чарговае парушэнне міжнароднага закона?

"Украіна не ўваходзіць у NATO. Але калі я наведваў яе як Вярхоўны камандуючы хаўруснікаў у 2013 годзе, то выявіў вельмі жаданага партнёра ў асобе УСУ. Пасля сустрэч на высокім узроўні ў Кіеве я адправіўся на поўдзень, каб перайсці да найлепшай часткі паездкі - візіту на запрашэнне кіраўніка ВМС Украіны на галоўнай базе ў стратэгічна важным Крыме", - цытуе артыкул адмірала ВМС ЗША ў адстаўцы і былога Вярхоўнага камандуючага сілам NATO Джэймса Стаўрыдзіса ў Bloomberg выданне unian.net.

Ён апісвае сваё падарожжа на поўдзень Украіны ў чорных "пазадарожніках", падчас якога рабіў прыпынкі на палях бітвы Крымскай вайны. Напрыклад, у так званай "Даліне Смерці", дзе адбылася так званая "Атака лёгкай брыгады" Вялікай Брытаніі, увекавечаная ў вершы лорда Альфрэда Тэнісана.

"Памятаю, я думаў пра тое, наколькі малым здаваўся паўвостраў і наколькі іранічным было тое, што вялікія дзяржавы тых часоў: Брытанская, Французская, Асманская і Расейская імперыі, - сышліся ў крывавай і расчаравальнай вайне за гэты невялікі кавалачак сушы ў Чорным моры", - піша Стаўрыдзіс.

Ён дадае, што Украіна ў 2013 годзе была моцным партнёрам NATO. Яна адпраўляла свае войскі для ўдзелу ў місіях альянсу ў Афганістане і на Балканах, а таксама збіралася адправіць баявы карабель для ўдзелу ў місіі для барацьбы супраць пірацтва ва Усходняй Афрыцы. Але ў наступным жа годзе Уладзімір Пуцін уварваўся ва Украіну і анэксаваў Крым. Ён таксама дэстабілізаваў усю краіну, распаліўшы вайну на Данбасе і раздаючы расейскія пашпарты. Масква адпраўляла свае атрады спецназа без апазнавальных знакаў, ладзіла дыверсіі, ператварыла сацыяльныя сеткі ў зброю, а таксама арганізоўвала марскія блакады.

"Памятаю, як падчас таго візіту ў 2013 годзе камандзір ВМС -прыемны і разумны адмірал - наракаў на прысутнасць расейскіх баявых караблёў у порце Севастопаля. Ён сказаў: "Аднойчы расейцы проста захопяць нашу базу. Нам пашанцуе, калі яны не захопяць усю краіну". Я падумаў, што ён панікёр. А цяпер я ўсведамляю, што мы не зрабілі дастаткова для стрымлівання Пуціна. І ўрок, які я засвоіў, кажа, што нам трэба зрабіць больш цяпер, калі мы не хочам паўтарэння ўварвання 2014 года", - гаворыцца ў артыкуле.

Пуцін хоча цэлае "меню асалод": яшчэ адзін кавалак Украіны, які б дазволіў злучыць Крым з мацерыковай Расеяй, расейскамоўную краіну-васала на Данбасе, Украіну, якая б баялася дамагацца сяброўства ў NATO. Таксама ён хоча паказаць свайму насельніцтву, што ён прасоўвае расейскі нацыяналізм у так званым "блізкім замежжы", а таксама паслаць сігнал Захаду, што новыя санкцыі прывядуць толькі да вялікіх праблем у рэгіёне.

Ці вырашыцца Пуцін на новае ўварванне? Добрая навіна ў тым, што такі сцэнар здаецца менш магчымым, чым у 2014 годзе. УСУ лепш ўзброеныя і падрыхтаваныя, у значнай ступені дзякуючы дапамозе ЗША. Але калі гаворка ідзе пра Пуціна, нічога нельга сказаць напэўна. Ён можа падумаць, што ўнутраная турбулентнасць і раскол у ЗША ў спалучэнні з пандэміяй на абодвух узбярэжжах Атлантычнага акіяна адцягваюць увагу Захаду. Ён зрабіў аналагічныя стаўкі перад уварваннем у Сірыю, Грузію, а таксама ў Крым. Ён можа наважыцца на дзеянні цяпер, а з наступствамі ўжо разбірацца потым.

Найлепшае, што можа зрабіць каманда Байдэна, - гэта паглядзець у вочы мужчыны, якога прэзідэнт ЗША справядліва назваў "забойцам", і выкрыць яго блеф. Гэта азначае забяспечыць Украіну наступальным узбраеннем, асабліва супрацьтанкавымі і бранябойнымі ракетамі класа "зямля-зямля", а таксама пачаць адпаведныя трэніроўкі для УСУ, якія б праводзіла наўпрост Еўрапейскае камандаванне войска ЗША.

"Гэта таксама азначае адправіць караблі ВМС ЗША ў Чорнае мора (Пентагон адправіў некалькі эскадраных мінаносцаў з Міжземнамор'я праз Басфор на гэтым тыдні), увесці дадатковыя санкцыі супраць Расеі агулам і атачэння Пуціна асобна ў адказ на кібератакі SolarWinds і атручванне Навальнага, а таксама прадаўжэнне ўзаемадзеяння NATO з Украінай уключна з наданнем ёй плана дзеянняў у сяброўстве", - мяркуе Стаўрыдзіс.

Чытайце таксама "Пагроза наступу РФ": у Пуціна зноў загаварылі аб "выратаванні" расейскамоўнага насельніцтва. Ён адзначае, што гаворка ідзе не толькі пра Украіну. Для міжнароднай сістэмы на кон пастаўленае значна больш. Кітай, безумоўна, пільна сочыць за рэакцыяй Захаду ва Усходняй Еўропе. Бо ЗША адначасова спрабуюць захаваць незалежнасць Тайваня.

Амерыка і яе хаўруснікі павінны рашуча выступіць супраць расейскай мабілізацыі ля ўкраінскай мяжы. Калі граміла пачынае гуляць цягліцамі, саступаць - гэта заўсёды дрэнная ідэя.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках