26 красавiка 2024, Пятніца, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я ўбачыла, як з найбліжэйшых двароў і паркаў пачынаюць цячы ручайкі з людзей, зліваючыся ў раку»

1
«Я ўбачыла, як з найбліжэйшых двароў і паркаў пачынаюць цячы ручайкі з людзей, зліваючыся ў раку»
ФОТА: НАДЕЖДА БУЖАН / НАША НІВА

Найлепшыя здымкі беларускага пратэсту ад фіналісткі World Press Photo.

Фатограф «Нашай Нівы» Надзея Бужан заняла другое месца ў намінацыі «Spot news» у конкурсе World Press Photo. На фота жонка Паўла Севярынца Вольга чакае выхаду свайго каханага з Акрэсціна. Як высветлілася, дарэмна. Спецыяльна для «Белсата» аўтарка распавяла пра свае найлепшыя здымкі 2020 года.

- Я памятаю тыя шалёныя дні, калі Святлана Ціханоўская разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала ездзілі па Беларусі і збіралі аншлагі на сваіх сустрэчах. Часам за дзень трыа аб'язджала некалькі гарадоў - шалёны рытм. Я ездзіла за імі і дакументавала сустрэчы. У той дзень у Берасці было вельмі горача. Людзі сталі збірацца на пляцоўцы за некалькі гадзін да пачатку сустрэчы. У прызначаны час вядоўца абвясціў, што Ціханоўская спазняецца, бо машыну затрымала ДАІ. Я запомніла спякоту і як людзі страчвалі прытомнасць, але цярпліва чакалі трыа, - кажа Надзея.

- Лета 2020 года - гэта мой першы досвед здымак «пратэстнай фатаграфіі». А гэты кадр - самы першы, з якога як раз і пачаўся досвед. Памятаю, што перад затрыманнямі АМАП пачаў сціскаць натоўп людзей з двух бакоў. Тых, хто хацеў сысці, сілавікі выпускалі, а я разам з калегамі апынулася ўсярэдзіне кола міліцыі. Да мяне падышоў чалавек у цывільным і спытаў:

«Вы журналістка? Можаце знаходзіцца тут, галоўнае не перашкаджайце нашым байцам. Не хвалюйцеся, працуйце, вы ж журналістка». І што? Праз пару хвілін пасля яго «не турбуйцеся, працуйце спакойна» пачалі затрымліваць маіх калегаў.

- Усё адбывалася вельмі хутка. Калі я прыйшла на месца збору, жанчын, якія мірна выказвалі сваю пазіцыю, ужо атачылі сілавікі. Пад'ехала некалькі мікрааўтобусаў і аўтазак, пачаліся затрыманні, - успамінае фатограф.

- Самы першы і самы масавы мірны марш нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Паводле розных падлікаў на вуліцах у той дзень было ад 200 да 400 тысяч людзей. Гэты здымак я зрабiла пад канец маршу, калі людзі дайшлі да фінальнага пункту.

- Людзі паступова сцягваліся ў цэнтр і збіраліся невялікімі групамі. Так атрымалася, што ў той дзень сілавікі хацелі падзяліць натоўп і выставілі ачапленне з двух бакоў праспекту. Так я і частка пратэстоўцаў апынуліся заціснутыя паміж сілавікамі. Вайскоўцы пачалі паволі адціскаць людзей.

Чаго чакаць ад такіх дзеянняў? Невытлумачальна.

І тут адна з жанчын апускаецца на калені перад ачапленнем. Вядома, я зрабіла здымак. Крыху пазней сілавікі далі магчымасць людзям далучыцца да вялікай калоны, якая маршам прайшлася па горадзе.

- Праходзяць апошнія перад выбарамі сустрэчы з кандыдатамі. У Слуцку ў месцы правядзення мітынгу раптам наважылі рамантаваць дах будынка, садзіць кветкі, правяраць каналізацыю. У апошні момант улады не дазволілі Ціханоўскай правесці мітынг. Тое, што мерапрыемства адбываецца незаконна, людзі даведаліся ўжо на месцы. А за несанкцыянаваны збор людзей пачаў затрымліваць АМАП.

- Гэта быў трэці масавы марш беларусаў. Звычайна марш заканчваўся, калі натоўп ўпіралася ў ачапленне з сілавікамі каля Палаца Незалежнасці. Каля кардона ўтваралася такая своеасаблівая «тусоўка»: людзі размаўлялі, падыходзілі да сілавікоў, размаўлялі з імі. Калі я падышла да «шчытоў», пачаўся праліўны дождж. Парасон не асабліва ратаваў, але было цёпла. Дождж быў вельмі моцным, перыядычна прыходзілася выціраць з камеры ваду.

- Людзі распавядалі страшныя гісторыі пра ўмовы на Акрэсціна. Іх збівалі, не давалі піць і псіхалагічна ціснулі. Жахліва, што частка людзей з ізалятара вывозіла і на хуткіх іх вязлі адразу ў рэанімацыю.

- Сілавікі адціснулі жанчын да летняй тэрасы аднаго з менскіх бараў і яны фактычна апынуліся ў пастцы: іх прыціснулі да сцяны і парэнчаў. Сілавікі па чарзе выводзілі з шарэнгі дзяўчат у аўтазак. Хтосьці з дзяўчат зразумеў, што апошні шанец на выратаванне - паспрабаваць пералезці праз парэнчы і збегчы праз іншы ўваход. На здымку дзяўчыны дапамагаюць адна адной забрацца на тэрасу ў момант, калі сілавікі сцягваюць іх назад.

- Чарговы нядзельны марш. Кастрычнік - час, калі сілавікі спрабуюць ўжо больш радыкальнымі спосабамі перашкодзіць збору пратэстоўцаў і такім чынам здушыць пачатак маршу. Шмат вайсковай тэхнікі, мікрааўтобусы з АМАПам традыцыйна чакаюць пратэстоўцаў у цэнтры горада. Здавалася, што на гэты раз людзі сапраўды не выйдуць, таму што пабаяцца жорсткіх затрыманняў. Але не. Я зразумела, што памыляюся, калі ўбачыла, як з найбліжэйшых двароў і паркаў пачынаюць цячы ручайкі з людзей, зліваючыся ў раку. Марш зноў адбыўся, - кажа Надзея.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках