26 красавiка 2024, Пятніца, 11:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мастак з аптычным прыцэлам

3
Мастак з аптычным прыцэлам
УЛАДЗІМІР ЦЭСЛЕР

Плакаты і мемы Уладзіміра Цэслера сталі неад'емнай часткай беларускага пратэсту.

У галерэі Artplay працуе выстава аднаго з самых вядомых дызайнераў і мастакоў Беларусі Уладзіміра Цэслера «Оптыка Цэслера». З пачаткам пратэстаў Цэслер увайшоў у Каардынацыйную раду беларускай апазіцыі, а ў жніўні быў вымушаны часова пакінуць краіну. Ягоныя плакаты і мемы сталі неад'емнай часткай, а нярэдка і шыльдай беларускага пратэсту.

Арт-экспэрт, галерыст і куратар Марат Гельман пабываў на выставе і распавёў, чаму гэтая экспазіцыя не толькі адна з важных мастацкіх падзей сезона, але і жывы дакор расейскай арт-супольнасці, піша The Insider:

- Выстава «Оптыка Цэслера» ў Artplay вельмі асцярожная. Значна больш асцярожная, чым сам мастак. Аб выставе будзе ніжэй, але яна - не галоўная прычына. Сам аўтар не прыехаў на яе не толькі праз пандэмію. А раптам расейскія ўлады выдадуць яго Лукашэнку? Не, не трэба рызыкаваць.

У нас у рэзідэнцыі ў Чарнагорыі быў беларускі мастак Аляксей Кузьміч. Ён паказваў раны на спіне і ягадзіцах пасля знаходжання ў засценках Лукі. Жахліва. Агулам, у гэтым канфлікце з уладай беларускія мастакі адкрыта сталі на бок грамадства і нават у авангардзе грамадства. Вельмі шмат пратэстнага мастацтва, мастацтва ў падтрымку апазіцыі. Марыя Калеснікава - музыка, Уладзімір Цэслер - самы вядомы з жывых мастакоў, абодва чальцы Каардынацыйнай рады апазіцыі. І гэта дакор расейскай мастацкай сцэне. Асобная тэма, пра якую хочацца пагаварыць, вядома, але маскоўская мастацкая сцэна скурчылася сёння, па-мойму, менавіта праз сваё дэманстратыўнае ігнараванне сацыяльных працэсаў, лаяльнасць да ўлады і інстытуцый. Рэспект Менску - ганьба Маскве.

Але вярнуся да Цэслера. Ён 1951 года нараджэння, гэта значыць, у ягоным жыцці ўжо былі гераічныя часы - сямідзесятыя. Далей па маёй класіфікацыі 80-я былі эпохай энтузіязму. 90-я - прафесійнае станаўленне і ў 2000-я ўжо можна было стрыгчы купоны з гучнага, заслужанага імя і рэалізоўваць амбіцыйныя праекты, думаць аб сінэкуры...але вось зноў гераічныя часы. Ізноў час наўпроставага выказвання, час плаката.

Гэтыя плакаты - рэакцыя мастака на падзеі лета-восені 2020 га. Цэслер першым пазначыў сувязь паміж акупацыяй Беларусі нямецкімі войскамі падчас Другой Сусветнай вайны і паводзінамі Лукашэнкі і ягоным акупацыйным рэжымам.

Тут трэба, вядома, сказаць, што трансфармацыя плаката ў 90-я гады стала прычынай з'яўлення цэлай плеяды мастакоў. Акрамя Цэслера гэта Уладзімір Дабравінскі, Пётр Банкаў, Андрэй Логвін. У нейкі момант плакат страціў заказчыка. Яго перасталі расклейваць на тумбах, устаўляць у вітрыны, за яго не плацяць. І ў гэты момант, страціўшы утылітарнасць, ён стаў мастацтвам для мастацтва, а дызайнеры, атрымаўшы абсалютную свабоду, сталі мастакамі. Вядома, Уладзімір Цэслер не толькі мастак плаката, і на выставе ў Artplay акурат ягоных плакатаў няма, але сёння менавіта яны актуальныя, вострыя, эфектыўныя. Уладзімір у Беларусі - магутная фігура, і таму ягоныя «жарты» над уладай успрымаюцца як гучныя аплявухі. Разлятаюцца імгненна. Бяруцца на ўзбраенне. Пераказваюцца.

Так-так, пераказваюцца. Ён аўтар неймаверных мемаў. Гэта значыць. па форме гэта творы мастацтва, але ў аснове кожнага ляжыць гульня. Гульня слоў, гульня сэнсаў, гульня кантэкстаў. Вось мы замыленым поглядам праходзілі тысячу разоў побач з парадоксам, а Цэслер яго візуалізаваў, дамогся аптычнага эфекту сапраўднасці і наш зрок палепшыў. Але застаецца ў выніку не толькі вобраз, але і мем.

Я цяпер апускаюся ў дыгітальных NFT-art і разумею, што там сістэма крытэрыяў свая. І вось сярод іх, як, напрыклад, для салоннага мастацтва, кароль крытэрыяў - гэта «павінна быць прыгожа», для крыптаарта - «павінен быць мем». І Цэслер - лічбавы мастак не толькі паводле медыя (большасць работ зробленыя на кампутары), але і ў гэтай «мемішнасці» (не блытаць з мімішнасцю).

Яшчэ абавязкова трэба сказаць аб адной дзіўнай якасці «жартаў» Цэслера. Звычайна гумар - жанр лёгкі. Малюнак пяром, карыкатура або фельетон на апошняй старонцы газеты. Анекдот. Цэслер не шкадуе ні працы, ні матэрыялу. Ён жартуе ў мармуры і бронзе, жартуе з дапамогай складаных праграм 3D мадэлявання і высокадакладных станкоў. Сур'ёзна ставіцца да смешнага - гэта, на маю думку, вельмі правільна. Вельмі сучасна. Гумар у таталітарнай краіне - зброя. І шчыт, і меч. І напад, і абарона. Навальны з турмы нездарма стаў пісаць амаль як прафесійны гумарыст. Адчуў тое, што Цэслер ведаў яшчэ з тых, папярэдніх гераічных гадоў. З сямідзесятых.

І вось пры ўсім гэтым застацца тонкім мастаком з пластычным нюхам і ўвагай да нюансаў, якія глядач і не заўважыць, а так, для сябе і для дзясятка калегаў, - гэта Цэслер.

Фотаздымкі з выставы ў Artplay. Такія мастацкія адходы дызайнера. Цэслер займаецца прафесійнай наладай оптыкі гледача - вучыць нас бачыць скрозь звыклае.

Што тычыцца выставы ў галерэі Artplay, яна пабудаваная як забаўка. Будзеце шмат усміхацца. Добра для першага спаткання, напрыклад. Праверыць у спадарожніка наяўнасць самаіроніі і пачуцця прыгожага. Але потым, пасля выставы, абавязкова пашукайце «Пратэстнае мастацтва Беларусі», «плакаты Уладзіміра Цэслера».

Жыве Беларусь.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках