Як ЗША кармілі СССР
23- 1.05.2021, 21:10
- 14,504
Калі паглядзець на гісторыю 20-га стагоддзя, то Амерыка як мінімум тры разы значна дапамагала СССР.
Цікавае пытанне - чаму ў пост-савецкіх краінах многія не любяць ЗША? Калі паглядзець на гісторыю 20-га стагоддзя - то ў СССР не было ніякіх узброеных канфліктаў са Штатамі. Наадварот, разам ваявалі як хаўруснікі супраць нацыстаў, а ў галодныя гады і ў часы Другой сусветнай вайны ЗША досыць шмат дапамагалі СССР. Праўда, цяпер пра гэта чамусьці успамінаць не прынята, піша вядомы беларускі блогер Максім Міровіч.
Калі паглядзець на гісторыю XX стагоддзя - то ЗША як мінімум тры разы значна дапамагалі СССР, і ўсе тры разы тычыліся забеспячэння Краіны Саветаў прадуктамі харчавання.
1. Голад у Паволжы.
У 1921-22 гадах у СССР здарыўся страшэнны голад, які закрануў у асноўным Паволжа - голад быў выкліканы няўмелай палітыкай савецкай улады і забраў жыцці блізу 5 мільёнаў чалавек. ЗША, афіцыйна не прызнавалі Савецкую Расею, тым не менш наважылі дапамагчы простым людзям - і адправілі туды дапамогу ў аб'ёме блізу 80 мільёнаў даляраў (калі пералічыць на сучасныя даляры - гэта будуць мільярды). Займалася гэтым гуманітарная місія ARA (American Relief Administration) – агулам адна з самых маштабных гуманітарных місій XX стагоддзя.
На фота ніжэй - грузавік службы ARA ў Паволжы. Улетку 1922 года ежу ў сталовых ARA, а таксама спецыяльныя кукурузныя пайкі атрымлівалі амаль 9 мільёнаў чалавек, а ў канцы лета - ужо больш за 10 мільёнаў. У найбольш актыўныя месяцы ў ARA працавала 300 амерыканскіх грамадзян, а таксама 120 тысяч чалавек, нанятых у савецкіх рэспубліках.

Калі вы вельмі не любіце ЗША, але пры гэтым вашы продкі аднекуль з Паволжа - проста падумайце аб тым, што можа быць менавіта гэтая краіна выратавала вашых бабулю і дзядулю.

2. Другая Сусветная і Ленд-ліз.

Праз два дзесяцігоддзі пасля голаду ў Паволжы здарылася Другая сусветная вайна, у якой ЗША выступілі супраць нацысцкай Нямеччыны - амерыканскі флот, авіяцыя, а таксама дэсантнікі і марпехі бралі актыўны ўдзел у баявых дзеяннях ва ўсім свеце (не даючы Нямеччыне сцягнуць усе войскі на Усходні фронт) але самае галоўнае - ЗША аказвала велізарную матэрыяльную дапамогу СССР, якая вядомая пад назвай ленд-ліз.
Па ленд-лізу СССР атрымаў дапамогу на цэлых 9,4 мільярда даляраў (для сучасных лічбаў множце суму ў некалькі разоў), амаль 40% з якіх складаў вайсковы рыштунак (стралковая зброя, танкі, аўтамабілі і г.д.), а ўсё астатняе - тавары першай неабходнасці і прадукты харчавання. Савецкія салдаты забяспечваліся амерыканскай тушонкай, алеем, шакаладам, яечным парашком і мноствам іншых прадуктаў.
Казаць пра тое, што маўляў «ленд-ліз гэта глупства», маўляў мы і так закідалі б немцаў шапкамі могуць толькі тыя, хто нічога не разумее ні ў вайне, ні ў эканоміцы - велізарная колькасць бітваў была прайграная менавіта таму, што войскам на фронце не хапіла тылавога забеспячэння, у даслоўным сэнсе - не было чаго есці і не было чым запраўляць тэхніку. Так што і тут ЗША вельмі моцна дапамаглі СССР.
А яшчэ часта можна сустрэць каментары, што маўляў ЗША неяк «нажыліся» на СССР, пастаўляючы яму свае тавары. Сябры, паводле ўмоў ленд-ліза аплачваўся толькі той тавар, які не быў выдаткаваны падчас вайны. У выніку СССР аплаціў толькі 7% ад агульнага кошту паставак, ды і то праз гады.

3. Канец СССР і «Ножкі Буша».
У апошнія савецкія гады ў крамах быў страшны дэфіцыт нават самых простых тавараў - у тым ліку і прадуктаў харчавання. ЗША і тут прыйшлі на дапамогу СССР, арганізаваўшы пастаўкі гуманітарнай дапамогі, плюс асабіста Гарбачоў дамовіўся з Джорджам Бушам аб пастаўках у СССР замарожаных курыных кумпячкоў - нават такая простая ежа, як кураціна (якая лічыцца ва ўсім свеце ежай беднякоў і самай даступнай крыніцай жывёльнага бялку), у СССР была страшным дэфіцытам. Дзякуючы «гістарычнаму пагадненню» паміж Міхаілам Сяргеевічам і Джорджам амерыканскія кумпячкі атрымалі неафіцыйную назву «ножкі Буша».

Што цікава, ужо нават пасля адноснай стабілізацыі эканомікі ў ельцынскія гады многія былыя савецкія грамадзяне часта куплялі курыныя кумпячкі. Яны заставаліся адносна танным бялковым прадуктам, які маглі сабе дазволіць нават людзі з нізкім дастаткам. З парачкі «ножак Буша» можна было, напрыклад, зварыць суп на цэлую сям'ю.
Такія справы. Як бачыце - ЗША не раз выручалі СССР у плане прадуктаў харчавання.