Генерал у Лідзе распавёў, што адбылося з самалётам у Баранавічах і чаму лётчыкі катапультаваліся так позна
22- 21.05.2021, 15:12
- 20,148
Пастанову накіраваць самалёт у бок ад жылля экіпаж прыняў супольна.
Падчас цырымоніі развітання з загінулымі лётчыкамі ў Лідзе 21 траўня намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА - начальнік авіяцыі Аляксандр Караў распавёў, што пастанову накіраваць самалёт у бок ад жылля лётчыкі прынялі супольна.
Са слоў Карава, адназначныя высновы аб тым, што адбылося, рабіць рана. Аднак, у агульных рысах сітуацыя выглядае наступным чынам: адмовіла сістэма кіравання, траекторыя палёту зрушылася ў бок горада. Пры гэтым на нейкія імгненні самалёт зноў станавіўся кіраваным, паведамляе БелТА.
- Гэта і дало надзею. Пастанова ў хлопцаў была адназначнай. Адчуваючы, што самалёт у нейкія секунды становіцца кіраваным, яны паспрабавалі накіраваць яго ў бок ад горада, - сказаў Караў.
Ён таксама падкрэсліў, што пастанова дзейнічаць такім чынам была супольнай.
- У гэтым самалёце, калі катапультуецца адзін, то выходзіць ўвесь экіпаж. Нельга зрабіць так, каб адзін лётчык выскачыў, а другі застаўся. Яны зрабілі ўсё, што маглі. У тым, што гэта гераічны ўчынак, няма ніякіх сумневаў. Лётчыкі выканалі свой абавязак да канца, - адзначыў намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА - начальнік авіяцыі.
Ён звярнуў увагу, што экіпаж да самага ўдару ўздзейнічаў на ручку кіравання. Вышыні, каб пакінуць бяспечна самалёт, лётчыкам не выстарчыла.
Нагадаем, напярэдадні Баранавічы развіталіся з загінулымі лётчыкамі. Іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання, з аркестрам і ротай ганаровай варты. Целы 20 траўня даставіў у Ліду спецрэйс Ан-26.
Трагедыя адбылася ва Усходнім мікрараёне, на вуліцы Розы Люксембург, удзень 19 траўня. Падчас катастрофы вайсковага самалёта Лідскай штурмавой авіябазы Як-130, якая здарылася ў Баранавічах, загінулі два лётчыкі - камандзір звяна вучэбна-баявой эскадрыллі 116-й штурмавой авіяцыйнай базы маёр Андрэй Нічыпарчык (1987 года нараджэння) і лейтэнант Мікіта Куканенка (1998 года нараджэння) - лётчык звяна вучэбна-баявы эскадрыллі 116-й штурмавой авіяцыйнай базы. Абодва лётчыкі былі жанатыя, у Андрэя Нічыпарчыка засталося трое дзяцей.